“Поле Машэрава” — на Бераставіччыне

Из истории земли Берестовицкой Лента новостей

Ёсць установы, арганізацыі, мясціны, імя якім прысвойваюць афіцыйна — пастановамі, дэкрэтамі, рашэннямі. А ёсць месцы, назвы якім дае народ. Пасля трагічнай гібелі 4 кастрычніка 1980 г. кандыдата ў члены Палітбюро ЦК КПСС, Першага сакратара ЦК КПБ П.М. Машэрава, Цэнтральны Камітэт Кампартыі Беларусі і ўрад БССР пастанавілі перайменаваць Паркавую магістраль — адну з галоўных вуліц Мінска — у праспект Машэрава. Школе і саўгасу ў Расонскім раёне і акіянскаму цеплаходу таксама прысвоена яго імя. Але ні ў адным даведніку, ні ў якім дакуменце вы не знойдзеце ўпаміну аб “Полі Машэрава”. А яно існуе і не дзе-небудзь, а на Бераставіччыне. Вось некалькі ўспамінаў аб прыездзе П.М. Машэрава ў наш раён.

П.М. Машэраў з удзельнікамі рэспубліканскага семінара па сельскай гаспадарцы ў калгасе імя А.М. Варанецкага

Мікалай Якаўлевіч Мешчаня, былы старшыня калгаса імя Леніна:

— У нашым калгасе Пётр Міро­навіч быў двойчы. Першы раз ён прыязджаў у час жніва ў 1969 го­дзе. Пабыў у канторы, якая размяшчалася ў фінскім доміку, уважліва выслухаў мой расказ аб развіцці гаспадаркі, аб нашых праблемах. Шчыра занепакоіўся тым, што, маючы добры прыбытак і грошы, мы не можам пабудаваць клуб і кантору. Потым мы паехалі на жытнёвыя палеткі пад Гольнямі. Калі спыніліся на пожні сярод снапоў саломы, хтосьці з суправаджаючых падняў некалькі каласкоў і пагрозліва зірнуў на мяне. А ў той год, як у нас часта бывае, надвор’е было няўстойлівым, ішлі дажджы. Машэраў перахапіў гэты позірк і зазначыў, што ў такое надвор’ е трэба ўсе сілы кінуць, каб сабраць важкі колас са сцябла, а то кінемся за каласкамі і згубім цэлыя палеткі. Гэты гаспадарскі падыход мне вельмі спадабаўся. Тут я выказаў нашу незадаволенасць камбайнамі: яны былі непрыдатныя да ўборкі добрага ўраджаю. У адказ Пётр Міронавіч запэўніў, што гэтыя праблемы ён добра ведае, вырашыць рэспубліцы іх немагчыма, а вось на Палітбюро гэтыя пытанні ўжо ставіліся неаднаразова. Чакаецца з’яўленне камбайнаў новай серыі — больш магутных. Пётр Міронавіч доўга гутарыў з механізатарамі, цікавіўся ўмовамі працы, аплаты і іх харчаваннем.

Другі раз Машэраў прыязджаў у калгас, калі праз нашу гаспадарку праходзіў маршрут Усесаюзнага занальнага семінара па пытаннях механізацыі працаёмкіх працэсаў у жывёлагадоўлі. Удзельнікі семінара знаёміліся з арганізацый працы ў валоўніках на Алекшыцкай ферме.

Фадзей Дзмітрыевіч Курыла, былы старшыня Пархімаўскага сельсавета:

— Вясной 1971 года ў калгасе імя Горкага праводзілася навукова-практычна канферэнцыя па ўкараненні брыгаднага падраду ў жывёлагадоўлі. На канферэнцыю павінен быў прыехаць П.М. Машэраў. Мы з калгасным кіраўніцтвам стаялі каля канторы і чакалі гасцей . Так здарылася, што Пётр Міронавіч прыехаў першым, раней за абласное начальства. Тады яшчэ не было заведзена сустракаць яго з хлебам-соллю, з кветкамі. Павітаўшыся з намі за руку, ён пажартаваў наконт таго, што паспеў прыехаць з Мінска раней за мясцовае начальства, з якім дзесьці размінуўся ў дарозе. Потым мы разам з высокім госцем паехалі на ферму “Даўбянкі”, дзе ён падрабязна азнаёміўся з умовамі працы, гутарыў з жывёлаводамі .

Сама навукова-практычная канферэнцыя праходзіла ў спартыўнай зале Пархімаўскай школы. Пётр Міронавіч выступіў з прамовай, даў высокую ацэнку рабоце нашых працаўнікоў, паставіў задачы па ўкараненні новых форм арганізацыі працы ў вобласці.

Я прысутнічаў на абедзе, які праходзіў пасля завяршэння семінара. Першы тост сказаў старшыня нашага калгаса Сяргей Уладзіміравіч Сакалоўскі. Ён падзякаваў Пятра Міронавіча за высокую ацэнку працы нашых калгаснікаў, за тую вялікую ўвагу, якую ўдзяляе кіраўніцтва рэспублікі развіццю сельскай гаспадаркі. Пётр Міронавіч, які выступіў пасля яго, падзякаваў кіраўніцтва вобласці, раёна і калгаса за плённую працу, за ўважлівыя адносіны да людзей і за цёплы прыём, пажадаў поспехаў у далейшай рабоце. Варта адзначыць, што П.М. Машэраў праз якіх-небудзь паўгадзіны развітаўся…

Мікалай Мікалаевіч Булай былы галоўны заатэхнік калгаса імя А.М. Варанецкага:

— Восенню 1974 года П.М. Ма­шэраў наведаў адкормачную пляцоўку на комплексе “Рыму­цеўцы”. Ён застаўся задаволены арганізацыяй працы, укараненнем механізацыі ў вытворчасць. Запомнілася, што на стале стаяў кошык з буйнымі залацістымі яблыкамі, якімі мы частавалі высокіх гасцей. Хтосьці з мінчан сказаў, што яблыкі — гатунку “белы наліў”. Пётр Міронавіч запярэчыў, што яблыкі «белы наліў» — гэта летні гатунак, а цяпер ужо восень. Узяўшы некалькі яблыкаў, ён падышоў да натоўпу людзей і папрасіў іх вырашыць спрэчку. Тут і завялася размова з людзьмі аб іх працы, праблемах. Нас усіх уразіла яго ўважлівасць, карэктнасць і даступнасць.

Марыя Іванаўна Рыжко, жыхарка г.п. Вялікая Бераставіца:

— Я працавала тады ў магазіне “Культтавары” прадаўцом. Мне было даручана ў Рымуцеўцах у той дзень гандляваць кнігамі. Разам з кнігамі мы арганізавалі кніжную латарэю. Да століка ў акружэнні іншых падышоў Пётр Міронавіч. Прывітаўшыся, ён пацікавіўся, якія кнігі больш раскупляюцца насельніцтвам, ці карыстаецца попытам беларуская літаратура. “А цяпер я таксама хачу купіць ваш латарэйны білецік”, — сказаў і палез у кішэню па манетку. Я разгубілася… «Не трэба. Пётр Міронавіч, я вам білецік падару”, — неўзабаве знайшлася я. “За сваю манетку і выйгрыш будзе для мяне даражэйшы”, — адказаў Машэраў. Я падала выйграную ім кнігу, і ён тут жа падараваў яе камусьці з калгаснікаў, якія назіралі за ўсім крыху збоку.

Вацлава Уладзіміраўна Прэдка, былая старшыня Эйсман­таўскага сельсавета:

— Улетку 1979 года праз наш кал­гас праходзіў маршрут рэспуб­ліканскага семінара. Пётр Міронавіч пазнаёміўся з май­стэрнямі, Домам культуры, заглянуў у магазіны. Каля магазіна сабраліся людзі, з якімі ён доўга гутарыў. Помніцца, пацікавіўся, ці заўсёды так багата ў магазінах, ці гэта толькі ў сувязі з прыездам высокага начальства. Запытаўся, колькі сотак буракоў яны апрацоўваюць. Памятаю, А.Г. Баліцкая адказала, што па цэламу гектару. Пётр Міронавіч сумеўся ад такога адказу і зазначыў, што гэта вельмі шмат для жанчын і ўсё робіцца для таго, каб поўнасцю механізаваць вырошчванне буракоў. У мяне захаваўся фотаздымак той сустрэчы. Я берагу яго як дарагую рэліквію.

У фае Дома культуры белымі абрусамі былі накрыты фуршэтныя сталы. На іх быў пастаўлены сялянскі пачастунак — дамашнія каўбасы, паляндвіца, марынованыя грыбы і розныя саленні, у талерках ляжаў клінковы сыр, які вельмі любіў Пётр Міронавіч, стаялі самавары з гарачым чаем… Перакус працягваўся мінут 25-30. Побач з Машэравым стаялі першы сакратар Гродзенскага абкама партыі Л.Г. Кляцкоў, старшыня Гродзенскага аблвыканкама Г.Ф. Фамічоў, першы сакратар Бераставіцкага райкама партыі М.М. Рыбак і старшыня нашага калгаса М.Р. Зданчук. Потым маршрут семінара пралягаў на тэрыторыю Луцкаўлянскага калгаса.

Ніна Саваўна Андрушэвіч, былая старшыня прафкама калгаса “Пагранічны”:

— Вясной 1980 года “машэраўскі верталёт” прызямліўся на нашым полі. Тут на мінулагодняй канюшыне калгаснікі збіралі каменні. Мы, вядома, ведалі, што прыляціць Машэраў, нават крыху падрыхтаваліся да гэтага: скіпяцілі малака, напяклі піражкоў. Пётр Міронавіч доўга гутарыў з кіраўніцтвам раёна і калгаса, потым падышоў да калгаснікаў. На полі было вельмі мокра, таму мы і не здзівіліся, што ён быў у даволі высокіх гумовых ботах. Цікавіўся, колькі зарабляюць калгаснікі, ці застаецца моладзь у гаспадарцы, ці хапае часу на газеты і кнігі … 3 таго часу і сталі людзі называць гэтае поле “ Машэраўскім”.

Мікалай Пацэнка, навуковы супрацоўнік музея Вавёркі



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *