Дабрачынная акцыя «Нашы дзеці» праходзіць у Бераставіцкім раёне

Актуально Лента новостей

–Наша дзяржава зробіць усё, каб кожнае дзіця было акружана клопатам і ўвагай, – сказаў Прэзідэнт краіны Аляксандр Лукашэнка. І такі клопат асабліва відавочны ў пераднавагодні час, калі дзеці чакаюць падарункаў і казачных цудаў. Вельмі важна, каб кожны хлопчык, кожная дзяўчынка маглі спаўна адчуць святочную атмасферу і паверыць у казку! Як і ва ўсёй краіне, на Гродзеншчыне, у тым ліку і ў нашым раёне, з 12 снежня па 12 студзеня ў рамках рэспубліканскай дабрачыннай акцыі “Нашы дзеці” праходзіць навагодняя акцыя. Яна сёлета як ніколі маштабная.
—Мне хацелася б адзначыць той актыўны ўдзел, што прынялі ў правядзенні акцыі працоўныя калектывы раёна,—кажа метадыст раённага аддзела адукацыі райвыканкама, дырэктар раённага аддзялення Беларускага дзіцячага фонду Наталля Кудлаш.—На рахунак фонду сродкі пералічвалі і работнікі ўстаноў, арганізацый раёна, і працаўнікі ўсіх сельгаскааператываў. Вялікі ўсім дзякуй, бо ў выніку такой дапамогі літаральна кожнаму дзіцяці будзе ўручаны навагодні падарунак, а разам з ім падораны і радасны святочны настрой.
У чацвер, 29 снежня, сто трыццыць пяць дзяцей з раёна—актывістаў школьнага жыцця, пераможцаў алімпіяд, дзяцей-інвалідаў, сірот, дзяцей са шматдзетных, прыёмных і апякунскіх сем’яў – сталі гасцямі дабрачыннага навагодняга свята, якое па традыцыі адзначаецца ў раённым Доме культуры.
На гэтым урачыстым мерапрыемстве прысутнічалі і прадстаўнікі мясцовай улады. У віншавальнай прамове, з якой звярнуўся да дзяцей старшыня райвыканкама Антон Кулісевіч, падкрэслівалася, што дзяржава праяўляе пастаянны клопат пра сваіх маленькіх грамадзян.
Дарэчы тут будзе заўважыць: раённая дабрачынная ёлка арганізавана за сродкі, выдзеленыя райвыканкамам. А раённая арганізацыя Беларускага фонду міру выдзеліла больш як 2 мільёны рублёў на падарункі ўдзельнікам гэтага святочнага мерапрыемства. Юным удзельнікам свята падарылі вясёлую і яскравую тэатралізаваную навагоднюю казку, яны вадзілі карагоды, удзельнічалі ў конкурсах, атрымалі падарункі.
– Да слова, у рамках дабрачыннай навагодняй акцыі “Нашы дзеці” 662 вучні пачатковых класаў атрымалі салодкія навагоднія падарункі, купленыя зноў жа за сродкі, выдзеленыя з раённага бюджэту. А раённае аддзяленне Беларускага дзіцячага фонду паклапаціліся пра падарункі малым ад 3 да 8 гадоў з апякунскіх, прыёмных і многіх шматдзетных сем’яў.
Навагоднія ранішнікі прайшлі ва ўсіх дашкольных установах і школах раёна. А дваццаць вучняў былі ўзнагароджаны паездкай на абласное навагодняе свята. Гэта дзеці, якія засталіся без бацькоўскай ласкі, дзеці са шматдзетных і малазабяспечаных сем’яў, а таксама пераможцы вучнёўскіх алімпіяд, творчых конкурсаў, спартыўных спаборніцтваў, актывісты школьнага жыцця.
Цэнтральная падзея навагодняга свята ў нашай краіне—галоўная ёлка ў Палацы Рэспублікі. На ёй пабывала ўжо не адна тысяча беларускіх дзяцей. А 27 снежня на дабрачынным свяце для дзетвары, ганаровым госцем быў сам Прэзідэнт.
—Ці пашчасціла каму з нашых дзяцей пабываць у гэты дзець у Палацы Рэспублікі? — пацікавілася я ў Наталлі Кудлаш.
—Вядома. Гэта вучаніца 5 класа Пархімаўскай базавай школы Вольга Сінкевіч. Дзяўчынка выхоў-ваецца ў апякунскай сям’і, добра вучыцца, прымае актыўны ўдзел у жыцці класа і школы, удзельнічае ў гуртках па інтарэсах. А шасцікласнік Макараўскага вучэбна-педагагічнага комплексу дзіцячы сад-сярэдняя школа Валерый Барцэвіч, які таксама пабываў у Мінску, са шматдзетнай сям’і. Бацька хлопчыка, Леанард Леанардавіч, механізатар мясцовага сельгаскааператыва, мама, Алена Антонаўна, — прыбіральшчыца памяшканняў. Жанчына ўзнагароджана ордэнам Маці: у сям’і васьмёра дзяцей. Валера—выдатнік вучобы і актыўны ўдзельнік грамадскага школьнага жыцця.
І для Вольгі, і для Валеры пабываць на самай галоўнай дзіцячай ёлцы краіны было вялікай падзеяй і радасцю. Яны вярнуліся з Мінска шчаслівыя, з падарункамі! І цяпер дзеляцца з роднымі і сябрамі шматлікімі незабыўнымі ўражаннямі.
—Што яшчэ чакае нашых маленькіх землякоў у рамках дабрачыннай навагодняй акцыі?
—Шмат цікавых святочных мерапрыемстваў. Да прыкладу, для гурткоўцаў у Цэнтры дзіцячай творчасці, для выхаванцаў Цэнтра карэкцыйна-развіваючага навучання ўжо былі праведзены святочныя ранішнікі. А 5 студзеня навагодняе свята чакае прыёмныя і апякунскія сем’і, яно таксама спансіруецца раённым аддзяленнем Беларускага дзіцячага фонду. Не будуць абдзелены ўвагай і падарункамі і дзеці, якія ў навагодняе свята знаходзяцца на бальнічным стацыянары.
З наступаючым Новым годам усіх, і ў першую чаргу маленькіх жыхароў раёна! Няхай ён будзе шчаслівым і радасным!
Марыя Драпеза



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *