Місія – захаваць і перадаць нашчадкам. У Бераставіцкай раённай бібліятэцы распрацаваны план мерапрыемстваў, прымеркаваны да Года гістарычнай памяці

Актуально Год исторической памяти Культура Лента новостей

Гісторыя — гэта падмурак, без якога немагчыма пабудаваць будучыню. Для развіцця любога грамадства вельмі важна захаваць і перадаць нашчадкам свой перажыты вопыт і назапашаныя каштоўнасці, стаўленне да герояў, перамог і паражэнняў. Гістарычная памяць – гэта сувязь часоў і пакаленняў, непарыўнасць лёсу незалежнай Беларусі з гераічнымі старонкамі гісторыі беларускага народа. Год гістарычнай памяці, аб’яўлены сёлета Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, дае ўсім нам магчымасць гэта глыбока асэнсаваць. У нашай краіне на заканадаўчым узроўні замацаваны палажэнні аб недапушчальнасці скажэння гісторыі і гераізацыі нацызму, у тым ліку і ў артыкулах 15, 54 праекта Канстытуцыі.

Менавіта са старонак кніг пакаленне, якое нарадзілася больш чым праз паўвека пасля Вялікай Перамогі, можа даведацца пра подзвіг салдат, мужнасць працаўнікоў тылу, усяго беларускага народа і пераняць эстафету памяці і павагі, стойкасці і гераізму продкаў, іх беззаветнай любові да сваёй Айчыны. У агульнай дзейнасці па патрыятычнаму вы­хаванню, фарміраванню ў пад­растаючага пакалення ўяўлення пра падзеі ваенных часоў, пра багатыя культурныя традыцыі публічныя бібліятэкі бачаць сваю асаблівую місію – захаваць памяць аб ваенным і працоўным подзвігу беларускага народа, духоўнай і культурнай спадчыне праз рэспубліканскія выданні, занатаваныя гістарычныя факты, успаміны і мясцовы краязнаўчы матэрыял. І перадаць нашчадкам пачуццё глыбокага патрыятызму, любові да сваёй Радзімы.
У Бераставіцкай раённай біб­ліятэцы імя В. М. Кава­леў­­скага распрацаваны план мера­прыемстваў, прымеркаваных да Года гістарычнай памяці. На працягу года ў раённай бібліятэцы і сельскіх філіялах будуць праводзіцца гучныя чытанні і ўрокі гістарычнай памяці, завочныя экскурсіі і гістарычныя экспедыцыі, гістарычныя марафоны і турніры знатакоў гісторыі, конкурсы малюнкаў і вечары-успаміны, накіраваныя на замацаванне ў падрастаючага пакалення ведаў аб гісторыі роднай краіны. А ўжо цяпер паўсюдна ў бібліятэках раёна аформлены тэматычныя кніжна-ілюстрацыйныя выставы і паліцы.


На абанеменце раённай бібліятэкі, напрыклад, пачала дзейнічаць кніжная выстава “Гістарычная памяць народа – повязь часоў і пакаленняў”. Літаратура, прадстаўленая на экспазіцыі, знаёміць чытачоў з узнікненнем першай беларускай дзяржавы – Вялікага княства Літоўскага, з гераічным мінулым Беларусі і славутымі асобамі нашай гісторыі. Асаблівую цікавасць выклікаюць энцыклапедыі і даведнікі аб’ектаў гісторыка-культурнай спадчыны і помнікаў літаратуры і мастацтва Беларусі.


Бібліятэкары запрашаюць наведаць выставу і адкрыць новыя для сябе старонкі гісторыі роднага краю.
Святлана Ганчарова,
фота аўтара



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *