Гісторыя Вялікай Бераставіцы – на паштоўках

Год малой родины Из истории земли Берестовицкой Лента новостей

Сярод памятных дат, што змяшчае краязнаўчы каляндар Бераставіччыны на 2019 год, ёсць адметная дата ў гісторыі Вялікай Бераставіцы – 2 жніўня 1754 г. кароль польскі і вялікі князь літоўскі Аўгуст ІІІ надаў ёй Прывілей на самакіраванне. З нагоды 265-годдзя з часу атрымання нашым мястэчкам  Магдэбургскага права мясцовы краязнавец Андрэй Втарушын стварыў паштоўкі, прысвечаныя гэтаму юбілею.

Гэта ўжо трэцяя серыя памятных ілюстрацый, прысвечаная Магдэбургскаму праву ў Вялікай Бераставіцы. Папярэднія былі выпушчаны ў 2009 і 2014 гадах.

– Як настаўнік выяўленчага мастацтва, я спрабую стварыць візуальную памяць аб гістарычных падзеях нашага краю, – гаворыць Андрэй Втарушын. – Тэма Магдэбургскага права Вялікай Бераставіцы асаблівая для мяне, бо яе гісторыя мае шмат белых плямаў. Вывучэнне гэтай тэмы праз архіўныя дакументы і гістарычную літаратуру дае мне магчымасць стварыць гістарычныя замалёўкі ў выглядзе паштовак.

Дарэчы, новая паштоўка ўжо выстаўлялася на Дзень беларускага пісьменства ў Слоніме. Яна стала сапраўдным упрыгожаннем на святочнай пляцоўцы Бераставіцкай раённай бібліятэкі, якая прысвяціла юбілейнай даце сваю тэматычна-ілюстрацыйную выставу “Калі Бераставіца стала Вялікай”.

Гэта, дарэчы, далёка не адзіная тэма, да якой звяртаўся Андрэй Францавіч пры стварэнні паштовак. У свой час ён выпускаў паштоўкі да 400-годдзя з часу першага асвячэння Віленскім біскупам Бенядыктам Войнам драўлянага будынка касцёла Звеставання Найсвяцейшай Панны Марыі ў 1615 годзе, да 510-годдзя ўпаміну Вялікай Бераставіцы ў архіўных дакументах, да 400-годдзя Кватараў, да “Бераст-Фэсту”, “Бульба-МЭБу” і “Эйсмантаўскага фэсту”, а таксама юбілею Бераставіцкай ДШМ і г.д.

Дзейнасць Андрэя Втарушына не абмяжоўваецца настаўніцтвам і выданнем краязнаўчых паштовак. Ён аўтар шэрагу гістарычных брашур і сцэнічнага афармлення нашых брэндавых святаў,  стваральнік лагатыпаў і сімволікі мясцовых фэстаў.

Што ж да паштовак, то падобныя краязнаўчыя ілюстрацыі – добрая памяць аб гістарычных падзеях, значных для нашай малой радзімы.

Святлана Ганчарова, фота аўтара

 

 

 

 

 

 

 



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *