Весткі з Малабераставіцкага дзяржаўнага прафесійнага ліцэя перапрацоўчай прамысловасці

Лента новостей

Час святкаваць…
21 снежня, напярэдадні святаў Ражства і Новага года, у інтэрнаце Малабераставіцкага дзяржаўнага прафесійнага ліцэя перапрацоўчай прамысловасці адбылася святочная сустрэча. Падрыхтаваная да гэтай нагоды медыяпрэзентацыя стала карыснай даведкай юнакам і дзяўчатам аб беларускіх нацыянальных традыцыях святкавання Калядаў, а разам са сваімі выкладчыкамі і выхавацелямі ліцэісты спявалі песні. Удзельнікі ж клуба “Патрыёт” надалі сустрэчы сапраўдны гістарычны каларыт: яны пераапраналіся ў спецыяльныя касцюмы і паказвалі абрад калядавання.
…і рабіць добрыя справы
Члены валанцёрскага атрада “Прамень дабрыні” ў перадсвяточныя дні праявілі дабрачынную ініцыятыву: у Вялікаэйсмантаўскай бальніцы сястрынскага догляду рабяты арганізавалі акцыю “Падарым свята”, падчас якой яны наведалі сваю падшэфную ўстанову, а ў якасці падарунка прачыталі віншавальныя вершы і пакінулі салодкія прысмакі.
Бацькоўскі сход завяршыўся канцэртам
23 снежня ў ліцэі адбыўся бацькоўскі сход па выніках паўгоддзя з удзелам дырэктара навучальнай установы Эдуарда Карвацкага. 15 навучэнцаў — актывісты грамадскага жыцця і вучобы — былі ўзнагароджаны падчас мерапрыемства падзячнымі лістамі. Бацькам ліцэістаў была прадэманстравана прэзентацыя аб вучэбнай і пазакласнай дзейнасці ліцэя, а ў завяршэнне рабяты паставілі невялікі канцэрт, у якім прынялі ўдзел навучэнцы ўсіх курсаў.
Лепшай групе — падарунак!
22 снежня лепшая група ліцэя па выніках першага навучальнага паўгоддзя (дакладней — 117 група 3 курса спецыяльнасці “Повар-кандытар”) у якасці перадсвяточнага падарунка наведала Гродзенскі музей гісторыі рэлігіі. Юнакі і дзяўчаты з зацікаўленасцю пазнаёмі-ліся з экспазіцыяй “Сакральнае мастацтва”, што выстаўлялася ў тыя дні ў сценах музея, а таксама даведаліся шмат цікавага пра традыцыі і гісторыю сусветных рэлігій.
“Стартуюць усе!”
— менавіта пад такой назвай адбыліся агульналіцэйскія спартыўныя спаборніцтвы, якія доўжыліся напрацягу цэлага месяца. Самыя спрытныя навучэнцы ліцэя спаборнічалі ў эстафетах, скачках, розных відах спартыўных гульняў. Ну а лепшай была прызнаная 122 група 3 курса спецыяльнасці “Повар-кандытар”.
У вобласці — лепшыя!
Трэцяе месца заняў Малабераставіцкі дзяржаўны прафесійны ліцэй перапрацоўчай прамысловасці ў абласным конкурсе вытворчых майстэрань-лабараторый. Матэрыяльна-тэхнічнае абсталяванне, якое выкарыстоўваецца ў працэсе навучання, было прызнана адным з лепшых, у прыватнасці, для падрыхоўкі павароў-кандытараў. Дарэчы, ужо гэтая абставіна магла б пераканаць абітурыентаў у правільнасці выбару гэтай навучальнай установы.
Ліцэісты, што знаходзяцца на парозе свайго выпуску, зараз ідуць на вытворчую практыку, на якую іх запрашаюць не толькі мясцовыя прадпрыемствы, але і цэлы шэраг гродзенскіх гандлёвых і вытворчых прадпрыемстваў: ААТ “Гроднахлебпрам”, рэстараны “Золотой телёнок”, “Стары лямус”, “Гродна”, “Белые розы”, гіпермаркет “АЛМІ”.
Вікторыя ДЗЕРЖАНОВІЧ



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *