Сімвал Слоніма і свята. Талісманам рэспубліканскага свята «Дзень беларускага пісьменства» ў Слоніме стане львяня з прыгожым беларускім імем Лявон

День белорусской письменности Культура

Ужо ў бліжэйшы час львяня ўвасобіцца ў самых розных варыянтах, распавядае «Гродзенская праўда».

 

Фота Сяргея Марозава (banifacyj).

Яшчэ увесну ў раёне абвясцілі конкурс талісманаў і слоганаў свята, удзел у якім прынялі асобныя аўтары і калектывы. Паступіла шмат цікавых прапаноў. У выніку слоганам стане выраз “ЛІТАРАльна наш Слонім” у розных варыяцыях: “ЛІТАРАльна наша свята”, “ЛІТАРАльна наша мова” і гэтык далей. Яго абыграюць на самых розных пляцоўках. Аўтар слогана – галоўны спецыяліст аддзела ідэалагічнай работы і па справах моладзі Слонімскага райвыканкама Наталля Ганчарук.

Калі казаць пра талісманы Дня беларускага пісьменства, фаварытамі былі два – львяня і слон. Здавалася б, жывёлы для Беларусі не характэрныя. Слон меўся абыграць назву горада – Слонім.

Праўда, паходзіць яна не ад жывёлы, таму журы аддало перавагу льву. Цар звяроў куды больш звязаны са Слонімам. Гэты талісман прапанаваў калектыў яслей-сада №14 горада Слоніма.

– Калі задалася пытаннем, што магло б быць сімвалам нашага горада, адразу прыйшоў у галаву леў. Менавіта ён намаляваны на гербе Слоніма, – распавяла аўтар ідэі, справавод садка Алёна Лойка. – Але хацела не проста паўтарыць тое, што ўжо ёсць, а нейкім чынам звязаць яго з Днём пісьменства. Таму вырашыла дадаць кнігу, як галоўны сімвал свята, і карону.

Талісман Лявон адсылае адразу і да гісторыі горада. Герб са львом, які трымае стралу (фрагмент герба “Ліс” роду Сапег), быў зацверджаны яшчэ ў 1591 годзе. І паказвае ён на тое, што горад належаў Льву Сапеге.

Фота grodnonews.by.

– Да свята будуць пашыты роставыя лялькі Лявона, іх плануецца тры. Яны будуць запрашаць гасцей на падворкі, гуляць з дзецьмі, з імі можна будзе сфатаграфавацца… Адным словам, яны дакладна дададуць яркіх фарбаў Дню пісьменства, – адзначыла намеснік старшыні Слонімскага райвыканкама Тэрэса Юшкевіч. – Да таго ж, выява талісмана свята ў Слоніме нароўні з агульным лагатыпам Дня беларускага пісьменства будзе вакарыстоўвацца на рэкламнай прадукцыі. З’явіцца ён і на сувенірах.

Матэрыял Таццяны Мастоўскай.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *