Працоўны дэсант з Канюхоўскага ясляў-сада-сярэдняй школы накіраваўся на пасадку леса

Лента новостей Образование Общественные объединения

Зусім не абавязкова ўдзельнічаць у акцыях, каб рабіць добрыя справы. Кожны можа далучыцца да карыснага акту добрай волі і адчуць сябе творцам. Яшчэ ў верасні сёлетняга года на пашкоджаных жуком-караедам тэрыторыях  Індурскага лясніцтва вучні нашай школы пасадзілі дзясяткі гектараў новага лесу. Маладзенькія елачкі, бярозкі і сосны, якія былі пасаджаны ранняй восенню, прыжыліся і цяпер радуюць вока аматараў лесу,  грыбнікоў і ягаднікаў сваім пяшчотным зялёным  убраннем. Але ж засталіся яшчэ дзялянкі, па якіх таксама  бязлітасна “прайшоўся” жук-караед. Вось сюды і накіраваўся “працоўны дэсант” вучняў і настаўнікаў на чале з дырэктарам школы.

Энтузіязм добраахвотнікаў не астуджалі ні надвор’е (лістапад усё ж такі на вуліцы!), ні зацягнутае хмарамі неба, ні нават доўгія рады для пасадак, якія цягнуліся далёка наперад. Лесніку не трэба было тлумачыць і даваць інструкцыі наконт карыстання мячом Колесава: з гэтым інструментам нашы вучні ўжо добра знаёмы за некалькі гадоў працы на лясных прасторах. Атрымаўшы пасадачны матэрыял і інструменты, яны з ахвотай прыняліся за справу, каб не прапусціць такі каштоўны для аднаўлення лесу час. Галоўнае – усвядомленасць і пазітыўныя  думкі, тады і дрэва вырасце моцным, прынясе шмат карысці прыродзе і людзям.  Ды і правесці поглядам чароды гусей, што ляцелі нізка над лесам, і маладога лася, што прабег зусім блізка ад дзялянкі, хапала часу.

Пакінуць пасля сябе гектары пасаджанага па ўсіх правілах лесу – работа вельмі сур’ёзная.  А  берагчы наша нацыянальнае багацце вучні будуць яшчэ больш, таму што на ўласным вопыце паспыталі, колькі намаганняў каштуе пасадзіць многа новых дрэў. Саджанцы пакуль што малыя, але ж меткі ў навігатары “леснікі на дзень” зрабілі – абавязкова вернуцца на гэта месца і паглядзяць на іх праз некалькі гадоў.

Марыя  Коўшык, настаўнік рускай мовы і літаратуры Канюхоўскага ясляў-сада – сярэдняй школы

 

 



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *