Постаці слонімскай гісторыі, зоркі эстрады і лепшыя пісьменнікі Беларусі: якім будзе ўрачыстае адкрыццё Дня беларускага пісьменства

День белорусской письменности Лента новостей

Урачыстае адкрыццё Дня беларускага пісьменства адбудзецца на галоўнай сцэне каля Цэнтра культуры і адпачынку а 12-й гадзіне 1 верасня.

Гледачам прадставяць тэатралізаваную мастацка-гістарычную дзею, у аснове якой – гісторыя Слонімшчыны і Гродзеншчыны, а таксама выбітныя ўраджэнцы і жыхары гэтай зямлі.
Хлопчык і дзяўчынка, якім толькі прадстаіць абраць жыццёвую дарогу, паспрабуюць знайсці адказ на пытанне, ці можна стаць знакамітым на ўвесь свет, калі ты нарадзіўся ў невялікім мястэчку.
– Слонім – сапраўдны куфэрак з багатымі гістарычнымі і літаратурнымі падзеямі, сусветна вядомымі асобамі. Праграма ўрачыстага адкрыцця свята будзе называцца “Зямля пад белымі крыламі”, і пабудавана яна на вобразах, якія падказала слонімская зямля, Гродзеншчына, на вобразах пісьменнікаў-юбіляраў гэтага года, – распавяла начальнік галоўнага ўпраўлення дзяржаўных спецыяльных культурных мерапрыемстваў і прафесійнага мастацтва Міністэрства культуры Ірына Дрыга. – Будуць эпізоды, звязаныя са з’яўленнем іконы Маці Божай Жыровіцкай, легендай пра заснаванне Вітаўтам Сынкавіцкай царквы, адкрыццё Агінскім у Слоніме аднаго з самых вядомых у Еўропе музычных тэатраў, постацямі Льва Сапегі, пляменніка Міхаіла Казіміра Агінскага – кампазітара Міхала Клеафаса Агінскага. У год юбілею вазвалення Беларусі не абыдзем увагай падзеі Вялікай Айчыннай вайны, якія знайшлі адлюстраванне ў тым ліку ў літаратуры. 
Таксама падчас урачыстага адкрыцця будуць уручаны Нацыянальныя літаратурныя прэміі. Сёлета іх уладальнікамі стануць шэсць аўтараў.
Закрыццё Дня беларускага пісьменства, абяцаюць арганізатары, стане душэўным хатнім святам, прысвечаным малой радзіме. А эстафета Дня пісьменства будзе перададзена гораду Бялынічы Магілёўскай вобласці – сталіцы свята будучага года.
На галоўнай сцэне выступяць ансамбль “Песняры”, вакальная група “Чысты голас”, Іна Афанасьева, Алена Ланская, а таксама вядомыя артысты-ураджэнцы Слонімшчыны. у іх выкананні прагучаць песні на словы беларускіх паэтаў. Цікавыя нумары падрыхтавалі гледачам і вядомыя танцавальныя калектывы краіны.
grodnonews.by 
Матэрыял Таццяны МАСТОЎСКАЙ


Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *