Маці-гераіня Марыя Шмароўская

Лента новостей Общество

Гераіня сённяшняга выпуску – Марыя Шмароўская з вёскі Курчоўцы – гераіня ў прамым сэнсе гэтага слова. Марыя Міхайлаўна – маці-гераіня, якая нарадзіла і выхавала адзінаццаць дзяцей. Яна ўзнагароджана ордэнамі “Мацярынскай славы” 3-й, 2-й і 1-й ступені, а таксама ордэнам і званнем “Маці-гераіня”. Калі я ехала да Марыі Міхайлаўны, то думала, што абавязкова трэба будзе папрасіць у яе і размясціць у газеце фотаздымак, дзе яна знаходзіцца ў акружэнні ўсіх адзінаццаці сыноў і дачок, бо вядома, цяпер сабраць разам усіх дарослых дзяцей практычна нерэальна. Але мая задумка засталася толькі марай: усе фотаздымкі з сямейнага архіву Шмароўскіх былі знішчаны падчас пажару, а адзінае, што засталося – ордэн “Маці-гераіня” ў абгарэлым футляры. Але аб усім па парадку…

Марыя Міхайлаўна ўсё жыццё пражыла ў родных Курчоўцах: тут яна нарадзілася і вырасла, тут выйшла замуж, тут з’явіліся на свет яе дзеці.

— Вось гляньце, мая бацькоўская хата, — Марыя Міхайлаўна паказвае рукою ў бок акна, у якім віднеецца невялікі домік. — Толькі яна цяпер змянілася, брат перабудаваў яе пад дачу. А так жылі побач заўсёды.

Нарадзілася Марыя Міхайлаўна 8 снежня 1946 года. Калі ёй было пяць з паловай гадоў, а малодшаму брату толькі два годзіка, памёр бацька. Маці, Ядвіга Казіміраўна, засталася адна з двума малымі дзяцьмі на сваёй гаспадарцы.

— У нас тады яшчэ была свая зямля, — успамінае жанчына, — і маці было цяжка адной з ёй спраўляцца. Спачатку хадзіла дапамагала іншым людзям, а затым ужо яны збіраліся і прыходзілі на дапамогу ёй. Потым мама паглядзела, што ёй цяжка адной і запісалася ў калгас. Дык суседзі крыва глядзелі і казалі, што яна ўжо не наш чалавек, бо ў калгас пайшла.

З 1960 года Ядвіга Казіміраўна стала працаваць даяркаю. Але на першым жа годзе атрымала інваліднасць: карова выбіла вока.

— Гэта цяпер ідзеш па ферме: тут каровы, а тут калідор, а раней даяркі хадзілі між кароў, жалабы былі каля сцен, — кажа Марыя Міхайлаўна. — Дык вось аднаго разу карова як махнула рагамі, дык адразу патрапіла маме ў вока, яно на месцы і выскачыла. Мне тады было 14 гадоў, я закончыла пяць ці шэсць класаў, я ўжо дакладна і не помню. Я хадзіла ў школу ў Макараўцах, старая школа размяшчалася тады насупраць інтэрната. Дык вось пасля гэтага выпадку з мамай мне прыйшлося пакінуць школу, каб дапамагаць ёй. Мая першая настаўніца, Анастасія Сцяпанаўна Трафіменкова, ведала, што нам цяжка і я не магла вучыцца, яна казала тады: “Дзіця маё, пахадзі ты хоць у вячэрнюю школу, каб ты мела якіх хоць 9 класаў”. А я-такі закончыла адзінаццаць класаў, праўда, ужо пасля замужжа, дзяцей пакідала з мужам і хадзіла здаваць экзамены.

У 1964 годзе, калі Марыі Міхайлаўне споўнілася 18 гадоў, яна сама пайшла працаваць даяркай на ферму.

— Дзяўчаты вечарам ідуць на танцы, а я толькі з работы, брудная, стомленая, яны запрашаюць мяне з сабою, а я адмаўляюся, куды мне ў такім выглядзе? – успамінае жанчына. – Але мужа знайшла хутка, ці, дакладней, ён мяне знайшоў. Замуж выйшла, калі яшчэ і дваццаці гадоў не мела. Мой муж, Тадэвуш Уладзіміравіч, таксама з нашай вёскі, толькі яны жылі трохі далей, у другім канцы, непадалёку ад фермы. Ён быў старэйшы за мяне на 4 гады, я яго добра і не ведала нават, хоць мы і жылі ў адной вёсцы. Ён вярнуўся з арміі і неяк завітаў да нас са сваім бацькам, а бацька добра ведаў маю маму, так мы з ім і пазнаёміліся. Раз прыйшоў, потым другі, так паціху пачалі сустракацца, потым распісаліся.

Жыць адразу сталі ў мае мамы, бо яго бацькі якраз будаваліся. Тут адно дзіця нарадзілася, другое.

Першы хлопчык нарадзіўся ў снежні 1966 года, Раманам яго назвалі. Яшчэ сямі месяцаў не было, нарадзіўся неданошаным, бо пайшла дапамагаць маці бульбу перабіраць, відаць, падняла зацяжкі кошык, але, дзякуй Богу, выжыў, хоць і ляжаў пад апаратамі. Праз паўтара года нарадзіўся другі сын, Іван. У 1970 годзе нарадзілася двойня – зноў хлопцы – Станіслаў і Іосіф. У 1973-м нарадзілася дачка Ліля, у 1975-м – Андрэй. Пасля Андрэя ў 1977 годзе нарадзілася Марынка, Марыя, дакладней. Муж пайшоў запісваць, я яму яшчэ і кажу: “Хоць не пераблытай, запішы Марынай, бо Марыя ўжо ёсць адна – я”. Прыходзіць, я на метрыку гляджу, а там напісана “Марыя”! Так і стала дзве ў хаце Марусі. Потым, у 1980-м нарадзіўся Міша, у 1983-м — Юра, у 1985-м – Аня, а ў 1992 годзе – Агнешка. Пасля Ані быў ужо вялікі перапынак, я нават думала, што не будзе больш дзяцей у мяне, што нарэшце ўжо адпачну, а тут у 45 гадоў нарадзіла Агнешку. Вядома, перажывала, што позна, думала, калі выгадую… Але выгадавала, і ёй ужо хутка 28. А ўсяго сем хлопцаў і чатыры дзяўчыны маю.

— Вы калі замуж выходзілі, думалі, што будзе столькі дзяцей? – пытаю.

— Не, не думала, — усміхаецца Марыя Міхайлаўна. – думала, хоць адно – двое якіх выгадаваць. А выгадавала і ўсіх адзінаццаць.

Добра яшчэ, што мама дапамагала, пакуль жывая была, дык лягчэй было. Гэта цяпер па тры гады з дзецьмі сядзяць, а нам было толькі 56 дзён дэкрэтных і трэба ісці на работу. А дзіця куды? А грудзі як? Пакорміш перад адыходам на ферму, а гэта ж не на гадзіну ці дзве, пакуль усё зробіш і дахаты прыйдзеш, дык малако само ўжо цячэ ручайком з грудзей. Мама амаль што ўсіх дзяцей маіх дапамагала гадаваць, Ані было 4 гады, як яна памерла.

А я ўвесь час хадзіла на работу, спачатку ў Курчоўцах на ферме даіла кароў, потым перайшла ў Макараўцы, там я многа прарабіла. З Агнешкай, праўда, сядзела дома цэлы год, бо мамы ўжо не было, не было каму дапамагчы, а гаспадарка была вялікая: і качкі, і гусі, і козы, і дзве каровы, і свінні. Я ўжо мужу і казала, што хіба зусім на работу не пайду, бо не даю рады. Ён мяне нават і падтрымаў, казаў: “Ну, пойдзеш ці не пойдзеш, будзем неяк круціцца, можа, цяля здадзім, можа, адну карову прададзім”.

Але ж старэйшыя дзеці пад­расталі, Ромка нават ужо ў Гродне вучыўся, блізняты былі ўжо вялікія хлопцы, і Юра таксама. І калі Агнешка пайшла на свае ногі, у год і два месяцы я прыйшла на ферму і кажу, што хачу выйсці на працу. А загадчыца мне: “Ідзі дзіця гадуй!” Я ёй адказваю, што дзіця ўжо падгадаванае, трэба яго карміць, грошы зарабляць. Не ўзяла яна мяне. Я прыехала дадому з плачам. Цэлую дарогу на веласіпедзе ехала і плакала. А праз пару дзён заглянула да мяне Паўлаўна з Пачобутаў, яна загадчыцай там была на ферме і кажа: “Марыся, ты ў хаце? Прыйшла цябе на работу забраць. Пайшлі, мне даярка патрэбна!”

Так і пайшла я туды, гэта быў 1993 год, а ўсяго прарабіла я даяркаю 42 гады. Працавала да 50, потым да 55, а потым і яшчэ рабіла на пенсіі.

За сваю працу Марыя Міхай­лаўна атрымала званне заслужанай калгасніцы, адпаведная шыльда яшчэ і цяпер вісіць на яе доме.

— Даўно гэта было, яшчэ старшыня Бабко быў жывы, — удакладняе жанчына.

Муж працаваў разам з Марыяй Міхайлаўнай на ферме, карміў жывёлу. Калі яна перайшла з Макараўцаў у Пачобуты, ён таксама перабраўся туды за ёй.

— Мне добра было: ён прыедзе, перадае мне каня, каб я дадому ехала,- расказвае Марыя Шмароўская. – Але часцей я на веласіпедзе ездзіла, трапляла і ў дождж, і ў навальніцу. Выязджаю раз з фермы, а загадчык кажа: “Ой, не даедзеш, Шмароўская, перачакай”. А я ж паехала. А тут як спусціўся дождж, пачалася навальніца, добра яшчэ, што я не злазіла з ровара, а ехала ўвесь час. Я як прыехала, то муж збялеў: на скрыжаванні ад слупоў адарвала правады, выклікалі электрыкаў, дождж ідзе, правады іскраць, а я і не ведала… Добра, што не злезла з ровара, бо каб ішла, то забіла б мяне, напэўна.

Усяго зажыла, хапіла мне і бед на гэтым свеце. Адзін толькі пажар чаго варты…

Пажар у доме Шмароўскіх здарыўся ў самым канцы 1999 года, паміж Калядамі і Новым годам.

— Штосьці стала ў шчыце трашчаць, мы нават адразу і не заўважылі, ужо спаць палеглі, — са слязьмі на вачах успамінае Марыя Міхайлаўна. – А як убачылі, што хата гарыць, павыскаквалі на вуліцу ў чым былі. А я вось гэту фігурку Маці Божай схапіла, прыціснула да грудзей, баюся, каб яна не ўпала, а сама вішчу на ўсю вуліцу. А на двары ціха-ціха, і такі мяккі сняжок падаў… Хата была драўляная, пакуль пажарныя прыехалі, уся згарэла да фундамента.

Я атрымала страхоўку за хату, на тыя грошы 160 рублёў, ведаеце, я не плакала, а вішчала: жыць няма дзе, купіць няма за што, усё згарэла, няма ні ложка, ні коўдры, ні адзення. Як здумаю цяпер, дык не ведаю, як і перажыла. Але добрыя людзі не пакінулі. Калгас выдзеліў нам на першую пару невялікую хатку, вось там мы і жылі, 10 чалавек: хто спаў на падлозе, хто на ложку, хто на канапе. Жылі там, пакуль вось гэтую хату для нас калгас не пабудаваў.

Як успомню пра пажар, дык і цяпер мароз па скуры ідзе. Усё жыццё чалавек працуе, нешта купляе, збірае, а агонь у адзін момант усё нішчыць.

Я рыхтавала дачцэ Марыі прыданае, бо яна ўжо збіралася замуж, зрабіла тры падушкі, пашыла пуховую коўдру з прыгожага ружовага атласу, і нейкім цудам тую коўдру паспелі выкінуць на двор, праўда, яна не ўся ўцалела, я з яе змагла зрабіць толькі маленькую дзіцячую коўдрачку…

А потым яшчэ адна бяда прыйшла ў дом Шмароўскіх – стаў нерухомым інвалідам сын Андрэй.

— Гэта здарылася на свята Пятра і Паўла, 29 чэрвеня, — уздыхае Марыя Міхайлаўна. — Фэст вялікі тады быў у касцёле, у нас тут на канцы вёскі зрабілі танцы. І з Вішнеўкі хлопец, Пеця яго звалі, узяўся бароцца з нашым Андрэем. То ён Андрэя пакоціць, то наш яго, і, відаць, дзесьці на камень спіной трапіў Анрэй, і ў яго шосты пазванок трэснуў. Ён сам казаў, што чуў гэты гук, а потым па ім нібы мурашкі ідуць і раптам у ногі – тук! І акамянела дзіця. Я была на рабоце ў Пачобутах, даіла кароў. Прыйшла, дома плач, а Ліля з хуткай дапамогай паехала. З Мінска прыязджаў доктар, рабілі Андрэю аперацыю, дык ён казаў, што тыдзень часу, больш не дае, жыць не будзе хлопец. А вось ужо хутка 20 гадоў будзе, як ляжыць, але жыве. Сам ён не ўстане, не павернецца, нічога не зробіць – інвалід першай групы. Яму, як інваліду, далі дом у Макараўцах каля клуба, ён там жыве з сястрой Ліляй. Яна вый­шла замуж, але доўга не пажыла з мужам, развяліся, і яна з сынам стала жыць разам з Андрэем, даглядаць яго.

— А чым займаюцца астатнія дзеці, дзе яны цяпер? – цікаўлюся я ў Марыі Міхайлаўны.

— Раман і Іосіф у Брэсцкай вобласці працуюць, Стась і Юра ў Гродне, пра Івана, можа, лепш і не пішыце, у турме ён цяпер. Марынка і Аня жывуць у Макараўцах, Агнешка – у Лішках, а Міша – са мной, не дамо рады яго ажаніць, не хоча. Маю ўжо дваццаць унукаў і дзве праўнучкі. Мужа майго, Тадэвуша Уладзіміравіча, няма ў жывых ужо 8 гадоў, дык хоць Міша пры мне, ён у калгасе робіць механізатарам. Яшчэ і цяпер трымаю свіней і курэй, хочацца, пакуль жыву, дзецям дапамагчы.

На развітанне я спытала ў Ма­рыі Міхайлаўны, што яна лічыць галоўным сваім дасягненнем у жыцці.

— Сям’я, дзеці – маё самае большае багацце, – усхвалявана кажа жанчына. – Цяжка было вырасціць дзяцей, але цяпер ужо здаецца, што і не было тых гадоў, усё прайшло, прамінула, цяпер з унукаў цешуся, яшчэ праўнукаў чакаю. У гэтым і ёсць маё шчасце.

Ірына МІКЛАШ, фота аўтара



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *