“Сімвал жыцця”. На абласных дажынках у Вялікай Бераставіцы кожны раён Гродзеншчыны прадставіў свой каравай і сноп

Актуально Дажынкі Лента новостей Сельское хозяйство

Вялікая Бераставіца сёння ператварылася ў маштабную маляўнічую лакацыю з нацыянальным каларытам. Выстава-конкурс караваяў і снапоў “Сімвал жыцця” заняла пачэснае месца каля Дрэва жыцця на плошчы Ратушнай. Кожны раён Гродзеншчыны падышоў да афармлення сваіх конкурсных работ крэатыўна. Багаты палёт фантазіі і арыгінальную творчую задумку прадэманстравалі ўсе ўдзельнікі.

Караваі і снапы – гэта асобная традыцыйная старонка абласнога фестывалю-кірмашу. Кожны раз стваральнікі гэтых шэдэўраў кулінарыі і дэкаратыўнага мастацтва здзіўляюць гасцей свята. А сёлета, здаецца,  пераўзышлі саміх сабе.    

Вытанчаныя, далікатныя, з масай дэталяў, якія можна разглядаць бясконца, – конкурсныя работы ўражваюць падачай, арыгінальнасцю і высокім узроўнем выканання. Майстры пастараліся на славу!

Пры вызначэнні пераможцаў выставы-конкурсу мы звяртаем ўвагу на складанасць работ, эстэтычнасць, унікальнасць мастацкага дызайну, якасць выканання, крэатыўны падыход аўтараў, – адзначаюць члены журы. – І, галоўнае, наколькі ў прадстаўленых творах адлюстравана тэма конкурсу – “Сімвал жыцця”. Выбраць у якасці пераможцы толькі адзін каравай і адзін сноп вельмі складана. Усе работы выкананы з густам і крэатывам, заслугоўваюць самай высокай адзнакі.

Гербы гарадоў, нацыянальныя арнаменты, кветкі, калоссе з самых розных сельгаскультур, жніўная сімволіка, птушкі-буслы – чаго толькі не ўбачыш, разглядаючы караваі і снапы! Прыгожыя і багатыя, яны цудоўна перадаюць усе дасягненні  і здабыткі нашай вобласці.

Бераставіцкі раён таксама прадставіў свае каравай і сноп, вырабленыя таленавітымі пекарамі і майстрамі бераставіцкай зямлі.

Выстава-конкурс караваяў і снапоў стала выдатнай фотазонай для гасцей свята. Людзі з задавальненнем фатаграфавалі творы майстроў-віртуозаў Прынёманскага краю і рабілі сэлфі.

Святлана Ганчарова, фота аўтара



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *