У Вялікай Бераставіцы адбыўся ўрачысты мітынг, прысвечаны 75-годдзю вызвалення Бераставіцкага раёна ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў

75 лет Гродненской области 75 лет освобождения Беларуси Актуально

Сёння  знамянальная дата ў гісторыі Бераставіччыны — 75 гадоў таму наш раён быў вызвалены ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў.

Даніну павагі тым, хто змагаўся за свабоду і незалежнасць нашай малой радзімы, аддаюць сёння ва ўсіх кутках раёна. Да помнікаў загінуўшым у гады Вялікай Айчыннай вайны, да брацкіх магіл жыхары раёна ўскладаюць жывыя кветкі.

Урачысты мітынг “Памяць сэрца”, удзел у якім прынялі прадстаўнікі ўлады, працоўных калектываў і грамадскіх арганізацый, адбыўся ў раённым цэнтры каля помніка “Смуткуючай маці”. 

Ад імя раённага выканаўчага камітэта, раённага Савета дэпутатаў самыя шчырыя віншаванні з нагоды 75-годдзя вызвалення Бераставіцкага раёна ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў выказаў старшыня раённага выканаўчага камітэта Антон Кулісевіч.

— У першыя дні вайны, — адзначыў ён, — на Бераставіччыне загінулі генерал-маёр Міхайлін, камісар Дрэсвін, маёр Сакалоў і многія іншыя. Цяжкімі былі для бераставічан гады акупацыі. У 1942 годзе адбылася страшная трагедыя ў вёсцы Верхаўляны, яе спасцігла доля Хатыні. Фашысты спалілі вёску,  мужчын расстралялі. Жорсткія баі ішлі за вызваленне нашага раёна. На бераставіцкай зямлі загінула 857 воінаў Чырвонай Арміі, якія спачываюць вечным сном у брацкіх магілах. На франтах Вялікай Айчыннай вайны загінула 818 жыхароў раёна. У барацьбе з фашыстамі аддалі сваё жыццё 24 партызана, 8 падпольшчыкаў. Гітлераўцы знішчылі 634 мірных жыхара раёна.

У заключэнне прамовы кіраўнік раёна падзякаваў бераставічанам за сумленную працу, актыўны ўдзел у грамадскім жыцці раёна, за любоў да сваёй краіны і павагу да яе гісторыі. Ён пажадаў усім здароўя, поспехаў, дабрабыту, упэўненасці ў сваіх сілах і заўтрашнім дні, новых здзяйсненняў на карысць моцнай і мірнай Радзімы.

Завяршыўся ўрачысты мітынг ускладаннем жывых кветак да падножжа помніка.

Сяргей Хілюта, фота аўтара

 

 



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *