Да яе прыслухоўваюцца, ёй давяраюць

Местная власть

Эйсмантаўскі сельскі Савет быў створаны ў кастрычніку 1940 года, гэта каля 70 год таму. За гэты час яго ўзначальвалі розныя людзі. Адны на пасадзе старшыні працавалі некалькі год, другія – некалькі месяцаў. Адразу відаць, не такі гэта лёгкі хлеб –працаваць з людзьмі. Апошнія 18 год Эйсмантаўскі сельскі Савет узначальвае Людміла Мікалаеўна Фядотава. За гэты час шмат было ўсяго: і перамог, і расчараванняў, але для Л.М.Фядотавай на першым плане заўсёды застаецца чалавек з яго радасцямі і горам, праблемамі і клопатамі. Кожны з іх для яе па-свойму блізкі і дарагі. “Я, — кажа Людміла Мікалаеўна,    —  гатова    за  людзей душу аддаць, але дапамагчы, калі бачу, што без маёй дапамогі яны не абыдуцца. І людзі ёй плацяць   удзячнасцю. Жыхары сельсавета паважаюць свайго старшыню, прыслухоўваюцца да яе заўваг, давяраюць ёй. Вось і зараз, калі ў раёне праходзіць месячнік па  ўборцы могілак, жыхары в.Станявічы, па дапамогу да якіх звярнулася старшыня сельсавета,  адклікнуліся на яе просьбу. Усе разам яны зрабілі добрую справу, навялі парадак на пакінутых магілках.
Вядома, клопатаў і праблем у старшыні дастаткова, але яна заўсёды знаходзіць узаемаразуменне як з жыхарамі сельсавета, так і з кіраўніцтвам гаспадаркі, раёна.
— Людзі ў нас  вельмі працавітыя, адказныя і законапаслухмяныя, —адзначае Людміла Мікалаеўна. — Кіраўніцтва раёна і гаспадаркі таксама заўсёды гатовы аказаць дапамогу пры вырашэнні надзённых пытанняў.
З цеплынёй і павагай Л.М.Фядотава ўспамінае былога старшыню СВК імя Варанецкага М.Р.Зданчука, які на працягу 35 год яго ўзначальваў і шмат зрабіў для паляпшэння жыцця вяскоўцаў. Яны і сёння ўдзячны яму за клопат. Цяперашні старшыня сельгаскааператыва І.І.Колас таксама з паразуменнем ставіцца да просьбаў  людзей: аказвае дапамогу пры апрацоўцы прысядзібных участкаў, навядзенні парадку на зямлі і г.д.
Неацэнная дапамога ў рабоце з людзьмі і стараст вёсак, дэпутатаў, якія заўсёды ў курсе ўсіх надзённых праблем аднавяскоўцаў.
На тэрыторыі сельсавета выконваюцца ўсе сацыяльныя стандарты. Тут працуюць  тры ўстановы адукацыі: Вялікаэйсмантаўская СШ, яслі-сад і школа мастацтваў, чатыры ўстановы культуры: Эйсмантаўскія ЦДК і сельская бібліятэка, Мацеевіцкія сельскі клуб і сельская бібліятэка, чатыры медыцынскія ўстановы:       Эйсмантаўская амбулаторыя ўрача агульнай практыкі,  Эйсмантаў-ская бальніца сястрынскага догляду, Ёдкавіцкі фельчарска-акушэрскі пункт, аптэка №133 у в.В.Эйсманты, дзіцяча-юнацкая спартыўная школа, фізкультурна-аздараўленчы комплекс, конна-спартыўная школа. Жыхароў      Эйсмантаўскага сельскага Савета абслугоўваюць пяць магазінаў, два аддзяленні паштовай сувязі, комплексна-прыёмны пункт, філіял ААБ “Беларусбанк”.
Людміла Мікалаеўна вельмі любіць сваю малую радзіму, клапоціцца, каб на тэрыторыі сельсавета заўсёды было чыста і прыгожа, таму добраўпарадкаванню тут надаецца вялікая ўвага. У яе разуменні дабро – гэта рабіць дабро людзям, дабро прыродзе. Ёй хочацца, каб жыхары адчувалі сябе камфортна ў быту, каб прыгажосць прыроды прыносіла ім асалоду і задавальненне. На яе думку, немагчыма быць абыякавым да гэтай прыгажосці, бо яна робіць людзей дабрэйшымі, духоўна багацейшымі, маральна чысцейшымі. Таму нездарма сёння старшыня называе тых жыхароў, чые сядзібы прыцягваюць погляд сваёй прыгажосцю і дагледжанасцю. І вельмі радуе, што такіх людзей з кожным годам становіцца ўсё больш. Сярод іх стараста і жыхары в.Вялікія Эйсманты С.І.Іядкоўскі, А.А.Янушка,   А.Ч.Вішнеўская, А.А.Кулікоўская, С.Ю.Цыдзік, А.М.Эйсмант, Л.С.Эйсмант, А.Г.Барысевіч; Я.К.Антушэвіч з в.Вялікія Ёдкавічы; Я.Ю. Сцяцкевіч, С.А.Асьмак з в.Цыдзікі; К.В.Стралкоўская, Ю.А.Стралкоўскі, С.А.Сжалкоўская з в.Станявічы і інш.  
На маё пытанне, ці  існуюць на сённяшні дзень на тэрыторыі сельсавета невырашальныя пакуль што праблемы, Людміла Мікалаеўна адказала, што самымі актуальнымі сёння з’яўляюцца праблемы забеспячэння людзей чыстай пітной вадой (толькі ў некалькіх калодзежах у вадзе ўтрымліваецца дапусцімая норма нітратаў, у астатніх яна перавышае норму ў некалькі разоў) і пустуючыя дамы. Зараз на тэрыторыі сельсавета налічваецца іх 322. І хоць работа па выяўленню гаспадароў гэтых дамоў       вядзецца даўно, але часта здараецца так, што купля-продаж ажыццяўляецца праз натарыуса, і работнікам сельвыканкама не вядома, хто з’яўляецца яго новым уладальнікам.
А яшчэ ў Л.М.Фядотавай ёсць запаветная мара. Ёй хочацца, каб у вёскі больш прыязджала гарадскіх жыхароў, нават на лета. Бо калі ў дома ёсць гаспадар, тады і выгляд яго мяняецца і тэрыторыя вакол яго добраўпарадкоўваецца.
За добрасумленную працу на карысць людзям Л.М.Фядотава неаднаразова была ўзнагароджана граматамі абласнога і раённага Савета дэпутатаў.  А ў 2002  годзе сельсавет нават быў узнагароджаны Дыпломам пераможцы Рэспубліканскага агляду-конкурсу землекарыстання высокай культуры земляробства, добраўпарадкавання машынных двароў, жывёлагадоўчых фермаў і комплексаў і міні-трактарам. Яна і сёння помніць тое пачуццё гордасці за свой раён, свой сельсавет, а, галоўнае, за людзей, праца якіх была ацэнена па заслугах.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *