Прэзентацыя выдавецкіх праектаў, выстаўка “СМІ Гродзеншчыны” і цікавыя экспазіцыі – чым здзіўляе сталіца Дня беларускага пісьменства

День белорусской письменности Культура Лента новостей Общество

Фестываль кнігі і прэсы – адна з яркіх і маштабных пляцовак у сталіцы Дня беларускага пісьменства – Слоніме. Ужо з самага ранку тут было як ніколі мнагалюдна і адразу станавілася зразумела: кнігамі госці свята цікавяцца як ніколі!

Лепшыя выданні мастацкай і вучэбнай кнігі, кнігі для дзяцей і юнацтва, энцыклапедычная літаратура, альбомы, экспазіцыя перыядычных выданняў Установы Адміністрацыі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь “Выдавецкі дом “Беларусь сегодня”, РВУ “Выдавецкі дом “Звязда”, прэзентацыя выдавецкіх праектаў – усё гэта было прадстаўлена ўвазе жыхароў і гасцей Слонімшчыны на абшырнай пляцоўцы “Кнігі і прэса Рэспублікі Беларусь”. Тут жа можна было пабачыць выстаўку самаробнай кнігі, кнігі пісьменнікаў-юбіляраў, кнігі-пераможцы Нацыянальнага і Міжнароднага конкурсу “Мастацтва кнігі” і многія іншыя цікавыя праекты.

 

Сярод усіх, удзел у выстаўцы прыняла і дэлегацыя з Бераставіцкага раёна. Бераставічане прэзентавалі сумесны праект Бераставіцкага раённага выканаўчага камітэта, “Бераставіцкай газеты” і музея Вавёркі — кнігу “Доўгія вёрсты вайны”, якая пабачыла свет некалькі месяцаў назад і была выдадзена да 75-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў.

 

 

Мікалай Пацэнка, які з’яўляецца членам рэдакцыйнай калегіі кнігі “Доўгія вёрсты вайны”, распавядаў усім зацікаўленым пра кнігу і сем раздзелаў, з якіх яна складаецца.

У кнізе ідзе гаворка аб незайздросным лёсе нашых землякоў у час нямецкай акупацыі, аб тых парадках, якія ўсталявалі акупанты на Бераставіччыне і ў іншых мясцінах Беларусі. Гэтая кніга -сапраўдны помнік тым, хто бачыў вайну, хто вярнуўся з яе жывым і, канешне, тым героям, якія аддалі сваё жыццё за наша мірнае неба.

З вялікім задавальненнем госці свята знаёміліся з праектам Бераставічан, а таксама праяўлялі непадробны інтарэс да нумароў “Бераставіцкай газеты”, якую кожны жадаючы мог атрымаць у падарунак.

 

Між тым дзейнічаў шэраг іншых, не менш цікавых пляцовак. Класічную Беларускую літаратуру, дапаможнікі для школьнікаў, энцыклапедычныя выданні, ілюстраваныя альбомы і многае іншае можна было набыць у ААТ “Белкніга”, якая разгарнула маштабны святочны гандаль.

На пляцоўцы “Друкарскі двор XVI стагоддзя” можна было пабачыць фігуру зубра, створаную з дэталяў старажытных друкарскіх станкоў, а таксама прасачыць працэс стварэння паперы – што і стала фішкай экспазіцыі.

Праектаў прадстаўлена было вельмі шмат, і кожны з іх – надзвычай цікавы і заслугоўвае асобнай увагі. Можна смела казаць, на Фестывалі кнігі і прэсы ў Слоніме кожны знайшоў сабе нешта па душы.

Анжаліка ДУДКО,

фота аўтара



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *