Вайна ў лёсе землякоў. У Бераставіцкай райбібліятэцы адбылася прэзентацыя кнігі, прагучалі ўспаміны

Культура Лента новостей

Вайна пакінула крывавы след у гісторыі нашага народа, у кожнай сям’і, у чалавечых лёсах. І памяць людская не сцірае тыя жудасныя і гераічныя падзеі. У год 75-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў і напярэдадні будучага юбілею Вялікай Перамогі тэма ваеннай гісторыі з’яўляецца актуальнай і закранае, у тым ліку, дзейнасць бібліятэчных устаноў. У Бераставіцкай раённай бібліятэцы імя В.М. Кавалеўскага з гэтай нагоды прайшла сустрэча, на якой была праведзена прэзентацыя кнігі мясцовага краязнаўцы Мікалая Пацэнкі “Доўгія вёрсты вайны”,  прагучалі ўспаміны землякоў Міхаіла Маскальчука і Таццяны Якімовіч аб гадах ваеннага ліхалецця, адбыўся абмен уражаннямі.

Удзельнікі мерапрыемства – навучэнцы Бераставіцкага дзяржаўнага сельскагаспадарчага ліцэя, супрацоўнікі сельскіх бібліятэк раёна і чытачы раённай бібліятэкі. Мікалай Пацэнка, які з’яўляецца аўтарам-укладальнікам  кнігі “Доўгія вёрсты вайны”, пазнаёміў прысутных са зместам выдання, з працэсам работы па збору матэрыялаў, падкрэсліўшы, што гэта кніга – вынік калектыўнай працы многіх людзей: журналістаў “Бераставіцкай газеты”, работнікаў аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама, музея Вавёркі і іншых.

Першае знаёмства з друкаваным выданнем адбылося ў музеі Вавёркі для наведвальнікаў аддзялення дзённага знаходжання для грамадзян пажылога ўзросту Тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва. Прэзентацыя кнігі  “Доўгія вёрсты вайны” ў райбібліятэцы ставіла на мэце адразу дзве задачы: перадаць эстафету памяці падрастаючаму пакаленню, паколькі ў чытальнай зале сабраліся ліцэісты, а яшчэ – прадэмастраваць сельскім бібліятэкарам, для якіх у гэты дзень быў арганізаваны раённы семінар па засваенні тэхналогій рэкламных кампаній і методыкі рэкламнага інфармавання,  форму правядзення падобных мерапрыемстваў у сябе на месцах. Экзэмпляры кнігі “Доўгія вёрсты вайны” раздадзены і ў філіялы  аграгарадкоў, а таму бібліятэкарам у хуткім часе давядзецца пазнаёміць з выданнем сельскіх чытачоў.

Не менш цікавымі аказаліся і ўспаміны жыхароў райцэнтра Міхаіла Маскальчука і Таццяны Якімовіч. Міхаіл Васільевіч расказаў пра свайго бацьку – ветэрана Вялікай Айчыннай вайны,

удзельніка партызанскага руху, ваенаслужачага ў складзе 10-й гвардзейскай танкавай брыгады, камандзіра разліку ў 138-м гвардзейскім стралковым палку, чый слаўны баявы шлях адзначаны медалямі “Партызану Айчыннай вайны” 2-й ступені, “За Перамогу над Германіяй”, “За адвагу”. Таццяна Михайлаўна расказала аб сваім апаленым вайной дзяцінстве, аб тым, што давялося перажыць у гады фашысцкай акупацыі мірным жыхарам.

Напрыканцы сустрэчы госці адказалі на пытанні.  Дырэктар раённай бібліятэкі Таццяна Марцішэвіч выказала сваё меркаванне аб прачытанай кнізе. Нагадаем,  выданне ёсць у бібліятэках раёна. Знаёмства з кнігай і яе аўтарам працягнецца і ў сельскіх філіялах.

Святлана Ганчарова



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *