ААТ “Бераставіцкая птушкафабрыка”: спрыяць здароваму харчаваню людзей

Лента новостей

Менавіта такога прынцыпу прытрымліваюцца ў сваёй дзейнасці ў адкрытым акцыянерным таварыстве “Бераставіцкая птушкафабрыка”. Прадпрыемства, гісторыя якога налічвае ўжо больш за 40 гадоў, задавальняе попыт не толькі мясцовага спажыўца, але і рэалізуе сваю прадукцыю далёка за межамі раёна.

На спрадвечнае філасофскае пытанне “Што было раней: курыца ці яйка?” супрацоўнікі птушкафабрыкі адкажуць адназначна: канешне ж, курыца. І на самой справе. Калі прасачыць за ўсім вытворчым працэсам — ад цэхаў да стала пакупнікоў — то так і атрымліваецца. На чатырох птушніках тут утрымліваецца амаль 90 тысяч курэй. Сярод іх ёсць і экзатычныя галандскія нясушкі. Праўда, прывозяць іх не з самой Галандыі, а ад беларускіх пастаўшчыкоў, у прыватнасці, з Гомельскай птушкафабрыкі.
Але часам здараюцца і нечаканыя непрыемнасці. Так, зусім нядаўна прадпрыемства атрымала з ААТ “1-ая Мінская птушкафабрыка” партыю некандыцыйных куранят, ад якіх, зразумела, прыйшлося пазбавіцца. Гэта пацягнула за сабой адпаведныя грашовыя страты і не дазволіла атрымаць у 4-ым квартале запланаваных аб’ёмаў яек і прывагі птушкі.
Між іншым, нясушкі знаходзяцца тут пад пільнай увагай аператараў цэхаў і зааветэрынарнай службы. Старанна і з усёю адказнасцю дбаюць пра сваіх “падапечных” птушніцы Сабіна Антушэвіч і Людміла Кунец, а за спраўнасцю аўтаматыкі сочыць слесар па абслугоўванні тэхналагічнага абсталявання Гендрык Плікус (на здымку). Многае — выбар патрэбнай тэмпературы ў цэху, улік атрыманых яек і іншае — робіць і “высокаінтэлектуальная” сучасная тэхніка. Акрамя таго, у цэхах створаны камфортныя ўмовы для работы працаўнікоў.
Якасці выпускаемай прадукцыі тут надаецца асаблівая ўвага. Гэта — першачарговая задача зааветэрынарнай службы. У яе штодзённыя абавязкі ўваходзіць догляд за пагалоўем і санітарным станам фабрыкі, а таксама кантроль за якасцю сыравіны для кармлення птушкі. Дарэчы, курэй тут кормяць збожжам, якое пастаўляюць на фабрыку сельскія гаспадаркі раёна. А ўжо збалансаваныя і якасныя камбікармы атрымліваюць з дапамогай абсталявання, набытага ў нямецкай фірмы “Троппер”. Абслугоўванне такога абсталявання патрабуе высокай долі кампетэнтнасці, якую і праяўляюць на сваім рабочым месцы аператары па прыгатаванні кармоў Аляксандр Цяплоў, Раман Капіца і Дзмітрый Акудовіч (на здымку).
Выпушчаную прадукцыю спецыялісты ў цэху сартыроўкі падзяляюць усю агульную прадукцыю на дыетычныя і сталовыя яйкі, на адборныя, 1-ага і 2-ога гатунку. Работа карпатлівая і манатонная, патрабуе пэўнай уседлівасці і канцэтрацыі ўвагі. Працаўніцы Галіна Цяплова, Крысціна Пасталюк і Святлана Пузан (на здымку) спраўляюцца з ёю на “выдатна”.
На апошнім этапе прадукцыя ўпакоўваецца і дастаўляецца да патэнцыяльных пакупнікоў — у гандлёвыя кропкі раёна і г.Гродна (магазіны “Ніка”, “Антэй”, “Вікторыя”), на аптовыя закупкі ў Мінску. Акрамя таго, прадукцыя фабрыкі рэалізуецца падчас выязнога гандлю ў Мастах, Краснасельску, Свіслачы, Ваўкавыску, Гродне, Росі, дастаўляецца на перапрацоўчыя прадпрыемствы вобласці, у прыватнаці, на ААТ “Ашмянскі мясакамбінат”. На працягу трох месяцаў у гэтым годзе прадукцыя экспартавалася ў Смаленскую вобласць і Краснадарскі край Расіі.
Значнай падтрымкай у рэалізацыі ўласнай прадукцыі і не толькі з’яўляюцца два фірменных магазіны — у цэнтры гарпасёлка і на выездзе з яго пад красамоўнай назвай “Гасцінец”. Між іншым, у “Гасцінцы” абсталяваны кафетэрый на 16 пасадачных месцаў. Гэта зручна і самім працаўнікам фабрыкі — ёсць дзе адпачыць у абедзенны перапынак.

Перамены —
толькі да лепшага

Галоўны эканаміст прадпрыемства Андрэй Чакмароў расказвае, што цягам апошніх часоў на фабрыцы былі здзейснены значныя крокі па замене састарэлага абсталявання.
— Сучаснае абсталяванне , — гаворыць ён, — з’яўляецца залогам эфектыўнай вытворчасці. Пераўтварэнні ў гэтым накірунку не абмінулі і наша прадпрыемства. Спачатку ў цэху №8 былі ўстаноўлены 4-ярусныя клеткі для птушак, дзякуючы чаму выпуск прадукцыі павялічыўся, а затраты скараціліся амаль ў паўтара раза. Дарэчы, новае абсталяванне было набыта намі ў Санкт-Пецярбургу. Затым былі мадэрнізаваны цэхі №2 і №9. У мінулым годзе мы мадэрнізавалі, а ў гэтым здалі ў эксплуатацыю цэх №6 для вырошчвання рамонтнага маладняка.
Леташнія перамены закранулі не толькі тэхнічны бок вытворчасці, але і кадравы: на месца былога дырэктара птушкафабрыкі М.М.Лохмана быў прызначаны В.А.Шчурскі.

Ці ведаеце вы, што…
* Асноўныя патрабаванні, якія прад’яўляюцца да атрымліваемых на птушкафабрыках яек, наступныя: шкарлупіна дыетычных і сталовых яек павінна быць чыстай і непашкоджанай. Дапускаецца наяўнасць на шкарлупіне дыетычных яек адзінкавых кропак альбо палосак, а на шкарлупіне сталовых яек — кропак, плям і палосак (месцаў сутыкнення яек з клеткай альбо транспарцёрам), але не больш за 1/8 часткі яе паверхні. Яйкі, прызначаныя для працяглага захоўвання ў халадзільніках, не павінны быць мытымі.
* Дыетычнымі лічацца яйкі, тэрмін
захоўвання якіх не перавышае
7-і сутак. Да сталовых жа адносяцца яйкі, якія
могуць захоўвацца да 25 сутак.

Вікторыя Дзержановіч



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *