Малабераставіцкія школьнікі адпачываюць у прышкольным аздараўленчым лагеры “Сонейка”

Год малой родины Лента новостей Летнее оздоровление Образование

Апошні месяц летніх канікул малодшыя школьнікі Малабераставіцкай школы праводзяць у прышкольным аздараўленчым лагеры “Сонейка”. Настрой у атрадзе “Вясёлка” па-сапраўднаму вясёлкавы: сонечны, пераменлівы, яркі, рознакаляровы.

Родная зямля, гісторыя, культура, мова, людзі – гэта тое, што павінен ведаць, памятаць і цаніць кожны грамадзянін сваёй краіны.

У лагеры выхаванню любові і павагі да сваёй роднай зямлі, да памяці продкаў, да роднай мовы  надаецца асаблівая ўвага. У рамках Года малой радзімы ў нас праходзілі тэматычныя дні: дзень роднай зямлі і дзень беларускай мовы.

 Дзень роднай зямлі быў вельмі насычаным і пазнавальным. Ён пачаўся з удзелу ў рэспубліканскай акцыі “Малая радзіма – эстафета карысных спраў”. Атрад наведаў школьны гісторыка-краязнаўчы музей “Вытокі”. Наш музей не перастае здзіўляць сваіх наведвальнікаў. На гэты раз уразіў абноўленым раздзелам, прысвечаным подзвігу народа ў Вялікай Айчыннай вайне. З цікавасцю і захапленнем дзеці слухалі аповед і разглядалі размешчаныя ў музеі экспанаты.

Выхаванцы лагера ўдзельнічалі ў акцыі “Беларусь памятае”. Здзейснілі экскурсію “Мая гераічная Малая Бераставіца” па памятных гераічных мясцінах свайго роднага аграгарадка.

А віртуальная экскурсія “Мая Гродзеншчына. Знакамітыя мясціны”(да 75-годдзя Гродзенскай вобласці) адкрыла дзецям цікавыя куточкі нашага цудоўнага рэгіёна.

Дзень беларускай мовы пачаўся ў лагеры з акцыі “Гавары са мной па-беларуску”. І дарослыя, і дзеці размаўлялі на беларускай мове. Гулялі ў “перакладчыка” і высвятлялі значэнне незразумелых слоў. Потым наведалі бібліятэку, дзе была арганізавана выстава і праведзена гульня-падарожжа “Беларускія пісьменнікі-дзецям”. У рамках акцыі “Чытаем разам…” дзеці чыталі беларускія казкі, а потым малявалі іх казачных герояў. Буру эмоцый выклікалі рухомыя беларускія гульні на свежым паветры “Бульба”, “Фарбы”, “Пярсцёнак”.

 Выхавальнікі і дзеці разам аформілі тэматычныя вугалкі “Мой родны край” і “Гучы, родная мова!”.

Час ляціць хутка… Мільгаюць кадры тэматычных дзён і разнастайных мерапрыемстваў. Спадзяёмся, што яны аставяць добры след у памяці нашых выхаванцаў.

Жанна Матысік, дырэктар лагера “Сонейка” Малабераставіцкай СШ



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *