У Бераставіцы праходзіць перэгрынацыя фігуры Святога Арханёла Міхала

Лента новостей

23 ліпеня вернікі парафіі Перамянення Пана ў Вялікай Бераставіцы ўрачыста сустракалі фігуру Святога Арханёла Міхала, перэгрынацыя якой праходзіць цяпер па тэрыторыі Беларусі.

Распачалася перэгрынацыя 29 верасня 2018 года ў мінскім кафедральным касцёле Найсвяцейшага Імя Марыі.   Яе мэта — малітва за Беларусь і ажыўленне культу нябеснага заступніка мясцовага Касцёла. За гэты час фігура Арханёла Міхала пабывала ў многіх парафіях Беларусі.

Сустрэць фігуру Арханёла Міхала ў Вялікай Бераставіцы сабраліся шматлікія вернікі і госці парафіі разам са святарамі.

  Урачыстай працэсіяй фігура Святога Арханёла Міхала была ўнесена ў касцёл і заняла пачэснае месца на ўпрыгожаным кветкамі троне.

Прывёз яе ў нашу парафію кусташ фігуры кс. Юрый Жэгарын, пробашч парафіі святога Міхала Арханёла ў Навагрудку, ён адслужыў у нашым касцёле святую Імшу і звярнуўся да вернікаў з гаміліяй.

На працягу амаль трох дзён, ад вечара чацвярга 25 ліпеня,   фігура Святога Арханёла Міхала будзе знаходзіцца ў бераставіцкім касцёле.  У мясцовых вернікаў будзе магчымасць звярнуцца да Святога Арханёла Міхала са сваімі просьбамі і папрасіць яго аб асаблівым заступніцтве.

Для даведкі.  Арханёл Міхал у Святым Пісанні паказаны як апякун Божага народа, а таксама як абаронца Божай хвалы. Яго культ пачаў развівацца ўжо з самага пачатку існавання Касцёла. Святы Арханёл Міхал шмат разоў аб’яўляўся людзям на зямлі. Найбольш знакамітым месцам аб’яўленняў з’яўляецца гара Святога Анёла ў горным масіве Гаргана ў Італіі. Там цяпер знаходзіцца санктуарый — адзіная святыня, якая не была асвячана рукою чалавека: гэта зрабіў сам Арханёл Міхал.

Фігура Арханёла Міхала, перэгрынацыя якой праходзіць цяпер па Беларусі, прывезена менавіта з санктуарыя на гары Святога Анёла ў масіве Гаргана. Пэўны час яна знаходзілася ў пячоры аб’яўленняў і была благаслаўлёная падчас св. Імшы 8 мая 2018 г. — у той дзень, калі ўспамінаецца аб’яўленне Міхала Арханёла.  

Ірына МІКЛАШ, фота аўтара

 



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *