Музеі – гэта храмы ўсенароднай памяці

Лента новостей Тема недели

Год гістарычнай памяці можна адзначаць па-рознаму. Я раю: падарожнічаць сёлета па Бацькаўшчыне, наведваючы музеі Вялікай Айчыннай вайны. Музеі – гэта не проста ўстановы культуры, гэта храмы ўсенароднай Памяці. Для нас і пра нас, для сучаснікаў і нашых нашчадкаў…

Прыязджаючы ў любы горад, я перш за ўсё імкнуся наведаць мясцовыя музеі.  Чаму? У іх засяроджаны і манументальна захаваліся самі старонкі гісторыі, краю, рэгіёна.  Гэта ўнікальныя  энцыклапедыі рэгіёна: у  іх нібы спынілася і адначасова жыве само дыханне часу. Асаблівы гонар, патрыятызм адчуваеш у ваенным музеі. І як добра, што залы, пакоі,  экспазіцыі, прысвечаныя Вялікай Айчыннай вайне, ёсць літаральна ва ўсіх гісторыка-патрыятычных музеях Беларусі. Больш таго, ваеннныя экспазіцыі адкрыты ў многіх школах, не можа не радаваць, што там эксурсіі праводзяць юныя эксурсаводы. У такіх музеях Айчыны жыве праўда гісторыі, у адрозненне ад гісторыі ЗША і Еўропы – фэйкавай і ілжывай, дзе перапісваецца гісторыя Другой сусветнай, руйнуюцца помнікі героям.

 У музеях  Беларусі мы бачым бясцэнныя рарытэты, знаёмімся з  хронікамі гарадоў, пасёлкаў і вёсачак. Тут захоў­ваюцца ўспаміны салдат, пар­тызанаў і падпольшчыкаў, вяз­няў лагераў… Перад навед­вальнікамі паўстаюць як драмы асабістых жыццяў, так і трагедыя ўсяго беларускага народа. Тут мы знаёмімся з тымі маленькімі перамогамі, з якіх і складалася Вялікая Перамога. І як добра, што кожны рэгіён Бацькаўшчыны захоўвае гэтую святую Памяць. Як самыя дарагія госці тут сёння і апошнія ветэраны Вялікай Айчыннай вайны, якіх, на жаль, з кожным годам усё менш і менш…

Я раю кожнаму, хто пада­рожнічае па Беларусі, абавязкова наведваць ваенныя музеі, сур’ёзна  знаёміцца з калекцыямі, прыводзіць у музеі сваіх дзяцей і ўнукаў. Нам, беларусам, ні на хвіліну нельга забываць, што ў гэтыя страшныя гады Беларусь страціла кожнага трэцяга жыхара – загінулі каля 3 мільёнаў чалавек, у тым ліку амаль 50 тысяч партызан і падпольшчыкаў. На тэрыторыі краіны дзейнічалі 250 лагераў смерці, сярод якіх сумна вядомы Трасцянец– адзін з буйнейшых пасля Асвенціма, Майданэка… І бывае часам горка ад таго, што моладзь абыходзіць бокам гэтыя святыя мясціны, нават не ведае пра існаванне  такіх музеяў.

У горадзе над Дзвіной добра вядомы Віцебскі  музей Героя Савецкага Саюза Міная  Шмырова. Ён быў створаны паводле распараджэння Савета Міністраў БССР ад 1 лютага 1966 года і загада Міністэрства культуры БССР ад 24 сакавіка 1966 года. Адкрыты музей 5 лі­пе­ня 1969 года.  У музеі мы даведваемся  пра дзіцячыя і юнацкія гады М. П. Шмырова, яго жыццё, пра арганізацыю і пашырэнне партызанскага руху, стварэнне 1-й Беларускай партызанскай брыгады, пра  стварэнне на базе 1-й Беларускай партызанскай брыгады новых  фарміраванняў (брыгады імя Чырванасцяжнага Ленінскага камсамола і 1-й Віцебскай партызанскай брыгады). У музеі  захоўваюцца матэрыялы пра вызваленне Віцебска (26.06.1944 г.) у выніку аперацыі “Баграціён”.

Нядаўна мне пашчасціла пабываць у  Гомельскім музеі ваеннай славы, які  быў створаны 16 лютага 2004 года.  Шматлікія экспанаты тут адлюстроўваюць ваенную гісторыю Гомельшчыны. Так,  з раздзела “Вялікая Айчынная вайна” мы даведваемся  пра пачатак вайны, мабілізацыю, эвакуацыю, пераход прадпрыемстваў на выпуск ваеннай прадукцыі, фарміраванне палка народнага апалчэння, контрнаступленне  войск 21-й арміі, абарону Гомельшчыны войскамі Цэнтральнага фронта ў жніўні 1941 года, акупацыйны рэжым на тэрыторыі Гомельскай і Палескай абласцей, партызанскі і падпольны рух, вызваленне Гомельшчыны, заключны этап вайны. У музеі пастаянна арганізуюцца зменныя выстаўкі, чытаюцца лекцыі з паказам кінахронікі, праводзяцца патрыятычныя акцыі, навукова-практычныя канферэнцыі, семінары. Гэта векапомны  цэнтр патрыятычнага выхавання. 

Завіталі мы з сябрамі і ў Музей бітвы за Днепр, што   быў адкрыты ў Лоеве 9 мая 1985 года  ў гонар  40-годдзя Перамогі. Ра­зам з пляцоўкай баявой тэхнікі на беразе Дняпра ён стаў мемарыяльным помнікам  удзельнікам Дняпроўскай аперацыі. Тут мы даведваемся пра  фарсіраванне Дняпра на Гомельшчыне, што   паклала пачатак вызваленню Беларусі, пра  партызанскі рух. 23 верасня 1943 года часткі 13-й арміі пад камандаваннем генерал-лейтэнанта Н.П. Пухава фарсіравалі Днепр і вызвалілі першы раённы цэнтр Беларусі Камарын. 27 верасня войскі 61-й арміі генерал-лейтэнанта П.А.Бялова фарсіравалі Днепр на ўчастку Глушэц-Дзяражычы, паклаўшы  пачатак вызваленню Лоеўшчыны.  Салдаты роты пад камандаваннем лейтэнанта М.М. Магерамава першымі пераправіліся праз Днепр і, адбіваючы  контратакі ворага, утрымлівалі плацдарм. За гераізм і мужнасць сямнаццаць байцоў роты былі ўдастоены звання Героя Савецкага Саюза. Імя генерал-лейтэнанта П.І. Батава назаўсёды ўпісана ў гісторыю Лоеўшчыны. 15 кастрычніка 1943 года войскі 65-й арміі пад яго камандаваннем фарсіравалі Днепр на ўчастку Лоеў-Радуль і вызвалілі Лоеў. Небывалую адвагу праявіў дэсантны батальён пад камандаваннем маёра      В.Ф. Несцерава. 22 байцы батальёна былі адзначаны “Залатой зоркай” Героя.

Мне пашчасціла тройчы наведаць Музей абароны Брэсцкай крэпасці, які быў адкрыты 8 лістапада 1956 года. У фондах музея захоўваюцца ўнікальныя прадметы з раскопак, асабістыя рэчы, якія належалі абаронцам крэпасці. Мы не можам не ганарыцца гераізмам воінаў Брэсцкага гарнізона.  Уражвае будзільнік, што быў  знойдзены ў час раскопак на Цярэспальскім умацаванні крэпасці ў 1956 годзе. Яго стрэлкі змоўклі  без некалькіх мінут 4 гадзіны,  зафіксаваўшы пачатак вайны.

Бадай, галоўнае ў экспазіцыі – гераічная абарона Брэсцкай крэпасці: баі на Цярэспальскім і Валынскім умацаваннях, абарона Кобрынскага ўмацавання.  Дарэчы, у час службы ў Савецкай Арміі прысягу мне давялося прымаць менавіта ў Брэсцкай крэпасці.

У музеі вам абавязкова раскажуць  і пра  чалавека, які адкрыў для шырокай грамадскасці  герояў крэпасці. Гэта пісьменнік Сяргей  Смірноў. У жніўні 1954 года ён упершыню пасля вайны прыехаў у Брэст з некалькімі абаронцамі крэпасці. Ён напісаў  нарыс “Крэпасць над Бугам”,  шэраг артыкулаў аб воінах Цытадэлі, надрукаваных у 1955 годзе  ў часопісах і газетах. У 1956 годзе выходзяць асобнымі кніжкамі “Крэпасць на граніцы” і “Крэпасць над Бугам”. З лета 1956 года пачаліся яго  выступленні на Усесаюзым радыё, галоўнай мэтай якіх быў  пошук герояў. У 1964годзе С. Смірноў скончыў работу над рукапісам кнігі “Брэсцкая крэпасць”.

У Беларускім музеі гісторыі Вялікай Айчыннай вайны я пабываў ужо чатыры разы. Яшчэ ў лістападзе 1942года ў  ваеннай Маскве разгарнулася  экспазіцыя  пад назвай “Беларусь жыве, Беларусь змагаецца, Беларусь была і будзе савецкай”. Яна працавала да жніўня 1944 года, пакуль не пераехала ў вызвалены Мінск. У  разрабаванай сталіцы музей атрымаў адзін з нямногіх уцалелых будынкаў у самым цэнтры горада, і ўжо 22 кастрычніка 1944 года быў адкрыты.  Сёння гэта адзін з найбуйнейшых ваенных музеяў  ва ўсім свеце, адзін з самых важных нацыянальных  цэнтраў патрыятычнага выхавання.  Музей размешчаны  каля абеліска “Мінск — горад-герой”.   Сама 45-метровая стэла “Мінск – горад-герой”  была адкрыта  яшчэ ў 1985 годзе.  Плошчу Герояў упрыгожвае фантан са 170 струменяў, якія прысвечаны вызваленым населеным пунктам Бацькаўшчыны. Новы будынак  музея быў пабудаваны ў  2010 — 2013  гадах  і быў  адкрыты 2 ліпеня 2014 года. 

Адметна, што  будынак складаецца з чатырох асноўных блокаў, якія сімвалізуюць чатыры гады вайны, чатыры франты, якія вызвалялі Беларусь. Галоўны фасад выкананы ў выглядзе пераможнага салюту: за аснову быў узяты запіс салюту 1945 года.  11 ззяючых праменняў з нержавеючай сталі сімвалізуюць Вялікую Перамогу і адначасова нагадваюць аб 1100 трагічных днях і начах акупацыі Мінска… 

Давайце і мы пройдзем  дарогамі герояў, наведаўшы ваенныя музеі Беларусі!

Канстанцін Карнялюк, г. Віцебск



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *