На шляху да духоўнасці і патрыятызму

Год народного единства Лента новостей Образование

З гэтага года ў школах Беларусі ўведзены факультатыў “Асновы духоўна-маральнай культуры і патрыятызму”. Патрэба ва ўвядзенні факультатыва падобнага зместу ўзнікла даўно: уся двухтысячагадовая культура і гісторыя еўрапейскай цывілізацыі заснавана на пастулатах хрысціянства. Яно аказала рашаючы ўплыў на развіццё архітэктуры, жывапісу, скульптуры, музыкі, літаратуры, тэатра, а таксама шматвяковых традыцый і абрадаў шматлікіх народаў. Таму не зусім правільна знаёміць школьнікаў з высокімі дасягненнямі мастацтва, не пазнаёміўшы іх з крыніцай натхнення мастакоў – Бібліяй. Названы курс і закліканы дапамагчы вывучыць духоўна-маральную і культурную спадчыну хрысціянства, а таксама пазнаёміць з яго роляй у развіцці беларускай дзяржаўнасці. Усё разам гэта спрыяе патрыятычнаму выхаванню маладога пакалення грамадзян краіны, імкненню кіравацца ў сваім жыцці маральнымі нормамі, рабіць дабро, удасканальваць навакольнае жыццё ў адпаведнасці з ідэаламі хрысціянства. Разам з тым названы курс садзейнічае фарміраванню пазітыўных адносін да жыцця і прафілактыцы негатыўных праяўленняў і залежнасцей.

У Алекшыцкай СШ факультатыў “Асновы духоўна-маральнай культуры і патрыятызму” вядзецца ў  5 класе. Па заявах бацькоў яго павінны наведваць 4 вучні, але кожны раз на заняткі факультатыва прыходзіць больш дзяцей, прычым заняткі аднолькава ахвотна наведваюць як дзеці з праваслаўных,так і каталіцкіх сем’яў. Цікаўныя пяцікласнікі просяцца наведаць заняткі факультатыва, дзе няма адстаючых, дзе ў добразычлівай атмасферы абмяркоўваюцца вечныя пытанні: навошта мы жывём? якога чалавека можна лічыць добрым? што такое дружба, любоў і каханне? як жыць у згодзе з іншымі людзьмі? як стаць шчаслівым? што значыць быць патрыётам?

З практыкі правядзення першых заняткаў заўважана, што школьнікі валодаюць пэўнай сумай ведаў пра біблейскую гісторыю ад бацькоў, бабуль, з заняткаў царкоўнай школы. Праграма факультатыва дазваляе абагульніць і сістэматызаваць гэтыя ўрыўкавыя  веды. Заняткі факультатыва дазваляюць не толькі знаёміць вучняў з хрысціянскімі прытчамі, апавяданнямі з Бібліі, мудрымі выказваннямі, урыўкамі з літаратурных твораў, з традыцыйнымі каштоўнасцямі беларусаў, але і шырока знаёміць з мастацтвам іканапісу, культавай архітэктурай, царкоўнымі спевамі. Разам з тым праграма прадугледжвае шырокае выкарыстанне часу занятка для развіцця здольнасцей школьнікаў.  Тут можна маляваць, гуляць, удзельнічаць у тэатралізацыі, спяваць, глядзець цікавыя відэаролікі і ствараць уласныя, выконваць рознахарактарныя заданні, што садзейнічаюць развіццю вучня.

Парадавалі і нядаўна выдадзеныя якасныя і змястоўныя дапаможнікі для настаўнікаў і вучняў. Апошні ўяўляе сабой выдатна ілюстраванае выданне, напоўненае не толькі цікавымі звесткамі і сакавітымі ілюстрацыямі, але і прадуманымі пытаннямі і заданнямі, накіраванымі на развіццё эрудыцыі і здольнасцей вучняў. Змест матэрыялу адпавядае ўзросту школьнікаў і выклікае іх непадробную цікавасць. Думаецца, што даўно наспеўшая патрэба ў выкладанні гэтага курса будзе паспяхова рэалізавана і паспрыяе выхаваннюў душах дзяцей дабрыні і любові.

Галіна Румак, настаўніца Алекшыцкай СШ



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *