Творчасць майстроў Бераставіцкага Дома рамёстваў – наш культурны здабытак

Актуально Культура Лента новостей Общество

Калектыў аддзела рамёстваў і традыцыйнай культуры Бераставіцкага раённага цэнтра культуры і народнай творчасці ўяўляе сабою сплаў вопыту і маладосці. Мясцовыя прыхільнікі дэкаратыўна-прыкладной творчасці ад такога спалучэння толькі выйграюць: калекцыя вырабаў Бераставіцкага Дома рамёстваў прадстаўляе самыя розныя тэхнікі і кірункі – ад старадаўніх да сучасных, мае свой почырк і вядомая далёка па-за межамі раёна.

Вядомая, перш за ўсё, саламянымі творамі загадчыка аддзела рамёстваў і традыцыйнай культуры Тамары Касьян. Аўтарская інтэрпрэтацыя, арыгінальнасць сюжэтных кампазіцый, канструктыўныя асаблівасці саламяных твораў Тамары Мікалаеўны надаюць яе практыцы саломапляцення ўнікальнасць і адметнасць.

Мастацкія прыёмы апрацоўкі саломкі збожжавых раслін увогуле з’яўляюцца адметнай рысай Беларусі са старажытных часоў  і да сённяшняга дня. Сучасныя беларускія вырабы з саломкі маюць свой асаблівы стыль, які выяўляецца ў агульна прынятай назве як для асобных вырабаў, так і для характарыстыкі мастацкай з’явы – “беларуская саломка”. “Беларуская саломка” набыла значэнне нацыянальнага брэнду, яна вядомая сваёй высокай якасцю вырабаў і ўнікальнасцю творчых здольнасцей майстроў. Нездарма згодна з пастановай Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь №15 ад 20 лютага 2020 года беларускія мастацкія практыкі саломапляцення як адметная праява нематэрыяльнай культурнай спадчыны ўключаны ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь. А Тамара Мікалаеўна адзначана як носьбіт гэтай традыцыі ў ліку  лепшых майстроў саломапляцення вобласці і краіны. Для Бераставіччыны гэты факт, безумоўна, з’яўляецца падставай для гонару. Цікава, што ў сакавіку гэтага года дакументы намінацыі “Саломапляценне Беларусі: мастацтва, рамяство і ўменні” накіраваны ў ЮНЕСКА з прапановай аб уключэнні беларускага мастацтва саломапляцення ў рэпрэзентатыўны спіс нематэрыяльнай культурнай спадчыны чалавецтва. Выніковае рашэнне стане вядомым у канцы 2022 года.

У калектыве аддзела рамёстваў і традыцыйнай культуры можна назіраць і сямейную пераемнасць у прафесіі. Дачка Тамары Мікалаеўны Анастасія тры гады працуе ў Доме рамёстваў метадыстам, з’яўляецца майстрам вышыўкі, працуе з тэкстылем, прыродным матэрыялам, вяжа кручком, стварае кветкавыя кампазіцыі з моднага сёння матэрыялу фоамірана, засвойвае іншыя сучасныя тэхнікі. Калегі жартуюць, што ў калектыве цяпер ёсць свой псіхолаг, таму што Анастасія атрымала вышэйшую адукацыю па гэтай спецыяльнасці і працавала педагогам-псіхолагам у Вялікабераставіцкай СШ.  Як амаль усе дзеці работнікаў культуры, Анастасія з дзяцінства сябруе з творчасцю.

Школьніцай яна любіла маляваць, плесці фенечкі, працаваць з папулярным тады бісерам. Пазней, на мясцовых выставах можна было пабачыць яе прыгожыя тапіарыі, ці дрэвы шчасця, створаныя з самых розных матэрыялаў. Сёння  вышываныя, вязаныя і шматлікія іншыя вырабы-сувеніры Анастасіі ў традыцыйным і сучасным стылях упрыгожваюць экспазіцыю Дома рамёстваў.

Як і керамічныя творы майстра аддзела рамёстваў і традыцыйнай культуры Алены Дзянішчык. Яна працуе ў Доме рамёстваў каля пяці гадоў. А з тэхналогіяй гліняных вырабаў пазнаёмілася падчас вучобы ў Гродзенскім педкаледжы. Творчасць перамагла выхаваўчую работу ў дзіцячым садку, і сёння мы ведаем Алену як майстра вытанчаных керамічных вырабаў, дэкупажу, а таксама адметнага аквагрыму, які стаў запатрабаваным у юных бераставічан.

У Доме рамёстваў працуюць гурткі па кераміцы і дэкаратыўна-прыкладному мастацтву, аказваюцца паслугі па арганізацыі майстар-класаў для дарослых і дзяцей, ладзяцца экскурсіі па традыцыйных рамёствах і прадметах побыту нашых продкаў, у прыватнасці, тут можна пазнаёміцца з адноўленым бераставіцкім жаночым і мужчынскім строем.

Майстры Дома рамёстваў ладзяць выязныя выставы-кірмашы, іх вырабы знаходзяць прыхільнікаў і адзначаюцца дыпломамі на фестывалях і выстаўках-конкурсах дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва самага рознага ўзроўню.

Творчасць майстроў Бераста-віцкага Дома рамёстваў – наш унікальны культурны здабытак, якім мы можам ганарыцца.

Святлана Ганчарова, фота аўтара



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *