Экскурс у мінулае: гісторыя Бераставіцкага раёна

75 лет Гродненской области Актуально Из истории земли Берестовицкой Лента новостей

Наша малая радзіма мае сваю слаўную гісторыю і таленавітых працавітых землякоў, якія ўнеслі важкі ўклад у развіццё народнай гаспадаркі, навукі, культуры і мастацтва рэгіёна. Зробім невялічкі гістарычны экскурс у пачатак 75-гадовага прамежку часу, калі пайшоў адлік самастойнай тэрытарыяльнай адзінкі – Бераставіцкага раёна.

1944 год… Доўгачаканае вызваленне ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў… Мірнае жыццё ў родным краі пачало наладжвацца з неймавернымі цяжкасцямі. Аблвыканкам зацвердзіў першы склад Бераставіцкага райвыканкама, які ўзначаліў Аляксандр Шламанаў. Галоўнай задачай партыйных і гаспадарчых органаў у пасляваенныя гады было аднавіць разбураную вайной гаспадарку, дамагчыся павышэння эфектыўнасці сельскагаспадарчай вытворчасці, палепшыць сацыяльна-культурныя ўмовы жыцця людзей.

У лютым 1945 года выканкам райсавета прыняў рашэнне “Аб развіцці жывёлагадоўлі і захаванні пагалоўя жывёлы ў раёне”. Усе грамадзяне абавязваліся захаваць і выкарміць маладняк з наступным продажам яго дзяржаве.

10 лютага 1945 года ў жыцці раёна, як і ў жыцці ўсяе Беларусі, адбылася значная палітычная па­дзея — выбары ў Вярхоўны Савет СССР. У Савет Нацыянальнасцей быў вылучаны Сяргей Восіпавіч Прытыцкі, слухач Вышэйшай партыйнай школы пры ЦК ВКП (б).

Ужо ў 1945 годзе ў раёне ствараюцца першыя калгасы. Імі сталі калгас “1-е Мая”, арганізаваны ў былым маёнтку Вайцехаўшчына, калгас “Кастрычніцкая рэвалюцыя” ў маёнтку Людзвінова і “Перамога” ў Старым Дворцы. На базе маёнтка Масаляны ў сакавіку 45-га была створана плодаагароднінная гаспадарка.

Актыўна вялося ў раёне будаў­ніцтва. У Плане капітальнага будаўніцтва прадугледжвалася пабудаваць лесапільны завод на станцыі Бераставіца, школы ў Рымуцеўцах, Пыхоўчыцах, Лапенеўцах і Парэччы, распачаць будаўніцтва кінатэатра, гасцініцы на 20 месцаў, ветэрынарнай лячэбніцы, раённай амбулаторыі, санэпідэмстанцыі, клуба і пажарнага дэпо ў Вялікай Бераставіцы, бальніцы ў Макараўцах.

Жыхары вёскі Рудаўляны пачалі па сваёй ініцыятыве будаваць талакой пачатковую школу. Працягвалася распачатае яшчэ ў 1945 годзе будаўніцтва цагельнага завода ў Канчанах. Адкрыўся клуб у Малой Бераставіцы, аднавіліся клуб у Бераставічанах і млын у Кудрычах.

Актыўна будаваліся новыя і аднаўляліся разбураныя адмініс­трацыйныя і вытворчыя будынкі, масты. У чэрвені 1945 года “каробка” будынка па вул. Дзяржынскага перададзена для аднаўлення работы сталовай у райцэнтры, а па вул. Беластоцкай выдзелены будынак для канторы.

Шляхам народнай будоўлі былі пабудаваны першыя памяшканні Бераставіцкай СШ.

Да 7 лістапада 1948 года завершаны мантаж абсталявання для механізацыі ўсіх працэсаў на маслазаводзе.

На пачатак 1945 года ў школах працавала 111 настаўнікаў, медработнікаў налічвалася 70 чалавек. У пасляваенны час вышэйшую адукацыю ў раёне мелі толькі 19 чалавек.

1 верасня 1944 года заняткі пачаліся ў 35 школах раёна. Па стану на 7 лістапада 1952 года ў галіне народнай асветы працавала 4 сярэднія школы, 15 сямігадовых, 30 пачатковых, вячэрняя школа рабочай моладзі, 10 вячэрніх школ сельскай моладзі. Да 1952 года ліквідацыя непісьменнасці ў раёне ў асноўным была закончана.

У 1952 годзе пачалося будаўніцтва раённай бальніцы на 75 ложкаў у г.п. Вялікай Бераставіца і ўчастковай на 25 ложкаў у Макараўцах. І ўжо ў 1956 годзе раённая бальніца была пераведзена з Белага Дворка ў новае памяшканне, а на яе месцы адкрылі туберкулёзны стацыянар.

У 1973 годзе быў пабудаваны новы Дом культуры ў г.п. В. Бераставіца, на сродкі калгасаў імя Леніна і імя Варанецкага – Дамы культуры ў вёсках Алекшыцы і Вялікія Эйсманты, многія Дамы культуры, сельскія клубы і бібліятэкі ўпарадкаваны. Для раённай дарослай і дзіцячай бібліятэк адрамантавалі і абсталявалі будынак былой сярэдняй школы.

АПК – аснова дабрабыту

Аграрны сектар з’яўляецца ключавой сферай народнай гаспадаркі Бераставіччыны, ад развіцця якога ў значнай ступені залежыць дабрабыт насельніцтва. Сёння па асноўных вытворчых паказчыках наш раён – адзін з лепшых не толькі ў вобласці, але і ў рэспубліцы. Сельгаспрадпрыемствы Бераставіччыны годна працягваюць працоўныя традыцыі пасляваеннага пакалення.

“Гвардыя” Варанецкага

Пачатак самага буйнага сельгаспрадпрыемства раёна – КСУП імя Варанецкага – быў пакладзены ў далёкім 1949 годзе. Пасля шэрагу ўзбуйненняў старшынёй гаспадаркі быў абраны дырэктар мясцовай школы Андрэй Максімавіч Варанецкі, які смела ўзяў курс на павышэнне эфектыўнасці вытворчасці і паляпшэнне жыцця калгаснікаў. Гаспадарка стала называцца «Гвардыя».

 

Перад Андрэем Максімавічам стаяла нялёгкая задача – вывесці вытворчасць на зусім новы ўзровень. Не без цяжкасцяў, але яму гэта ўдалося. Дзякуючы яго наватарскаму погляду калгас апынуўся ў спісе лідзіруючых не толькі ў Беларусі, але і ва ўсім СССР. «Гвардыя» ўвайшла ў лік калгасаў-мільянераў.

У 1966 годзе Андрэю Максімавічу Варанецкаму было прысвоена званне Героя Сацыялістычнай Працы. А праз год за дасягнутыя поспехі ў развіцці земляробства і жывёлагадоўлі калгас «Гвардыя» быў адзначаны вышэйшай дзяржаўнай узнагародай СССР – ордэнам Леніна. Высокую ўзнагароду калектыву ўручыў тады сакратар ЦК КПБ Сяргей Прытыцкі.

Быць у авангардзе

У 1972 году пераназваную ў гонар былога старшыні Варанецкага гаспадарку ўзначаліў Мікалай Зданчук.

– Пасада надзвычай адказная, таму пэўныя страхі і хваляванні прысутнічалі, – успамінае Мікалай Рыгоравіч. – Значна дапамог той факт, што я чалавек мясцовы. Пабудаваўшы для сябе выразны план працы, перш за ўсё ўзяўся за стварэнне адказнай, надзейнай, дысцыплінаванай каманды работнікаў. Патрабавалася тэрміновае паляпшэнне эканамічнага становішча, вырашэнне праблемных пытанняў у будаўнічай сферы. Было нялёгка, але сумеснымі намаганнямі спецыялістаў і калектыву мы многае пераадолелі. У перыяд з 1972 па 1990 гады было завершана будаўніцтва Дома культуры, пабудаваны два жывёлагадоўчых комплексы, басейн, фізкультурна-аздараўленчы комплекс і многія іншыя аб’екты вытворчага і сацыяльнага прызначэння. На першым месцы заўсёды быў клопат аб людзях. Хацелася стварыць максімальна камфортныя ўмовы для ўсебаковага развіцця насельніцтва, каб кожны знайшоў занятак па душы, а моладзь затрымлівалася ў вёсцы.

І сапраўды. За 35-гадовую працоўную дзейнасць Мікалаю Зданчуку ўдалося зрабіць многае. Палепшыўся дабрабыт людзей, у тры разы павялічыліся вытворчыя паказчыкі. А ўзначалены ім калгас не аднойчы выходзіў пераможцам абласнога, рэспубліканскага і Усесаюзнага спаборніцтваў, узнагароджваўся пераходным Чырвоным сцягам. Пры гэтым Мікалай Рыгоравіч і сам быў адзначаны шэрагам высокіх узнагарод – ордэнам Працоўнага Чырвонага Сцяга, ордэнам Леніна, ордэнам Кастрычніцкай Рэвалюцыі. Ён з’яўляецца заслужаным работнікам сельскай гаспадаркі Рэспублікі Беларусь.

Раён – адзін з лепшых у вобласці і рэспубліцы

Заслужаны работнік сельскай гаспадаркі Рэспублікі Беларусь Іван Захарчук многае зрабіў для таго, каб бацькоўскі край быў багатым і прыгожым, каб людзям жылося на малой радзіме добра і камфортна. Увесь працоўны шлях Івана Максімавіча – ад калгаснага агранома ды старшыні раённага выканаўчага камітэта – пройдзены на роднай зямлі.

А пачынаць давялося ў калгасе «17-е верасня». Тады гэту гаспадарку ўзначальваў былы аграном сельгасупраўлення Мікалай Зданчук. У асобе маладога агранома Івана Захарчука ён знайшоў не проста аднадумца, але і паплечніка. Праца ў калгасе «17-е верасня» стала і для агранома, і для старшыні добрай школай і свайго роду трамплінам.

– У 28 гадоў я стаў старшынёй калгасу «Шлях да камунізму», – распавядае Іван Максімавіч. – Тыя восем гадоў кіраўніцтва навучылі мяне шмат чаму. Напрыклад, як важна для дасягнення мэты згуртаваць калектыў, мець высокапрафесійныя і адказныя кадры, шмат ведаць у заканадаўчай сферы, умець абапірацца на людзей, быць для іх настаўнікам, дарадцай і ў той жа час заставацца па-разумнаму патрабавальным. За гэты час былі рэканструяваны фермы, наладжана тэхналогія вырошчвання цёлак на ўзнаўленне – надоі на карову выраслі да 3,5 тысяч літраў малака. Калгас «Шлях да камунізму» ішоў ужо другім пасля імя Варанецкага. Па эканамічным стане гаспадарка займала чацвёртае, затым трэцяе месца ў раёне.
Менавіта тады Іван Захарчук быў узнагароджаны ордэнам «Знак Пашаны».

Далей – новыя прыступкі працоўнага шляху. Загадчык аддзела сельскай гаспадаркі райкама партыі, начальнік сельгасупраўлення райвыканкама, старшыня Бераставіцкага райвыканкама.

– Адна справа ўзначальваць сельгасгаліну, – успамінае Іван Максімавіч, – іншае – цэлы раён, калі адказваеш за ўсё. 1996 год быў вельмі няпростым для краіны – наладжваліся разбураныя сувязі паставак камплектуючых для прадпрыемстваў, шукаліся шляхі экспарту прадукцыі. І ў той жа час у сельскай гаспадарцы ўкараняліся сучасныя тэхналогіі. Па вопыт ездзілі ў Галандыю, Германію, многае змянялася ў вытворчасці малака: новае абсталяванне ўжо дазваляла адной даярцы даіць 100-150 кароў. Непатрэбнай стала ручная праца на вырошчванні цукровых буракоў.

Раён упэўнена ішоў у ліку лідараў у вобласці, быў сярод лепшых і ў рэспубліцы, неаднаразова ўзнагароджваўся. Івану Максімавічу быў уручаны Падзячны Ліст Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь. А пасведчанне звання «Заслужаны работнік сельскай гаспадаркі Рэспублікі Беларусь» ён атрымліваў з рук самога Прэзідэнта.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *