Малады кандытар з Бераставіцкага раёна стала прызёрам рэспубліканскага конкурсу

Актуально Человек и его дело

Праходзіў рэспубліканскі конкурс у горадзе Пружаны і запомніцца Вераніцы на ўсё жыццё. Дзяўчына атрымала на ім сапраўды высокую ўзнагароду: Дыплом ІІІ ступені! На здымку яна трымае ў руках не свой конкурсны пірог—ён, разам з конкурсным тортам “Белая Вежа”, які таксама высока ацаніла журы, застаўся толькі на фотаздымку, зробленым у Пружанах. На жаль, якасць таго фотаздымка не дазваляе надрукаваць яго ў газеце. Магу толькі засведчыць: прысмакі канкурсанткі ўражваюць прыгажосцю—зубчатую Белую Вежу абвівае ружа з шыкоўнымі кветкамі, а “Бабулін” пірог з павідлам далікатна аздабляе апетытная сетачка з пышнай касой вакол яе.
—Я вельмі хвалявалася ў пачатку конкурсу,—дзеліцца Вераніка Янчык.—У Пружаны прыехалі самыя здольныя маладыя повары, кандытары і афіцыянты з усёй краіны.
Ад Гродзеншчыны кандытараў прадстаўлялі я і яшчэ адна дзяўчына—абедзве перамаглі ў адборачным абласным конкурсе ў Зэльве. Ну, а хвалявалася, бо баялася не апраўдаць давер: а раптам буду апошняй? Толькі дарэмна: узяла ў рукі цеста і забылася на ўсё—старалася, фантазіравала. Мае настаўнікі вучылі мяне: хочаш, каб торт удаўся — “уключай” жаданне і добры настрой.
—А на настаўнікаў шанцавала?
—Яшчэ як! Першай была мама, Галіна Мікалаеўна. Яна ў нас адмысловы пекар! У хаце заўсёды пахла смачным печывам. Я ў сёмым класе ўжо сама выпякала торт “Графскія разваліны”. Ну, і кандытарам стала, вядома, невыпадкова.
У Малабераставіцкім ліцэі майстэрству вучылася ў майстра вытворчага навучання Я.П.Дарошык, а тут, у цэху кааператыўнай прамысловасці філіяла аблспажыўтаварыства—у такіх вопытных кандытараў, як Г.У.Хільман і З.Ю.Шадрына. Вялікі дўзякуй ім! Вучыцца і самастойна працаваць—вялікая розніца, а гэтыя жанчыны раскрылі для мяне ўсе “капрызы” цеста, крэмаў, суфле. Ганаруся, што выпякаю ўжо трох’ярусныя вясельныя торты.
—Што ў сваёй прафесіі найбольш цэніш, любіш?
—Тое, што магу зрабіць лю-дзям прыемнае. Вось гатую торт на заказ і думаю, як ён упрыгожыць вясельны ці юбілейны стол. Стараюся, каб спадабаўся, здзівіў.
—Месца работы задавальняе?
— Вельмі! Умовы ў цэху проста цудоўныя. І новае абсталяванне, і ўся тэхналогія адпавядае патрабаванням міжнароднай сістэмы менеджменту якасці. У нас вельмі строгія санітарныя пра-вілы: прыйшоў на змену—адразу ў душ, затым апранаешся ў рабочую форму, пасля змены такі ж самы парадак. Усё прадугледжана такім чынам, каб кандытары нават не перасякаліся з гатовай выпечкай—яна адпраўляецца на рэалізацыю праз асобныя дзверы. Яшчэ адны дзверы пры-значаны для паставак сыравіны.
Хачу сказаць, што пра маладых работнікаў у філіяле клапоцяцца. Мне выдзелілі пакой у інтэрнаце кватэрнага тыпу. Далі накіраванне на завочную вучобу ў Гро-дзенскім гандлёвым каледжы. Усё гэта, згадзіцеся, вельмі прыемна. Таму і працаваць хочацца так, каб выпечка была смачнай і апетытнай.
—Поспехаў табе, Вераніка, і ў паўсядзённай працы, і—у конкурсах.
—Вялікі дзякуй.
Марыя Драпеза,
фота аўтара



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *