У Год народнага адзінства Беларусь адзначае 130-гадовы юбілей Максіма Багдановіча – вялікага паэта, які звязвае мінулае, сучаснасць і будучыню, паэта з высокім ідэйна-мастацкім узроўнем твораў, іх жанравай і тэматычнай разнастайнасцю. Вершы Багдановіча, поўныя шчырых і хвалюючых пачуццяў, адзначаны тонкім псіхалагізмам, музычнасцю, эмацыянальнасцю. Творчая спадчына паэта стала каштоўным набыткам беларускай і сусветнай духоўнай культуры, нягледзячы на тое, што ён пражыў усяго 25 год. У 1991 годзе імя Максіма Багдановіча было ўнесена ў каляндарны спіс ЮНЕСКА «Гадавіны выдатных асоб і падзей».
Роля і значэнне Максіма Багдановіча ў развіцці беларускай вытанчанай славеснасці, у нацыянальным і духоўным адраджэнні беларусаў высока ацэнены нашчадкамі. Паэзія Максіма Багдановіча ўвайшла ў духоўную скарбніцу беларускага народа. Шматлікія творы паэта пакладзены на музыку беларускімі кампазітарамі. Некаторыя з іх – “Зорка Венера” і “Слуцкія ткачыхi” – сталі, па сутнасці, народнымі песнямі.
“Вянок” – адзіны прыжыццёвы зборнік вершаў Максіма Багдановіча, выдадзены ў 1914 годзе, у гісторыі нацыянальнай паэзіі стаў адным з лепшых узораў паэтычнага майстэрства.
Акрамя таго, Максім Багдановіч з’яўляецца адным з пачынальнікаў гісторыі беларускай літаратуры. Ён аўтар “Кароткай гісторыі беларускага пісьменства да XVI стагоддзя”, “Новы перыяд у гісторыі беларускай літаратуры”.
Сувязь
з Гродзеншчынай
16 мая 1986 года ў Гродне быў адчынены Музей Максіма Багдановіча, заснаваны як літаратурны аддзел Гродзенскага дзяржаўнага гісторыка-археалагічнага музея ў доме, дзе жыла сям’я Багдановічаў па вуліцы 1 Мая, 10.
У Гродне сям’я Багдановічаў пражыла чатыры гады, тут прайшло ранняе дзяцінства паэта. Праз восем месяцаў пасля нараджэння Максіма бацькі пераехалі сюды з Мінска.
Сярод самых каштоўных экспанатаў гродзенскага музея два сапраўдныя зборнікі вершаў “Вянок”. Тут жа захоўваюцца метрыкі брата Льва і сястры Ніны, якіх хрысцілі ў Гродне.
І ўсё ж з гэтым горадам сям’ю Багдановічаў звязвае трагічная гісторыя. На працягу шасці гадоў маці паэта Марыя Апанасаўна Багдановіч нарадзіла чацвярых дзяцей – Вадзіма, Максіма, Льва і Ніну. Саслабленая частымі родамі, жанчына захварэла на хуткацечную форму туберкулёзу і ў кастрычніку 1896 года памерла ва ўзросце 27 гадоў. Пахавана яна на могілках у Гродне па вуліцы Антонава. Была асобай тонкай, паэтычнай, пісала апавяданні. Марыя Апанасаўна памерла, калі Максім быў зусім маленькім, але выява маці натхняла яго ўсё жыццё, уяўлялася ідэалам жанчыны.
Творчасць
І мусіць, усё сваё хай неймаверна кароткае, але надзвычай яркае жыццё Максім і пражыў бы ў Беларусі, на роднай зямлі, калі б не смерць маці. Бацьку перавялі ў Ніжні Ноўгарад. Сяброўскія і сваяцкія адносіны з Максімам Горкім, багатая культурная спадчына Ніжняга Ноўгарада садзейнічалі фарміраванню поглядаў і густаў Максіма Багдановіча, абуджэнню ў ім імкнення да мастацкай творчасці. Прыблізна ў 10-11 гадоў будучы паэт паспрабаваў пісаць на беларускай мове, якой авалодаў самастойна, чытаючы беларускія кнігі з бацькоўскай бібліятэкі.
Творчая дзейнасць Максіма Багдановіча пачалася ў няпоўных 16 год. Тады, у 1907 годзе, віленская газета “Наша ніва” апублікавала яго першы твор “Музыка”. Гэта было кароткае апавяданне, у якім аўтар выказваў свой погляд на мастацтва. У 1908 годзе ў той жа газеце былі апублікаваны і яго першыя вершы “Прыйдзе вясна”, “Над магілай”.
У сувязі з пераводам бацькі на новае месца працы ў чэрвені 1908 года сям’я Багдановічаў пераехала ў Яраслаўль. Максіма перавялі ў шосты клас яраслаўскай гімназіі. Прыблізна з вясны 1909 года ў юнака пачаў развівацца туберкулёзны працэс. У тым жа годзе Адам Ягоравіч адвёз сына на лячэнне ў Крым. Увогуле, над сям’ёй Багдановічаў як жахлівы дамоклаў меч вісела невылечная на той час хвароба – туберкулёз. Спачатку яна забрала маці, за ёю – сястрычку Ніну. У 19 гадоў памёр брат Вадзім. Нягледзячы на хваробу, гады вучобы ў гімназіі былі плённымі ў творчасці Максіма Багдановіча. Газета “Наша Ніва” перыядычна друкавала яго вершы, у яраслаўскай газеце “Голас” публікаваліся нататкі, рэцэнзіі, фельетоны, крытычныя артыкулы.
У 1911 годзе Максім Багдановіч скончыў гімназію і наведаў Вільню. Тут ён пазнаёміўся з братамі Іванам і Антонам Луцкевічамі, Вацлавам Ластоўскім, Браніславам Эпімах-Шыпілай. Па прапанове Луцкевічаў паэт некаторы час гасцяваў у фальварку іх сваяка Ракуцёўшчына непадалёк ад Маладзечна, дзе працаваў над цыкламі вершаў “Старая Беларусь”, “Места”, напісаў вершы, якія склалі цыклы “Згукі Бацькаўшчыны”, “Старая спадчына”, а таксама стварыў вершаваныя апавяданні “У вёсцы”, “Вераніка”. Увосень таго ж года Максім Багдановіч у Яраслаўлі паступіў у Дзямідаўскі юрыдычны ліцэй.
У 1913 годзе выходзіць прыжыццёвае выданне твораў Максіма Багдановіча “Вянок”. У 1914 годзе паэта прымаюць у паўнапраўныя члены Усерасійскага таварыства дзеячаў перыядычнага друку і літаратуры. Аднак цяжкая хвароба ўсё часцей прыпыняе творчую працу. Пераадольваючы яе жорсткія праявы, паэт піша паэму “Максім і Магдалена”, цыкл “На ціхім Дунаі” і іншыя творы.
У кастрычніку 1916 года, скончыўшы юрыдычны ліцэй, Максім Багдановіч пераехаў у Мінск, дзе ўладкаваўся на працу ў губернскі харчовы камітэт. Тут у 1915 годзе быў арганізаваны Камітэт дапамогі ахвярам вайны, дзе Багдановіч працаваў разам з беларускай пісьменніцай Людвікай Войцік, вядомай пад літаратурным псеўданімам Зоська Верас. Працы паэт аддаваў шмат сіл і часу, а вечарамі садзіўся пісаць.
У Максіма Багдановіча было шмат планаў, але ўвасобіць гэтыя намеры ў жыццё ён не змог. Лячэнне не дапамагло паэту, і 25 мая 1917 года ў дваццаціпяцігадовым узросце Максім Багдановіч памёр. Пахавалі яго на гарадскіх могілках у Ялце. Сярод папер, знойдзеных пасля смерці паэта, была кніга з кароткім вершам, які беларускі класік напісаў перад самай смерцю. У ім ён сказаў, што не самотны ў смяротную гадзіну, у яго ёсць кніга вершаў. Гэта перадсмяротнае прызнанне ўнікальнае ў сваім родзе.
Творы беларускага паэта перакладзены на два дзясяткі моў свету і публікаваліся ў Вялікабрытаніі, Германіі, Расіі, Францыі, Югаславіі і іншых краінах.
Памяць
У Мінску ў Траецкім прадмесці 23 ліпеня 1981 года быў заснаваны адзін з найпрыгажэйшых музеяў беларускай сталіцы – літаратурны музей Максіма Багдановіча. Акрамя таго, кожнае лета ў вёсцы Ракуцёўшчына, дзе размешчаны філіял музея, праходзіць свята паэзіі “Ракуцёўскае лета”, прысвечанае памяці паэта.
Імя Максіма Багдановіча носіць і Дом-музей у Яраслаўлі, створаны ў 1991 годзе ў выніку рэалізацыі расійска-беларускага праекта.
Раённыя
мерапрыемствы
У Бераставіцкай райбібліятэцы імя В. М. Кавалеўскага і яе філіялах у аграгарадках да 130-годдзя з дня нараджэння Максіма Багдановіча арганізаваны выставы твораў паэта і аб паэце. Акрамя таго, раённая бібліятэка запрашае 8 снежня на літаратурна-паэтычнае чытанне-ўспамін «Я разгадаў прыроды роднай словы» і 9 снежня – паэтычную гасцёўню «Паэтычны вянок Максіма Багдановіча».
У Кватарскай інтэграванай сельскай бібліятэцы 9 снежня будзе працаваць літаратурная гасцёўня «Нязгаснаю зоркай ты ў небе Радзімы”. А ў Масалянскай інтэграванай сельскай бібліятэцы 11 снежня пройдзе гадзіна літаратурнага партрэта «Нязгасная зорка на беларускім небасхіле».
Да друку падрыхтавала Святлана Ганчарова