Жывая ніць традыцый. У рамках Года гістарычнай памяці Бераставіцкі Дом рамёстваў праводзіць экскурсіі і майстар-класы

Актуально Год исторической памяти Культура Лента новостей

Сёлета, у Год гістарычнай памяці, варта засяродзіць увагу, у тым ліку, і на традыцыях беларусаў, якімі прасякнуты народная творчасць, рамёствы і промыслы. Чым жылі нашы продкі? Як апраналіся? Якія рэчы ўжывалі ў побыце? Як адзначалі святы і адпачывалі? Пра гэта і многае іншае можна даведацца падчас экскурсіі па экспазіцыі Бераставіцага Дома рамёстваў, якую прапануюць яго супрацоўнікі ўсім жадаючым.

Такой магчымасцю скарысталіся ў калектыве КСУП “Пархімаўцы”. На днях яго работнікі, большасць з якіх дзяўчаты-маладыя спецыялісты, наведалі Дом рамёстваў, каб пазнаёміцца з традыцыямі Бераставіччыны, дакрануцца да вытокаў народнага мастацтва той мясцовасці, дзе ім сёння даводзіцца жыць і  працаваць.

Загадчык аддзела рамёстваў і традыцыйнай культуры Бераставіцкага раённага цэнтра культуры і народнай творчасці Тамара Касьян расказала гасцям аб асноўных напрамках работы па захаванню і развіццю даўніх рамёстваў. У прыватнасці, гаворка ішла пра ткацтва, якое колісь было шырока распаўсюджана, а сёння засталіся толькі асобныя ўзоры ткацтва  – дываны, посцілкі, ручнікі ад нашых бабуль і прабабуль. Найбольш поўныя калекцыі тканых вырабаў захаваліся ў майстрых з вёскі Плябанаўцы Марыі Кажанеўскай і Алены Барцэвіч. Гэтым жанчынам, дарэчы, прысвоены званні “народных майстроў”, а іх імёны ўвайшлі ў склад новага друкаванага выдання «Народныя майстры Беларусі». Частку сваіх работ жанчыны перадалі для экспазіцыі Дома рамёстваў.

Удзельнікі экскурсіі з цікавасцю даведаліся пра асаблівасці бераставіцкага строю. Некалькі гадоў таму была праведзена вялікая работа па аднаўленні жаночага і мужчынскага касцюмаў, і сёння ў Доме рамёстваў можна пазнаёміцца з тагачаснай сялянскай святочнай вопраткай, характэрнай для нашага рэгіёну.

Экскурсантам былі прадстаўлены і сучасныя вырабы саломапляцення, керамікі, вышыўкі, якія ствараюць сёння работнікі Дома рамёстваў і гурткоўцы. Дарэчы, госці і самі далучыліся да творчасці. Напрыканцы экскурсіі быў праведзены майстар-клас па вырабу саламяных птушачак-вяснянак – сімвалаў вясны і новага жыцця.

Саломка не адразу паддалася дзяўчатам, аднак з дапамогай работнікаў Дома рамёстваў творчы працэс пачаў спорыцца, і вось ужо “паляцелі” саламяныя птушачкі, упрыгожаныя рознакаляровымі ніткамі. Уласнаручна створаныя вырабы стануць выдатным сувенірам на памяць аб наведванні экспазіцыі і майстар-класа ў Год гістарычнай памяці.

Святлана Ганчарова, фота аўтара



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *