У Вялікаэйсмантаўскай сярэдняй школе прайшла сустрэча  з паэтам-земляком

Лента новостей Образование

У Вялікаэйсмантаўскай школе адбылася сустрэча  з цікавым светам паэзіі. Перш за ўсё – гэта сустрэча са словам, а таксама з чалавекам, які даносіць да нас гэтае слова, паэтам-земляком Мікалаем Пятровічам Іваноўскім.

Тэмай сустрэчы сталі словы з верша паэта “Дарога да роднага парога”. Усе мы праходзім гэтую дарогу жыцця. Але цікавай становіцца дарога праз узаеміны з паэзіяй. Эпіграфам мы ўзялі словы Н.Мацяш “Хай жураўлём абернецца сініца…” Да сустрэчы была арганізавана выстава кніг паэта,  водзывы да вершаў вучняў школы, сачыненні-разважанні на дадзеную тэму.

Чытаць – гэта адно, а разумець – зусім другое. Не кожны можа ўбачыць тое, што хоча данесці своёю творчасцю да нас паэт. І вучні і прысутныя паспрабавалі прайсці дарогай паэта, амаль аднавяскоўца, сябра нашай школы, члена Саюза пісьменнікаў Беларусі Мікалая Пятровіча Іваноўскага. Для вучняў нашай школы Мікалай Пятровіч даўно вядомы, і тут ён часты госць. Ён прыязджаў у школу ў час правядзення тыдня беларускай мовы, на ўрок пазакласнага чытання, на сустрэчу з вучнямі 5 класа.

На імпрэзе вучні чыталі вершы паэта са зборнікаў “Пяром і сэрцам” і “Сцежкамі маленства”, выказвалі свае думкі аб прачытаным, аналізавалі мастацкія вартасці вершаў, а затым сам паэт выказаў сваё меркаванне аб аналізе і быў задаволены выступленнямі вучняў. Знаёмства з творчасцю паэта прадоўжылася на аснове падрыхтаванага буктрэйлера да кнігі “Пяром і сэрцам”, прэзентацыі “Канцэпт дом у творчасці Мікалая Іваноўскага”(на аснове зборніка “Пяром і сэрцам”) і тэзіснага выступлення.

З вялікім задавальненнем паслухалі прысутныя выступленне паэта, які прачытаў нізкі вершаў па рознай тэматыцы і новыя вершы да новага плануемага зборніка. Усе былі задаволеныя сустрэчай з паэтам, паэтычным словам.

Не кожны дзень узнікаюць выдатныя творы, не кожны можа стаць знакамітым паэтам, мастаком, кампазітарам, але кожны можа навучыцца разумець прыгажосць. Паспрабуйце стаць стваральнікамі прыгажосці, каб у вашых сэрцах заўсёды была радасць творчага натхнення, незалежнага ад таго, якой справай вы будзеце займацца ў жыцці. Пішыце самі вершы. І вы адчуеце асалоду творчасці.

Ірына  Швек, настаўніца беларускай мовы і літаратуры  Вялікаэйсмантаўскай СШ



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *