«Работа для мяне – другая сям’я»

Лента новостей

Па — сапраўднаму шчаслівы той чалавек, у каго дзве гэтыя складаючыя арганічна спалучаюцца. А галоўны бухгалтар СВК “Макараўцы” Алена Жвалеўская можа пацвердзіць, што ў яе гэта менавіта так.
У Іванаўскім раёне Брэсцкай вобласці яна закончыла школу з адной толькі чацвёркай па чарчэнні, а інакш быў бы залаты медаль. “Штурмаваць” рашыла Ленінградскі сельскагаспадарчы інстытут, і гэта ёй удалося. Горад — музей зачараваў яе з першага позірку. І хаця з таго, 1990 — га года, прайшло ўжо нямала часу, ён застаўся ў яе сэрцы назаўсёды. Эканамічны факультэт па спецыяльнасці “эканаміст па бухгалтарскаму ўліку” вясковая дзяўчына закончыла з чырвоным дыпломам. Па размеркаванні выбрала Беларусь і наш Бераставіцкі раён. У тагачасным калгасе “Чырвоны кастрычнік”, куды ехала, месца ёй не знайшлося. Але запрасілі ў калгас імя XXII з’езда КПСС, які пасля ўсіх пераўтварэнняў і стаў нарэшце СВК “Макараўцы”.
Апынуцца ў ціхай сельскай мясцовасці пасля шумнага дынамічнага горада і рэзка змяніць свой лад жыцця няпроста. Але Алена Іванаўна расказвае, што моладзі на той час у калгасе аказалася шмат, ды і людзі ёй адразу спадабаліся. Добрыя, сардэчныя, а неўзабаве пазнаёмілася яна з мясцовым хлопцам. Праўда, працаваў ён тады ў горадзе. А каханне вельмі важнае для ўсіх жанчын, вясковых ці гарадскіх. Закаханы чалавек усё бачыць “у ружовым колеры”. І вельмі добра, калі сям’я моцная і шчаслівая. Муж Алены стаў працаваць у гаспадарцы вадзіцелем, зараз ён – начальнік пункта тэхнічнага абслугоўвання. А дачка ўжо вучыцца ў Гродзенскім дзяржаўным аграрным універсітэце па спецыяльнасці “бухгалтарскі ўлік”, так што стварылася дынастыя.
Увесь уліковы і фінансавы бок гаспадарчай дзейнасці сельгаскааператыва ў полі пільнага зроку Алены Іванаўны. Работа яе дакладная і патрабуе немалога напружання. А дапамагае ў працы ёй добры калектыў. Ён жаночы, але вельмі дружны. “Работа для мяне – другая сям’я”, — гаворыць галоўны бухгалтар. – Людзі ў нас добра адукаваныя, што вельмі спрыяе ў рабоце”.
А для душы ў гэтай дастойнай прадстаўніцы вясковай інтэлігенцыі – кветкі. Яна вельмі любіць іх разводзіць і вырошчваць. Яны ўпрыгожваюць наша жыццё.
Ніна Наддэ, фота аўтара



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *