Тыдзень фізікі ў Канюхоўскім яслях-садзе – сярэдняй школе

Лента новостей Образование

Кожнаму настаўніку знаёмая такая сітуацыя: у пачатку вывучэння школьнага курсу фізікі ў вучня гараць вочы, але з кожнай новай формулай і новым законам гэты бляск становіцца ўсё больш слабейшым. Многія навучэнцы становяцца інтэлектуальна пасіўнымі, складанасці ў вывучэнні прадмета ў іх выклікаюць эмацыйнае непрыманне. Вучняў засмучаюць іх памылкі, вельмі часта не хапае цярпення разабраць складаную задачу. А між тым дзеці XXI стагоддзя актыўна карыстаюцца сучаснай тэхнікай і гаджэтамі і зусім не задумваюцца, што іх стварэнне і ўдасканаленне пачынаецца са школьнай праграмы.

Як вярнуць цікавасць да фізікі – вельмі цікавага, але складанага прадмета? Адным з найбольш дзейсных спосабаў з’яўляецца правядзенне прадметных тыдняў. У пазакласным мерапрыемстве кожнае дзіця можа паспрабаваць свае сілы ў розных відах дзейнасці: прапаноўваць і рэалізоўваць свае ідэі па плане правядзення мерапрыемстваў, падбіраць матэрыял да выпуску газеты, прыдумляць і разгадваць свае і ўжо існуючыя задачы, крыжаванкі і рэбусы, прымаць удзел у агульнашкольных мерапрыемствах.

З мэтай фарміравання станоўчай пазнавальнай матывацыі і развіцця здольнасцяў і інтэлекту навучэнцаўў нашай навучальнай установе прайшоў тыдзень фізікі. Мерапрыемствы, якія ладзіліся ў час прадметнага тыдня, Арышчанка Ларыса Анатольеўна, настаўнік фізікі, і яе памочнікі, вучні XI класа, стараліся зрабіць яркімі і запамінальнымі.

Адной з новых традыцый школы мы лічым далучэнне да ўдзелу ў тыдні навучэнцаў пачатковых класаў. Самы галоўны вынік ў правядзенні такога мерапрыемства – матывацыя пачаткоўцаў на ўдзел у даследчай дзейнасці. Як правіла, у большасці слухачоў з’яўляецца жаданне стаць непасрэдным удзельнікам школьных навукова-практычных канферэнцый. Так, Палубятка Ганна, Лігер Софꞌя і Пяцельчыц Сняжана, вучаніцы III класа, 28 красавіка 2021 года прынялі ўдзел у XII раённай навукова-практычнай канферэнцыі даследчых работ навучэнцаў “Імкненне.Адкрыццё. Поспех”. Яны паспяхова прадставілі даследчую работу “ Кап-кап, тук-тук. Дождик капает вокруг” і занялі III месца.

Сёлета для малодшых школьнікаў падарожжа па займальнай фізіцы пачалося з прагляду пазнавальных мультыплікацыйных фільмаў «Электрычны ток» і «Сотавая сувязь». У аўторак старшакласнікі прадэманстравалі ім прэзентацыю ”Фізіка – навука аб прыродзе».

Арганізацыя даследчай дзейнасці вучняў, развіццё даследчых навыкаў, далучэнне навучэнцаў да навуковай і даследчай працы з’яўляецца адным з найважнейшых напрамкаў адукацыі ў нашай установе. Падчас прадметнага тыдня вучні маюць магчымасць зрабіць нешта цікавае індывідуальна ці ў групе, паспрабаваць свае сілы, выступіць публічна з цікавымі даследчымі працамі на навукова-практычнай канферэнцыі.Так, адзінаццацікласнік Ягор Болбат прадэманстраваў свае адкрыцціў сваёй даследчай рабоце “Вялікія магчымасці маленькага дынаміка”. Асабліва зацікавіў прысутных дынімік, створаны Ягорам са звычайнай бабіны і паветранага шара, на практыцы. Дзеці змаглі назіраць сапраўднае лазернае шоу. Вучань ужо не першы год зꞌяўляецца пераможцай абласнога конкурсу даследчых работ навучэнцаў па фізіцы “Хрустальная альфа”, раённай навукова-практычнай канферэнцыі «Імкненне. Адкрыццё. Поспех”.

Адным з любімых мерапрыемстваў тыдня фізікі сталі «заняткі» ў «Вясёлай лабараторыі». Навучэнцы не толькі назіралі за правядзеннем доследаў, але і самі прымалі ўдзел пры дэманстрацыі электрастатычных і аптычных з’яў.

Жадаючых паглядзець, як празрыстая лінейка, змешчаная паміж вадкакрысталічным экранам ноўтбука і акулярамі-палароідамі, набывае вясёлкавую афарбоўку, было многа.Тыя, каму цікава было вырашыць задачу Калумба аб тым, як заставіць круціцца цела эліпсоіднай формы, таксама змаглі удзельнічаць у эксперыменце.

Веды, атрыманыя на ўроках, эрудыцыя і логіка спатрэбіліся вучням падчас правядзення гульняў: «Фізічныя велічыні ў рэбусах», «Фізікі-навукоўцы”, «Хто хоча стаць выдатнікам», якія праводзіліся ў розных класах на працягу тыдня.

Тыдзень фізікі прайшоў цікава. Навучэнцы самастойна працавалі з рознымі крыніцамі інфармацыі, праяўлялі арганізатарскія здольнасці і вучыліся працаваць у камандзе, дзе агульны поспех залежыць ад удзелу і ўкладу кожнага. І хай не ўсе з удзельнікаў звяжуць сваю прафесійную будучыню з фізікай, але навыкі пазнавальнай, навукова-даследчай і праектнай дзейнасці ім спатрэбяцца ў вывучэнні тых прадметаў, якія ім будуць патрэбны ў будучым прафесійным самавызначэнні.

Марыя Коўшык, настаўнік рускай мовы і літаратуры Канюхоўскага ясляў-сада – сярэдняй школы



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *