На дапамогу сябрам: як бераставіцкія камбайнеры дапамагалі хлебаробам Польшчы

Из истории земли Берестовицкой Лента новостей

Парадавала лета багатым ураджаем. Хлебаробы раёна з гектара пасеваў сабралі па 45 цэнтнераў збожжа. Многія камбайнеры дабіліся рэкордных намалотаў. Цяпер лепшыя з іх дапамагаюць убіраць ураджай сваім суседзям, хлебаробам Польшчы.

У мінулую нядзелю (30 жніўня 1987 г. – заўвага рэд.) на дапамогу ў брацкую краіну з раёна адпраўлена цэлая калона камбайнаў, два бензавозы, дзве “лятучкі”. Непадалёку ад граніцы адбыўся ўрачысты мітынг. Адкрыў яго першы сакратар райкама КПБ М.М. Салдатаў. Ён павіншаваў камбайнераў з паспяховым завяршэннем уборкі, высокімі намалотамі, выказаў упэўненасць, што і ў Польшчы, у гмінах Грудэк і Крынкі, яны добра папрацуюць, дапамогуць сабраць вырашчаны ўраджай.

На здымку: падчас мітынгу на граніцы. Фота Фёдара Арэшкіна.

Слова на мітынгу папрасілі камбайнер калгаса “Чырвоны Кастрычнік”, звеннявы ўборачнага звяна Анатоль Карлюк і слесар райаграпрамтэхнікі Арсень Карпач. Абодва добра праявілі сябе на ўборцы ў сваім раёне. Звяно Карлюка, 4 экіпажы, якія працуюць па адзінаму нараду, намалаціла 1671 тону збожжа. “Лятучка” Арсеня Карпача прыходзіла своечасова ў тыя гаспадаркі, з якіх паступаў сігнал аб тым, што тэрмінова патрэбна тэхнічная дапамога.

І камбайнер, і шафёр заверылі ад імя ўсіх сваіх таварышаў, што і ў Польшчы пакажуць сябе з самага найлепшага боку, папрацуюць не горш, чым на сваіх палях.

На мітынгу прысутнічалі першыя сакратары гмінных камітэтаў Грудэк і Крынкі ПАРП Юрэк Цыванюк і Аліцыя Трызна. Юрэк Цыванюк падзякаваў за вельмі каштоўную ініцыятыву суседняга беларускага раёна. Сказаў, што з-за пастаянных дажджоў удалося ўбраць толькі палавіну ўраджаю, так што дапамога земляробам вельмі патрэбна. Ю. Цыванюк падкрэсліў, што дружба паміж двума народамі даўняя і, звярнуўшыся да камбайнераў, папрасіў іх адчуваць сябе ў Польшчы так, як быццам ніякая граніца нас не дзеліць.

У ліку камбайнаў, якія накіраваны ў ПНР, два камбайны «Дон». У гэтым годзе ўпершыню з’явіліся яны на палях раёна і вельмі добра паказалі сябе, асабліва на ўборцы палеглых пасеваў. Камбайнер калгаса імя А. М. Варанецкага Міхаіл Хмарук, які таксама цяпер працуе ў брацкай краіне, на камбайне «Дон-1500» намалаціў звыш тысячы тон збожжа.

***

Група камбайнераў з Бераста­віччыны на працягу тыдня ўбірала ўраджай ў гмінах Грудэк і Крынкі. Звыш 1300 тон збожжа намалацілі яны. Частку заробленых грошай камбайнеры пералічылі на будаўніцтва навукова-даследчага медыцынскага цэнтра ў Лодзі.

А праз некаторы час з візітам у адказ у Бераставіцкі раён прыехалі польскія механізатары з гміны Грудэк са сваёй тэхнікай, каб дапамагчы нашым земляробам на ворыве глебы. Усяго на іх рахунку было звыш 200 гектараў узаранай глебы ў калгасах “Чырвоны Кастрычнік”, “Перамога”, “Шлях да камунізму”. Польскія механізатары частку заробленых грошай пералічылі ў Савецкі Фонд міру.

Падрыхтаваў да друку Сяргей Хілюта



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *