Бераставіцкі масласырзавод філіял ААТ “Малочны Мір” сярод лепшых прадпрыемстваў рэспублікі

Лента новостей

Працаўнікі сыр-цэха Бераставіцкага масласырзавода на фоне новай лініі пасолкі сырнага зерня ў патоку

Мы па праву можам ганарыцца, што ў нашым раёне дынамічна развіваецца экспартаарыентаваная перапрацоўчая прамысловасць, дастойна прадстаўленая Бераставіцкім масласырзаводам. Пачатак сённяшнім поспехам, безумоўна, быў пакладзены значна раней, калі ён стаў філіялам галаўнога прадпрыемства. Менавіта тады была звернута ўвага на тэхнічнае пераўзбраенне, мадэрнізацыю вытворчага працэсу, каб ісці ў нагу з часам і быць моцнымі канкурэнтамі ва ўмовах рынку. І гэта калектыву ўдалося.
Бераставіцкі масласырзавод працуе стабільна. Заданне па прагнозных паказчыках на 2011 год будзе выканана.
З нагоды прафесійнага свята, якое набліжаецца, дырэктар Бераставіцкага масласырзавода Іван Блашко і калектыў шчыра віншуюць генеральнага дырэктара Іосіфа Шышко і калектыў ААТ “Малочны Мір”, ветэранаў працы, а таксама дырэктараў і калектывы філіялаў галаўнога прадпрыемства!
У цесным супрацоўніцтве яны вывелі вытворчасць на сучасны ўзровень, падтрымліваюць гонар рэспублікі ў блізкім і далёкім замежжы, зрабілі вядомым і паважаным свой брэнд. Дзякуючы такім выдатным перапрацоўшчыкам, беларуская малочная прадукцыя адпавядае высокай якасці і ўмацоўвае імідж нашай краіны, што вельмі прыемна для кожнага з нас. Няхай спадарожнічаюць ім моцнае здароўе, добры настрой, бадзёрасць, удача, шчасце і новыя поспехі!
Стаўка на інтэлект, веды і дзелавую ініцыятыву кіруючага звяна, мадэрнізацыя вытворчасці, укараненне новага і сучаснага – менавіта гэта дапамагае ў сённяшніх умовах прадпрыемству трымацца “на плаву” і прымнажаць свае здабыткі. За 10 месяцаў гэтага года аб’ём вытворчасці ў супастаўных цэнах узрос на 17,7%, а ў фактычных – на 72%. Традыцыйная прадукцыя тут такая, на якую заўсёды ёсць попыт і ў нас, і за мяжой. Гэта якасныя масла і сыры. Яны ўпрыгожаць любы стол: і святочны, і будзённы. Бераставіцкія сыры задаволяць смак нават гурманаў. У Расійскай Федэрацыі ў нашай прадукцыі ёсць свой пакупнік, які аддае на працягу гадоў перавагу менавіта ёй. Да таго ж малочная прадукцыя вельмі карысная для здароўя і дарослых, і дзяцей. Па многіх уласцівых ёй якасцях яна незаменная, таму купляцца будзе заўсёды.
Прыступкі да сённяшняй стабільнай сітуацыі на масласырзаводзе былі няпростыя. Вялікая ўвага надавалася і па-ранейшаму надаецца якасці прадукцыі. Некалькі гадоў таму прадпрыемства прайшло атэстацыю Рассельнагляду. Калектыў вельмі адказна падрыхтаваўся да яе. Зараз прадпрыемства працуе ў адпаведнасці з сістэмай мене-джменту якасці СТБ ІSО 9001 – 2009, а таксама сістэмай кіравання якасцю і бяспекай вытворчасці, захавання і транспартыроўкі на аснове аналізу рызык і крытычных кантрольных кропак НАССР. Гэта агульнапрынятыя стандарты. Таму можна быць упэўненымі, што прадукцыя бяспечная і карысная. Да таго ж, на маю асабістую думку, пры вялікім сённяшнім выбары, варта падтрымліваць менавіта свайго вытворцу, тых старанных людзей, якія жывуць і працуюць побач з намі.
Давер да прадпрыемства ўзнікае адразу пасля першых крокаў па яго тэрыторыі. Пра Бераставіцкі масласырзавод нашы землякі гавораць, што тут працуюць сапраўдныя гаспадары. І гэта менавіта так. Тэрыторыя дагледжная, усе будынкі ў добрым стане. Усюды чысціня, якая радуе вока. А нядаўна былі яшчэ закуплены саджанцы вечназялёных дрэўцаў – блакітных елак і туй.
Гэты год можна назваць сапраўды незвычайным для Бераставіцкага масласырзавода. У тэхнічнае пераўзбраенне ўкладзены вялікія грошы, частка з якіх уласная, а частка – крэдыты і лізінгі. Гэта зроблена для ўдасканаляння тэхналогій і, ў прыватнасці, сыраробства. Працягнуты работы па развіцці вытворчасці– уведзена ў эксплуатацыю ўстаноўка пасолкі сырнага зерня ў патоку. Закупілі яе ў польскай кампаніі «ТЕWESS – ВІSS”. Мадэрнізацыя дала магчымасць атрымліваць 100% салодкай сыроваткі супраць 65%, як было раней. Гэта было зроблена ў сувязі з тым, што перад заводам даўно паўставала пытанне яе перапрацоўкі, не дастаўляючы пры гэтым сыроватку на галаўное прадпрыемства. Падумалі тут таксама пра эканамічнасць і зручнасць. Генеральны дырэктар ААТ “Малочны Мір” Іосіф Вацлававіч Шышко прыняў рашэнне аб набыцці ўстаноўкі мембраннай фільтрацыі, за што калектыў масласырзавода таксама яму вельмі ўдзячны. А мясцовыя спецыялісты прадумалі, які менавіта трэба выбраць працэс фільтрацыі – ультра, нана або электрадыяліз. Да ўвагі прымаліся тэхналагічныя магчымасці, магчымасць рэалізацыі прадуктаў перапрацоўкі сыроваткі. Не засталася ў баку і экалогія. Перавагу аддалі нанафільтрацыі. А ўстаноўку магутнасцю 10 тон набылі ў польскай фірмы “Аlima Bis”. Таму сёння перапрацоўка сыроваткі вядзецца ў цэху нанафільтацыі, дзе выкарыстоўваецца поўнасцю камп’ютарызаванае сучаснае абсталяванне. Стаўка зроблена на самыя перадавыя тэхналогіі ў малочнай прамысловасці. Прадукт цэха – канцэнтраваная сыроватка перавозіцца на галаўное прадпрыемства, дзе крышталізуецца і сушыцца. Сухая сыроватка прымяняецца не толькі ў малочнай, мясной і фармацэўтычнай прамысловасці, але і ў кандытарскай справе, хлебапячэнні, вытворчасці дзіцячага харчавання. Яна – каштоўны прадукт на айчынным і замежных рынках.
А мадэрнізацыя маслацэха ў гэтым годзе ўключыла ў сябе ўвядзенне ў эксплуатацыю сучаснай пастэрызацыйна-ахаладжальнай ўстаноўкі для вяршкоў.
Зараз на Бераставіцкім масласырзаводзе выпускаецца масла “Крестьянское” салодкасметанковае несалёнае з масавай доляй тлушчу 72,5%; “Любительское” – 78%; “Столичное” – 70%; салодкасметанковае несалёнае – 82,5%; “Бутербродное” – 61,5%. Пакупніку прадстаўляецца шырокі выбар. Напрыклад, пры гіпертанічным захворванні можна ў невялікай колькасці ўжываць гатункі з меншым утрыманнем тлушчу, а на смак яны не вельмі адрозніваюцца.
Сыры – сапраўдны гонар калектыву Бераставіцкага масласырзавода. Наша газета шмат разоў пісала пра тое, якія высокія міжнародныя ўзнагароды ў разнастайных конкурсах яны заваёўвалі. І кожны раз якая гэта была радасць для вытворцаў. У прыгожай сучаснай упакоўцы ідуць на продаж сыр “Белая Русь”, “Тильзитский”, “Духмяны” (з кменам) і з масавай доляй тлушчу ў сухім рэчыве 45%; “Российский особый” , “Сливочный”, “Владимирский” ,“Берестовицкий”, “Славянский экстра”, “Браво” – 50%; “Альбери”– 51%; “Сметанковы” – 54%.
У гэтым годзе калектывам асвоена яшчэ адна навінка сырнай вытворчасці. Гэта сыр з дабаўкай расліннага тлушчу “Российский вкус”. Праведзена яго дэгустацыя. Эксперты далі высокую адзнаку, і ідзе сертыфікацыя ў Дзяржстандарце. У вытворчасць укараняюцца новыя віды традыцыйных класічных сыроў, якія задаволяць самы патрабавальны смак. Яны хутка з’явяцца на прылаўках магазінаў і будуць радаваць кожную сям’ю.
А своеасаблівым вынікам ўсёй мэтанакіраванай працы прадпрыемства стаў удзел у рэспубліканскім навукова –практычным семінары, які быў прысвечаны вытворчасці сыру і праводзіўся Міністэрствам сельскай гаспадаркі і харчавання Рэспублікі Беларусь сумесна з РУП “Інстытут мяса-малочнай прамысловасці Рэспублікі Беларусь”. У яго рамках прайшоў рэспубліканскі конкурс якасці. Экспертная адзнака прадстаўленых 86 узораў сыру праводзілася аўтарытэтнай камісіяй. Бераставіцкі масласырзавод быў удастоены Дыплома 2 ступені за высокую якасць сыру “Браво”. Гэта чарговая значная перамога, з якой мы шчыра віншуем працаўнікоў!
На Бераставіцкім масласырзаводзе дружны зладжаны калектыў, якому па плячу далейшыя плённыя здабыткі. Кожны працаўнік уносіць у гэта “сваю лепту”. Напрыклад, адказнасцю і стараннасцю вылучаюцца галоўны інжынер Ірына Канецкая, вядучы эканаміст Аксана Макаедава, галоўны бухгалтар Таццяна Герасімава і іншыя. Добра выконваюць свае абавязкі начальнік цэха Сяргей Камандзенка, прыёмшчык малака Таццяна Верабей, мікрабіёлаг Алеся Паўлава, аператар пастэрызацыі і нанафільтрацыі Наталля Вашчыла, апаратчык пастэрызацыі Марына Бахматава, мыйшчык аўтамалцыстэрн Ірына Герашчанака (на здымках) і іншыя. Немагчыма пералічыць усіх добрасумленных працаўнікоў, якія ўмацоўваюць вытворчасць. Увесь калектыў няхай прыме шчырыя віншаванні з надыходзячым святам! Шчасця, дабра, новых поспехаў!

Ніна Наддэ



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *