«Культработнік на вёсцы – на ўсе рукі майстар: інтэрв’ю з Валянцінай Шыш

Культура Лента новостей

У чарадзе прыгожых кастрычніцкіх святаў у нашай краіне – Дзень работнікаў культуры. Гэта прафесійнае свята людзей, занятых у адной з самых цікавых і ў той жа час складаных сфер. У нядзелю, 13 кастрычніка, віншаванні прымуць супрацоўнікі дамоў культуры і клубаў, бібліятэк, школ мастацтваў і музеяў. Гэта людзі, якія не проста выконваюць службовыя абавязкі, а глыбока ўсведамляюць і адчуваюць усё прыгожае, што акружае нас, даносяць гэту прыгажосць да сваіх землякоў і робяць усё дзеля таго, каб наша грамадства не пазбавілася духоўных і эстэтычных каштоўнасцей.

Наколькі складана гэта рабіць у сельскай мясцовасці, удалечыні ад тэатраў, буйных сцэнічных пляцовак і з мінімальнай матэрыяльна-тэхнічнай базай, не па чутках ведае мастацкі кіраўнік філіяла па культурна-дасугавай дзейнасці аг. Алекшыцы Валянціна Шыш – работнік культуры з 22-гадовым стажам.

– Культработнік на вёсцы – на ўсе рукі майстар, – гаворыць Валянціна Фёдараўна. – Шмат чым даводзіцца займацца, паколькі культурная дзейнасць ахоплівае шмат кірункаў, і трэба мець пэўны навык у кожным з іх. Разнастаіць вольны час насельніцтва, зрабіць яго насычаным, рознабаковым ва ўмовах сельскай мясцовасці – справа няпростая. Удваіх з загадчыкам філіяла Уладзімірам Макарам мы мала б што маглі зрабіць. Толькі разам – з землякамі, якія захапляюцца аматарскай творчасцю, з мясцовымі органамі ўлады і намеснікам дырэктара па ідэалагічнай рабоце РСУП “Алекшыцы” Ганнай Міхаленка, з работнікамі ўстаноў культуры і адукацыі. І калі ёсць аддача ад такой сумеснай работы, калі я бачу радасць на тварах людзей, з’яўляецца энтузіязм і жаданне працаваць.

Тое, што стварэнне пэўнага культурнага асяродка на вёсцы – вынік калектыўнага ўзаемадзеяння, Валянціна Фёдараўна зразумела, калі апынулася ў Алекшыцах. Родам са Свіслацкага раёна, яна скончыла Гродзенскае педвучылішча па спецыяльнасці “настаўнік спеваў і музычнай адукацыі”. Тры гады адпрацавала ў Драгічынскім раёне, і нягледзячы на маляўнічыя пейзажы Дняпроўска-Бугскага канала, вырашыла вярнуцца бліжэй да родных мясцін. Уладкавалася выхавальніцай у Алекшыцкі дзіцячы яслі-сад.

Як творчая натура, адразу ўцягнулася ў мясцовае культурнае жыццё. Спявала ў хоры, удзельнічала ў культурна-масавых мерапрыемствах, навагодніх ранішніках. Зразумела, што гэта справа ёй па душы. І калі тагачасны дырэктар Дома культуры Таццяна Эйсмант прапанавала заняць пасаду мастацкага кіраўніка, згадзілася.

Пачалася работа. Сваё развіццё атрымаў тэатральны жанр. У 2007 годзе мясцовыя акцёры, аб’яднаўшыся ў калектыў “Вяскоўцы” пад кіраўніцтвам Валянціны Фёдараўны, атрымалі званне “народны”. Папулярнасцю ў дзяцей карысталася аматарскае аб’яднанне актыўнага адпачынку “Затейник” з турыстычнымі- і велапаходамі, разнастайнымі гульнявымі праграмамі. Дзейнічаў дзіцячы фальклорны калектыў “Валошкі”, удзельнікі якога не толькі спявалі, але і ладзілі абрадавыя праграмы, паспяхова выступалі на раённых і абласных конкурсах. Сённяшні пераемнік “Валошак” – гурток сольных спеваў “Фа-Соль-Ка”. Створаны ў 1980-я гады дарослы фальклорны калектыў “Вясёлая бяседачка” з цягам часу набыў сваю адметнасць, вызначаецца сваім непаўторным каларытам і самабытнасцю, што, дарэчы, сёлета прадэманстраваў на абласным фестывалі “Скарбы Гродзеншчыны”.

У Алекшыцах сталі традыцыйнымі навагоднія спектаклі, тут праводзяць абрад калядавання, першымі ў раёне распачалі ладзіць зажынкі, святкуецца Дзень жывёлавода і свята сям’і. Алекшыцкія вакалісты адметныя на ўвесь раён і не толькі. Цікавыя змястоўныя сустрэчы праводзяцца для людзей сталага ўзросту ў аматарскім аб’яднанні “Дамаседы-непаседы”. А мясцовы этнакуток, адзіны ў раёне, створаны накшталт даўняга сялянскага пакоя. Дарэчы, экспанаты для яго сабраны Валянцінай Фёдараўнай і Уладзімірам Мікалаевічам з уласных сямейных рэчаў, якія дасталіся ім ад бабуль і дзядуль.

У Алекшыцах, як нідзе, масава праходзяць дыскатэкі, на іх гучыць жывая музыка, праводзяцца тэматычныя праграмы і прафілактычныя мерапрыемствы. Цяпер культработнікі актыўна рыхтуюцца да 70-гадовага юбілею мясцовай гаспадаркі.

Валянціна Шыш – у эпіцэнтры ўсіх падзей. Яна рыхтуе сцэнарыі мерапрыемстваў, плануе работу давераных ёй аматарскіх аб’яднанняў і гурткоў, сама спявае і ўдзельнічае ў пастаноўках.

– Галоўнае ў нашай працы – гэта супрацоўніцтва і добрыя зносіны з людзьмі, – лічыць Валянціна Фёдараўна. – Мне больш па душы работа з дзецьмі, таму што яны хутка загараюцца ўсім новым і з задавальненнем наведваюць клуб. Некаторыя працягваюць удзельнічаць у мясцовых мерапрыемствах, нават скончыўшы школу. Нягледзячы на складанасці, якіх, вядома ж, хапае, мы стараемся зрабіць жыццё вяскоўцаў ярчэйшым і больш радасным.

Святлана Ганчарова,
фота аўтара



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *