Паспяховы старт маладых бераставіцкіх педагогаў

Лента новостей Образование

Сення ў грамадстве, напэўна як ніколі, асоба педагога, яго светаўспрыманне і грамадзянская пазіцыя маюць надзвычай важнае значэнне. Сучасны настаўнік, на якога ўскладзена ганаровая, цяжкая місія па навучанню і выхаванню падрастаючага пакалення, павінен знайсці такія формы і метады работы, каб зацікавіць і павесці за сабой вучняў, а дзеля гэтага патрэбна ведаць іх інтарэсы, быць з імі на адной хвалі. Дапытлівы педагог здольны і мабільны тэлефон зрабіць сродкам навучання. Здольнасць рухацца ўперад, укараняць сучасныя інфармацыйныя і інавацыйныя тэхналогіі ўплывае на павышэнне  прафесійнай кампетэнтнасці настаўніка, ад якой шмат у чым залежыць яго далейшы лёс і кар’ера.

Гартаю старонкі партфоліо Святланы Войшэль. Нарадзілася на Бераставіччыне і закончыла Малабераставіцкую сярэднюю школу. А чатыры гады назад перад ею ветліва расчыніліся дзверы Пархімаўскага яслей-сада-базавай школы, куды яна прыйшла працаваць настаўніцай беларускай мовы літаратуры. Настаўніцкае крэда Святланы Анатольеўны — добразычлівасць у адносінах да вучняў, без гэтага не будзе агульных памкненняў; упэўненасць ва ўласных сілах, вера ў сваіх вучняў; шчырасць, якая дапамагае адкрываць нязведаны свет сэрцаў іншых і самой станавіцца лепшай; адказнасць за сваю працу і за дзяцей, якія вераць у цябе.

Чатыры гады работы маладога педагога былі насычаны разнастайнымі мерапрыемствамі: яна прыняла ўдзел у раённым конкурсе прафесійнага майстэрства “Настаўнік года Рэспублікі Беларусь”, IX рэспубліканскім фестывалі педагагічных ідэй “Прызванне -педагог”, у якім яе педагагічны лайфхак па выніках галасавання заняў 1 месца, была слухачом віртуальнай школы маладога педагога, што дзейнічала на базе Гродзенскага абласнога інстытута развіцця адукацыі.

Працоўны стаж быццам бы і невялікі,а колькі ўсяго паспела зрабіць за гэты час таленавітая маладая дзяўчына.

Пералік яе дасягненняў не абмяжоўваецца рамкамі агульнапрынятых настаўніцкіх абавязкаў – павышэнне кваліфікацыі і ўдзел у рабоце метадычных аб’яднанняў школы і раёна, падрыхтоўка алімпіяднікаў, арганізацыя навукова-даследчай дзейнасці з вучнямі. Педагагічная скарбонка поўніцца з кожным годам, і пазайздросціць ёй можа і больш вопытны педагог. У ей — адзначаныя дыпломамі розных ступеняў вучнёўскія сачыненні і вершы, малюнкі і фотаработы, падрыхтаваныя пад кіраўніцтвам ініцыятыўнага настаўніка, відэаролік, макет інфармацыйнага знака, сцікер-пак, буклет, елачныя цацкі, выдуманая легенда. Дарэчы, Святлана Анатольеўна ўдала спалучае мабільны тэлефон і адукацыйны працэс. У яе ёсць вопыт работы па выкарыстанні QR-кодаў на ўроках беларускай мовы і літаратуры. А яшчэ яна арганізуе дзейнасць валанцерскага і студатрадаў. Акрамя таго, настаўніца актыўна трансліруе свой вопыт, у тым ліку на старонках “Бераставіцкай газеты”. Адміністрацыя заўважае і цэніць стараннасць маладога педагога: за добрасумленную працу, ініцыятыву і прафесіяналізм Святлана Анатольеўна ў 2019 годзе была ўзнагароджана Граматай аддзела адукацыі Бераставіцкага райвыканкама, занесена ў Кнігу гонару маладых спецыялістаў сістэмы адукацыі Гродзенскай вобласці. У гэтым годзе праца настаўніцы адзначана Граматай Бераставіцкага райвыканкама. А з першага верасня гэтага навучальнага года Святлана Анатольеўна працуе намеснікам дырэктара па асноўнай дзейнасці.

Насычаная і пленная работа Святланы Войшэль была высока ацэнена і на абласным узроўні. У 2020 годзе яна стала лаўрэатам штогадовай прэміі грамадскіх арганізацый “Паспяховы старт”, якая прысуджаецца  маладым педагогам сістэмы адукацыі Гродзенскй вобласці за ўнесены імі ўклад у развіцце ўстановы адукацыі і сістэмы адукацыі рэгіена,а таксама тым, хто займае актыўную жыццевую і грамадскую пазіцыю.

Прэмія прысуджаецца дзеля падтрымкі маладых творчых, грамадска актыўных педагогаў, павышэння прэстыжу педагагічнай прафесіі, актывізацыі дзейнасці ўстаноў адукацыі па стымуляванню прафесійнага роста пачынаючых педагагічных работнікаў. Для ўдзелу ў абласным конкурсе кандыдат рыхтуе партфоліо, якое ацэньваецца журы па наступных крытэрыях: вынікі практычнай дзейнасці кандыдата на займаемай пасадзе, выніковасць удзелу ў конкурсах, фестывалях, канферэнцыях і іншых мерапрыемствах; публікацыйная актыўнасць: грамадска-значная дзейнасць ва ўстанове адукацыі і рэгіёне, дзелавыя і асобасныя якасці кандыдата, патэнцыяльныя магчымасці. Пераможцы атрымліваюць дыпломы і грашовае ўзнагароджанне. Удзел у конкурсе могуць прыняць настаўнікі і выхавальнікі, якія маюць стаж работы да трох гадоў.

У гэтым годзе па рашэнні аддзела адукацыі на абласную прэмію будзе прэтэндаваць малады педагог Макараўскага яслей-сада- сярэдняй школы Кацярына Жвалеўская. У 2019 годзе Кацярына Уладзіміраўна вярнулася ў сваю родную школу, каб выкладаць дзецям хімію і біялогію. Словы рускага класіка Льва Талстога асвятляюць яе педагагічны шлях: “Выкладанне – гэта мастацтва, таму дасканаласць недасяжна, а ўдасканаленне- бясконца.”

І хоць працоўны стаж маладой настаўніцы зусім невялікі, яна ўпэўнена заявіла пра сябе. Прайшла віртуальную школу і павысіла кваліфікацыю ў Гродзенскім абласным інстытуце развіцця адукацыі, падрыхтаваныя ею вучні паспяхова выступаюць на алімпіядах па хіміі і біялогіі, дыпломамі адзначаны работы яе вучняў на навукова-практычных канферэнцыях.

На рахунку Кацярыны Жвалеўскай – прызавыя месцы ў шматлікіх творчых конкурсах, на якіх былі прадстаўлены ўласныя і сумесныя з вучнямі работы – фотаздымкі, дэкаратыўна-прыкладныя вырабы, фларыстычныя работы і інш. А яшчэ Кацярына Уладзіміраўна з’яўляецца класным кіраўніком, адначасова курыруе дзейнасць моладзевых арганізацый. У раённых конкурсах акцябраты і піянеры Макараўскага яслей-сада-сярэдняй школы займаюць прызавыя месцы. З’яўлялася яе імя і на старонках нашай газеты.

Кажуць, што толькі паспяховы настаўнік можа падрыхтаваць паспяховага вучня. Гледзячы на Святлану Войшэль і Кацярыну Жвалеўскую, з упэўненасцю можна сказаць, што старт у педагогіцы быў удалы: яны добра зарэкамендавалі сябе ў калектывах, змаглі знайсці падыход да вучняў і раскрыць свае таленты ў творчых конкурсах. Іх актыўная педагагічная дзейнасць і грамадская пазіцыя садзейнічаюць прафесійнаму росту, спрыяюць павышэнню аўтарытэта. Педагогі карыстаюцца заслужанай павагай сярод калег, вучняў і іх бацькоў. Застаецца толькі пажадаць, каб работа прыносіла задавальненне, множыліся ініцыятывы і не згасаў агеньчык цікаўнасці ў вачах вучняў.

Вольга Беляня



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *