Бераставічанка Ганна Парафіяновіч у дзяцінстве перажыла жах вайны

75 лет освобождения Беларуси Беларусь помнит Общественные объединения

З кожным годам аддаляюцца ад нас падзеі Вялікай Айчыннай вайны, з кожным годам застаецца ўсё менш і менш яе ўдзельнікаў і сведак тых трагічных падзей. І ўжо равеснікі вызвалення маюць сёння па 75 гадоў, што ж казаць пра тых, хто можа нешта ўспомніць пра ваенныя часы – іх узрост яшчэ больш паважаны. І тым не менш, пакуль ёсць такія людзі, нам трэба сустракацца з імі, каб захаваць для нашчадкаў іх успаміны аб тым, якой цаной дасталася Беларусі доўгачаканая свабода.

Ганна Сяргееўна Парафіяновіч з Вялікай Бераставіцы нара­дзілася ў 1940 годзе. Пачатак вайны і першыя гады акупацыі яна не памятае – была яшчэ зусім маленькім дзіцём. А вось асобныя моманты 1944 года яе дзіцячая памяць ужо захавала.
— Нарадзілася я ў Шчучынскім раёне ў вёсцы Шчанец,- расказвае мая субяседніца, — вёска знаходзілася сярод лясоў, да вайны яна была даволі вялікай, больш чым у 120 двароў, а яшчэ хутары прылягалі, якіх было каля 30. Наша сям’я таксама жыла на хутары, па дарозе на Астрыно.
Сям’я была вялікай: мама, тата, нас трое сясцёр і два бацькавых малодшых брата. На вайну бацьку не забралі, бо яна пачалася імкліва і не паспелі правесці мабілізацыю, вельмі ж хутка ў нас з’явіліся немцы. Ужо толькі пасля вызвалення яго разам з братамі прызвалі ў армію.
Паколькі вёска ў нас была лясная, то тут часта з’яўляліся партызаны. І хоць тата вельмі баяўся за сваю сям’ю, але калі партызаны заходзілі, з імі заўсёды дзяліліся.
А мама мая была з вёскі Зінякі, дзесьці кіламетраў 7 ад нас, гэта таксама лясная вёска. Там жыла яе цётка і два стрыечных брата. Старэйшага, Алёшу, немцы забралі на работу ў Германію, а малодшаму, Вені, 17 гадоў было. У студзені 1944 года партызаны ішлі праз вёску Зінякі і спыніліся там на прывал. А як толькі партызаны адышлі, у вёсцы з’явіліся карнікі. Раніцай акружылі вёску, сагналі ўсіх людзей у гумно, туды трапіла і маміна сястра, і яе сын Веня. 22 студзеня 1944 года гэта было. Спалілі ўсю вёску, 486 чалавек спалілі, усіх жыхароў. Я нават захавала газету з 2004 года, там якраз матэрыял аб спаленай вёсцы Зінякі да 60-годдзя гэтай трагедыі. Вось, гляньце… Я помню, як мама тады плакала. А яшчэ вельмі баяліся людзі, каб і нашу вёску не спалілі, бо яна таксама была звязана з партызанамі. Тата са сваімі братамі выкапалі зямлянку ў лесе, каб было дзе схавацца ў выпадку чаго. І суседзі многія такія зямлянкі капалі. Ужо вясна пачыналася, жывёлу выганялі ў поле. Я помню гэтую душную зямлянку, мне здавалася, што яна была вельмі глыбокая, мне было там неверагодна страшна. Начавалі то на балоце, то ў зямлянках, то ў суседніх вёсках хаваліся, калі хто пачуе, што Шчанец будуць паліць.
Калі бывалі ў Гродзенскім гісторыка-археалагічным музеі, то там ёсць партрэт Аляксея Патапава, ён быў палітруком партызанскай брыгады імя Ленінскага камсамола, гэта маёй бабулі стрыечны брат. З-за яго таксама баяліся, што нашу вёску могуць спаліць. Яго бацькі нават некаторы час хаваліся ў нас дома, а потым іх немцы арыштавалі і адправілі ў турму.
Перад канцом вайны помню, як нашу хату акружылі немцы. Помню лязг жалеза і белы сілуэт – гэта мама з малодшай сястрой Светай на руках, ёй тады яшчэ пару месяцаў толькі было, кінулася да акна, хацела бегчы. А тата яе рэзка адкінуў ад акна, бо калі б яна выскачыла, немцы адразу б расстралялі.
Немцы акружылі нас, зайшлі ў хату. Яны часта правяралі хутары, у іх былі спісы, хто жыве ў хатах. І калі ноччу акружаць і правераць, што каго-небудзь няма дома ці, наадварот, чужы хтосьці начуе, дык сям’ю адразу забіралі. Але ў нас дома ў тую ноч усе былі на месцы, таму яны толькі праверылі і паехалі. Але гэты страшны момант я помню да сённяшняга дня. Неспадзяваных візітаў заўсёды баяліся. Днём прыязджалі паліцаі, немцы, а ноччу стук у акно – і невядома, партызан гэта ці пераадзеты немец, і як сябе з імі паводзіць.
Я трохі памятаю вызваленне, нас вызвалілі на некалькі дзён раней, чым Гродна. Я помню, як ляцелі бамбардзіроўшчыкі, а над імі знішчальнікі. Не ведаю дакладна хто, нашы ці немцы, скінулі бомбу, яна ўпала ў кіламетрах двух ад вёскі, было вельмі страшна.
Мы тады начавалі ў яме бульбяной каля ракі практычна кожную ноч…
Калі нас вызвалілі, бацьку забралі на фронт, ніхто не глядзеў, што трое дзетак малых. Мне тады чатыры гады было, Тамары – сем, а Светцы – пяць месяцаў. Забралі яго ў ліпені, потым на месяц адпусцілі, а 9 верасня ўжо адправілі на фронт. 20 сту-дзеня 1945 года ён загінуў пры вызваленні Варшавы. Помню, як мама плакала, калі прынеслі “пахаронку”. А было гэта не адразу ў студзені, а дзесьці па вясне. Разам з татам служыў наш аднавясковец Коля. Бацьку было 34 гады, а Коля яшчэ зусім малады хлопец быў, трымаўся таты. Ён потым расказваў, што баі былі жорсткія, немцы заселі ў дамах, а савецкія салдаты – у чыстым полі, толькі за стог сена ці саломы можна было схавацца. Бацька не паспеў, загінуў ад ранення ў грудзі…
Яшчэ помню момант, гэта было лета 1944 года, якраз тату забралі. У нас каля дома цвіла грэчка, а з суседняй вёскі па гасцінцы ехалі на грузавой машыне чырвонаармейцы і жанчыны з імі былі, ехалі і песні спявалі. А мы з Тамарай гулялі каля поля. Калі ўбачылі машыну, то з плачам і крыкам кінуліся дадому. Цёця Вера нас сустрэла і спрабавала супакоіць, а машына спынілася і салдаты пытаюць, чаго гэта мы так рэагуем. Цёця Вера растлумачыла, што мы яшчэ ўсё баімся немцаў. А дзяўчаты, якія былі з салдатамі, папрасілі нарваць прыгожых кветак, відаць, яны былі гарадскімі і не ведалі, што гэта грэчка. Цёця Вера нарвала ім букецік і кажа: “Гэта не кветкі, гэта будзе грэцкая каша”…
У памяці Ганны Сяргееўны засталіся не толькі душэўныя перажыванні з тых часоў, але і фізічны боль, які дзіцяці прыносіла хворая нага, на месцы якой цяпер пратэз.
— Але Вы не падумайце, гэта не раненне якое, — тлумачыць жанчына, – хоць я і атрымала статус пацярпелай ад вайны. Гэта захворванне стала праяўляцца пасля таго, як тату забралі ў армію, дзесьці з 1944-45 года мама заўважыла, што нага ў мяне пачала выкрыўляцца. Я нават помню, як у 1946 годзе мама вазіла мяне ў Гродна. Я бачыла Гродна пасляваенны, помню разбітую вуліцу Кірава, мы там начавалі ў сваякоў. Урачы сказалі, што можна зрабіць аперацыю, але гарантыі ніякай няма, што ўсё будзе добра. Мама забрала мяне і вярнулася дадому. Быў бы бацька жывы, можа, да Мінска дабраліся б, можа і вылечылі б, а так і дзяцей не было з кім пакінуць, і грошай не было.
Калі б не вайна, каб дактары своечасова агледзелі, магчыма, нагу ўдалося б уратаваць. Штосьці ж раней было, можа які вывіх ці ўдар, але вайной не даглядзелі, не да гэтага было.
Калі я закончыла школу, усё ж такі рашылася на аперацыю, яна прайшла няўдала, трэба было ампутаваць нагу і ставіць пратэз. Я толькі выпісалася з бальніцы на пратэзе, як мама памірае. Мне тады 21 год споўніўся, і ў гэтым жа годзе я паступіла ў медыцынскі інстытут у Гродне. Цяжка было, але адвучылася, атрымала адукацыю. У 1967 годзе накіравалі мяне ўрачом-мікрабіёлагам у Бераставіцу, у бактэрыялагічную лабараторыю пры бальніцы, цяпер гэта Цэнтр гігіены і эпідэміялогіі. Адпрацавала я там 50 гадоў, у 2017 годзе пайшла на пенсію.
Нягледзячы на ўзрост і інваліднасць, Ганна Парафіяновіч застаецца актыўным і жыццярадасным чалавекам. Яшчэ ў 1990 годзе яна атрымала вадзіцельскае пасведчанне на аўтамабіль з ручным кіраваннем. І яшчэ да гэтага дня на сваім Фордзе Фіеста ездзіць на дачу ў Эймінаўцы, разводзіць там кветкі. Асвоіла Ганна Сяргееўна і Інтэрнет, зараз усе плацяжы робіць толькі з камп’ютара, актыўна карыстаецца Скайпам.
— Цяпер толькі жыць і радавацца жыццю, — гаворыць яна на развітанне. – І дай Бог, каб у сучасных дзяцей не было такіх стрэсавых сітуацый, якія мы перажылі ў свой час. Бо вайна – гэта боль і страх… Зберажыце тое, за што нашы бацькі склалі свае галовы, — мір і свабоду на роднай зямлі.
Ірына МІКЛАШ,
фота аўтара



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *