Памяць жыве ў нашых сэрцах

Актуально Лента новостей

Усё далей і далей ад нас тыя трагічныя гады ваеннага ліхалецця. Аднак памяць пра іх жыве ў нашых сэрцах і, перадаючыся з пакалення ў пакаленне, набывае яшчэ больш значны сэнс. 16 ліпеня для нашага раёна—адметная дата. У гэты дзень 66 год таму ў жорсткай атацы была вызвалена ад гітлераўцаў Вялікая Бераставіца. Як гэта адбывалася? Пагартаем разам старонкі раённай кнігі “Памяць”.
23 чэрвеня 1944 года пачалася Беларуская наступальная аперацыя пад кодавай назвай “Баграціён”, у ходзе якой уся тэрыторыя нашай рэспублікі, у тым ліку і Бераставіччына, была вызвалена ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. У гэты дзень войскі            1-га Прыбалтыйскага, 2-га і 3-га Беларускіх франтоў пасля магутнай артылерыйскай і авіяцыйнай падрыхтоўкі перайшлі ў наступленне на Віцебскім, Аршанскім і Магілёўскім напрамках. 3 ліпеня войскі 1-га і 3-га Беларускіх франтоў у цесным узаемадзеянні з войскамі 2-га Беларускага фронту вызвалілі сталіцу Беларусі Мінск.
(Заканчэнне на 2-й стар.).
(Заканчэнне.
Пачатак на 1-й стар.).
Часці 40-га стралковага корпуса 2-га Беларускага фронту пад камандаваннем генерал-маёра В.С.Кузняцова раніцай 14 ліпеня ўварваліся ў Ваўкавыск і пасля цяжкіх вулічных баёў авалодалі ім. Заняцце Ваўкавыска мела выключна важнае значэнне для развіцця наступальных дзеянняў войскаў 2-га Беларускага фронту, якія набліжаліся да Бераставіцы.
Пераадольваючы моцнае супраціўленне праціўніка і адбіваючы яго ярасныя контратакі, воіны 120-й гвардзейскай стралковай дывізіі 15 ліпеня  з ходу фарсіравалі раку Рось і, пераадолеўшы  за суткі звыш 30 кіламетраў, падышлі да Вялікай Бераставіцы, але авалодаць ёю не змаглі. Гітлераўцы абараняліся. Некалькі разоў савецкія воіны кідаліся ў атаку і кожны раз вымушаны былі адыходзіць пад моцным агнём праціў-ніка, несучы вялікія страты. У крытычны момант бою ва ўвесь рост падняўся маёр Лебядзінскі і павёў за сабой гвардзейцаў, якія ў жорсткай атацы 16 ліпеня выбілі гітлераўцаў з гарадскога пасёлка. Лебядзінскі ў тым баі загінуў смерцю героя, ён пахаваны ў брацкай магіле ў Вялікай Бераставіцы.
Савецкія воіны выйшлі на ўсходні бераг р.Свіслач, вызваліўшы такім чынам большую частку Бераставіцкага раёна ад нямецка-фашысцкіх акупантаў.
Заходні бераг Свіслачы на ўсім яе працягу ў Бераставіцкім раёне гітлераўцы ператварылі ў вельмі ўмацаваны абарончы рубеж. Ён меў тры-чатыры лініі траншэй з адкрытымі кулямётнымі пляцоўкамі праз кожныя 50-60 метраў. На лініі абароны месцамі былі ўстаноўлены драцяныя загароды, а на магчымых подступах да перапраў і танканебяспечных напрамках—мінныя палі. На ўзвышшы ў раёне м.Крынкі праціўнік стварыў моцны вузел супраціўлення. Тым не менш, савецкія войскі працягвалі свой рух наперад і 21 ліпеня Бераставіцкі раён быў поўнасцю ачышчаны ад гітлераўскіх акупантаў. Тады, у ліпені 1944 года, па тэрыторыі нашага раёна праходзіла многа самых розных воінскіх падраздзяленняў. Нашы населеныя пункты ўпамінаюцца ў баявых данясеннях аж дзесяці стралковых дывізій. Вялікая і цана, якой заплачана за вызваленне бераставіцкай зямлі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Усяго значыцца пахаваных ў брацкіх магілах Бераставіччыны  амаль 800 чырвонаармейцаў, якія загінулі пры абароне і вызваленні раёна.
Падрыхтавала
 Святлана Ганчарова



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *