V абласны злёт аператараў машыннага даення прайшоў на Бераставіччыне

Лента новостей

Старшыня камітэта па сельскай гаспадарцы і харчаванні Гродзенскага аблвыканкама Уладзіслаў Рук з аператарамі машыннага даення Аленай Ханько, Галінай Лагута, Тамарай Пракапеня і Вольгай Мінінай

Местам чарговага традыцыйнага пятага злёту аператараў машыннага даення, які адбыўся ў г. п. В.Бераставіца 16 сакавіка, наш раён быў выбраны не выпадкова. На адну карову ў нас у мінулым годзе прададзена найбольш малака па вобласці, а 86% дойнага статку ўтрымліваецца па новых тэхналогіях (для параўнання – абласны такі паказчык 44%). Па леташняй рэалізацыі “белага золата” Бераставіцкі раён абагнаў традыцыйна моцны Гродзенскі і стаў сапраўдным лідарам. А ў 2013 годзе Гродзеншчына ўвогуле плануе пераўзысці мільённы рубеж – валавая вытворчасць малака павінна перавысіць мільён тон. Гэта важны ўклад ў харчовую бяспеку і ўмацаванне такога патрэбнага ўсім нам экспарту краіны. Рэспубліка не толькі забяспечвае сябе, але і высакаякаснай малочнай прадукцыяй паспяхова “заваёўвае” іншыя кантыненты. Трывалы попыт на яе расце з кожным годам. У Беларусі няма багатых прыродных выкапняў, але ў нас cтаранныя працавітыя людзі. Перадавыя аператары, якія дабіліся лепшых паказчыкаў, валодаюць сапраўдным майстэрствам, з душой аддаюць сябе выбранай справе. Яны высокакваліфікаваныя прадстаўнікі такой неабходнай і важнай вясковай прафесіі. Пры гэтым нашы сяльчанкі ўмеюць заставацца прыгожымі і абаяльнымі, быць добрымі мамамі і выдатнымі гаспадынямі. Імідж аператара машыннага даення ў краіне з кожным годам расце. У залежнасці ад выніковасці працы значна ўзрастаюць і іх заробкі.
Працаваць сучасным даяркам ужо не так цяжка, як раней. На Гродзеншчыне праводзіцца мэтанакіраваная работа па тэхнічнай мадэрнізацыі малочнай галіны і паляпшэнні ўмоў працы жывёлаводаў. На новыя комплексы прыйшлі рэсурсазберагальныя тэхналогіі і еўрапейская культура вытворчасці. Зараз па прагрэсіўных тэхналогіях у вобласці эксплуатуюцца 160 малочнатаварных комплексаў, дзе ўтрымліваецца 84 тысячы кароў.
Стратэгія далейшага развіцця прадугледжвае канцэнтрацыю вытворчасці на сучасных аб’ектах і будаўніцтва яшчэ 145 новых, а таксама рэканструкцыю 108 дзеючых ферм. У полі зроку – эфектыўнасць малочнай галіны.

Аператары з РУСП “Масаляны” Валянціна Дзячок і Марыя Садаўнічая.

Галоўная задача на будучае – прымнажэнне поспехаў. А ганарыцца ёсць чым. Па выніках мінулага года больш за 150 аператараў машыннага даення пераўзышлі 7 – тысячны рубеж па надоях. Самыя шчырыя словы ўдзячнасці і павагі прагучалі на свяце ў адрас рэкардсменаў – аператараў машыннага даення Галіны Лагута і Алены Ханько з Карэліцкага раёна, якія надаілі ў 2011 годзе ў сярэднім ад кожнай каровы па 10968 і 10905 кілаграмаў малака, Вольгі Мінінай і Тамары Пракапеня з Гродзенскага (9361 кілаграм), а таксама Валянціны Дзячок з РУСП “Масаляны” і Алены Гіжук з СВК “Алекшыцы” Бераставіцкага раёна (8002 і 7926 кілаграмаў). “Планку” лепшых сярод нашых зямлячак узялі таксама Марыя Садаўнічая (7923 кілаграмы), Маргарыта Салыга, Таццяна Пячко, Ганна Дзямбіцкая, Валянціна Токарава, Марыя Сіцько (па 7900 кілаграмаў) з РУСП “Масаляны”. Падтрымалі гонар свайго СВК імя Варанецкага Жанна Цыганоўкіна і Крысціна Іядкоўская (7841 кілаграм). Такія жанчыны – выдатны прыклад іншым.
А лепшыя каровы-рэкардсменкі вобласці –Артэміда, Кветачка і Дуру– даюць у сярэднім па 45 кілаграмаў малака ў суткі. Гэта сапраўды еўрапейскія надоі. І дасягнуць іх можна толькі клапатлівымі і добрымі адносінамі да жывёлы і строгім захаваннем сучасных тэхналогій.
Нізкі паклон вам, сяльчанкі! Моцнага здароўя і новых поспехаў!
Ніна Наддэ, фота аўтара



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *