“Подзвігу народа жыць у стагоддзях”. Урачысты мітынг да Дня Незалежнасці Рэспублікі Беларусь адбыўся ў Вялікай Бераставіцы (+ відэа)

Актуально День Независимости Лента новостей Общество

Святочныя мерапрыемствы да Дня Незалежнасці Рэспублікі Беларусь пачаліся ў Вялікай Бераставіцы раніцай 3 ліпеня з урачыстага мітынгу ля Мемарыяла Славы на Ратушнай плошчы. Удзел у  ім прынялі  прадстаўнікі раённай улады, працоўных калектываў і грамадскіх арганізацый, а таксама моладзь і жыхары гарадскога пасёлка.

Ганаровае права падняць Дзяржаўны сцяг Рэспублікі Беларусь было прадастаўлена лепшым па прафесіі па выніках працы ў 2021 годзе – Таццяне Кулік, настаўніку Бераставіцкай дзіцячай школы мастацтваў, і Аляксандру Садаўнічаму, камандзіру аддзялення пажарнай аварыйна-выратавальнай часці Бераставіцкага раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях.

Са словамі віншаванняў да ўдзельнікаў мітынгу звярнуўся старшыня Бераставіцкага райвыканкама Антон Кулісевіч.

—   Дзень Незалежнасці – свята, дарагое кожнаму беларусу, яно з’яўляецца сімвалам адзінства грамадства, міру і стабільнасці, пераемнасці пакаленняў і павагі традыцый, злучае слаўную гераічную гісторыю і сучасныя здзяйсненні,  — адзначыў Антон Станіслававіч. —   Святкуючы Дзень Незалежнасці, мы аддаём даніну памяці загінулым воінам і выказваем шчырую падзяку ўсім ветэранам за іх вялікі подзвіг. Не меншы гераізм праявіла і пасляваеннае пакаленне людзей, якое аднавіла краіну з попелу і заклала аснову яе развіцця. Беларускі народ даказаў, што ваенны подзвіг і працоўны гераізм з’яляюцца асноўнай рысай нацыянальнага характару.

Антон Станіслававіч выказаў шчырыя словы падзякі ўсім працаўнікам Бераставіччыны за адданае стаўленне да працы, за штодзённы клопат аб нашым камфорце, дзякуючы чаму Бераставіцкі раён развіваецца і з кожным годам становіцца прыгажэйшым.

Ад імя раённага выканаўчага камітэта і раённага Савета дэпутатаў Антон Кулісевіч пажадаў землякам шчасця, здароўя і дабрабыту, мірнага неба над галавой, светлай будучыні і росквіту нашай любімай Беларусі.   

У памяць аб тых, хто змагаўся за нашу незалежнасць і мірнае жыццё прагрымелі залпы святочнага салюта, удзельнікі мітынгу хвілінай маўчання ўшанавалі загінуўшых у час Вялікай Айчыннай вайны і   ўсклалі жывыя кветкі да помніка Воіну-вызваліцелю і Вечнага агню.

Ад імя моладзі раёна выступіла Алеся Унуковіч, вучаніца Вялікабераставіцкай сярэдняй школы, старшыня Моладзевага парламенту ўстаноў адукацыі Бераставіцкага раёна, якая выказала падзяку дзедам і прадзедам, хто коштам свайго жыцця здабываў Перамогу і мірнае неба для ўсіх нас.

-Мы многім абавязаны мінуламу пакаленню, а ўрокі Вялікай Айчыннай вайны заклікаюць усіх да адзінства, бо наш свет па-ранейшаму вельмі крохкі. Ад нас, моладзі, залежыць, якой будзе будучыня нашай краіны, і мы абяцаем, што будзем захоўваць мір на нашай зямлі, вучобай і працай праслаўляць Беларусь,  — адзначыла дзяўчына.

Па добрай традыцыі ў Дзень Незалежнасці Рэспублікі Беларусь на Бераставіччыне адбываецца ўшанаванне   лепшых працоўных калектываў і працаўнікоў раёна.

За высокія дасягненні і асабісты ўклад у развіццё сельскагаспадарчай галіны Бераставіцкага раёна пасведчанне і нагрудны знак “Ганаровы грамадзянін Бераставіцкага раёна” на ўрачыстым мітынгу былі ўручаны Валянціне Сяледчык, аграному КСУП “Малабераставіцкі элітгас”.  

Старшыня райвыканкама Антон Кулісевіч уручыў  таксама сертыфікаты працоўным калектывам і лепшым па прафесіі людзям, якія занесены на Дошку гонару Бераставіцкага раёна па выніках 2021 года.

Завяршыла мітынг музычна-тэатралізаваная кампазіцыя “Мы – беларусы!”, сімвалізуючая еднасць беларускага народа.

Ірына МІКЛАШ, фота аўтара

Відэа Віктара Фрыдэля



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *