У Макараўцах шануюць традыцыі

Год малой родины Культура

На Бераставіччыне здаўна існавала традыцыя ладзіць фэсты на вялікія рэлігійныя святы. У макараўскіх жыхароў папулярнасць набыў «Пятроўскі фэст», які тут звычайна праводзяць у Дзень урачыстасці святых апосталаў Пятра і Паўла.
Вось і сёлета, 29 чэрвеня, пасля службы ў касцёле, вяскоўцы традыцыйна сабраліся ля клуба, дзе ўжо гучала музыка і працавалі гандлёвыя кропкі індывідуальных прадпрымальнікаў з салодкай ватай, попкорнам, іншымі прысмакамі і цацкамі.
Гулянне пачалося з забаўляльнай праграмы для дзяцей і канцэрта дзіцячай аматарскай творчасці філіяла па культурна-дасугавай дзейнасці аг. Макараўцы.

Урачыста адкрыў «Пятроўскі фэст» фальклорны ансамбль «Вясёлка» філіяла па культурна-дасугавай дзейнасці аг. М. Бераставіца. Выступілі малабераставіцкія эстрадныя салісты Святлана Поляк, Наталля Анісеня, Вольга Кузьма, Наталля Сіцько, Вольга Герасюк і Надзея Сяўко. У святочным канцэрце фэсту таксама прынялі ўдзел калектывы аматарскай творчасці філіялаў па культурна-дасугавай дзейнасці аграгарадкоў Алекшыцы і Стары Дворац. З песеннымі нумарамі выступілі ансамабль «Верацейцы», салісты Ірына Мінькоўская, Алена і Аляксандр Бутрыла, вакальны калектыў «Вяснянкі», салісты Уладзімір Боўтач, Анатоль Парманчук, Дзмітрый і Вольга Пазняк.

Вядома ж, не абыйшлося на «Пятроўскім фэсце» і без традыцыйнага пачастунка. На свяце дзейнічала выстава-дэгустацыя выпечкі пад назвай «Макараўскія пачастункі». Прысмакі прыгатавалі Галіна Канецкая, Юлія Канецкая, Бажэна Саўко, Алена Будніцкая, Валянціна Пашкевіч і Марыя Яроцкая. Жанчыны пачаставалі аднавяскоўцаў і гасцей свята сваімі цудоўнымі кулінарнымі шэдэўрамі. Дарэчы, паспрабаваць выпечку ад макараўскіх гаспадынь можна было і падчас падобнай выставы-дэгустацыі на «Зёлкавым фэсце» ў Вялікай Бераставіцы.

Завяршыўся «Пятроўскі фэст» святочнай дыскатэкай. Прыемным падарункам жыхарам аграгарадка напярэдадні свята стала ўстаноўка каля клуба дзвюх арэляў. Гэту ініцыятыву старшыні Канюхоўскага сельвыканкама Віталія Рудкіна матэрыяльна падтрымалі ў КСУП «Макараўцы». Арганізатары фэсту ўдзячныя сельгаспрадпрыемству і за фінансавую дапамогу пры падрыхтоўцы свята.

Арганізацыйныя моманты «Пят­роў­скага фэсту» і іншых масавых мера­прыем­стваў у аграгарадку звычайна кладуцца на плечы мясцовых работнікаў культуры Вікторыі Бажко і Марты Эйсмант. А яшчэ – на ўдзельніц народнага ансамбля польскіх песень «Стокроткі», паколькі гэтыя жанчыны не толькі пявунні, але і адмысловыя гаспадыні, творчыя асобы з актыўнай грамадзянскай па­зіцыяй.

«Стокроткі» – калектыў, якому рады на любой сцэнічнай пляцоўцы раёна і вобласці і які сёлета адзначае 25 год з дня свайго стварэння. На працягу гэтага часу ансамбль радуе слухачоў разнастайным, цікавым, аўтэнтычным рэпертуарам польскага і беларускага песеннага фальклору.
«Стокроткі» ўдзель­­нічаюць у такіх міжнародных праектах, як фестываль польскай і беларускай песні «Беласток-Гродна», рэгіянальны фестываль «Артыстычныя сустрэчы Гродна-Беласток», адкрыты раённы фестываль польскай культуры і побыту «Эйсмантаўскі фэст» і шэраг іншых.

– Свой пачатак ансамбль бярэ са стварэння вакальнай групы «Ютшэнка», – расказвае кіраўнік калектыву, загадчык філіяла па культурна-дасугавай дзейнасці аг. Макараўцы Вікторыя Бажко, – ініцыятарам стварэння якой была Марыя Геронімаўна Сарасек. У ранейшым складзе групы ўдзельнічалі Альфрэда Ігнатовіч, сёстры Ірына Даўгяла, Люцына Чачот і Рамуальда Пальяноўская, якая ездзіла на рэпетыцыі з Малых Эйсмантаў, Ядзвіга Праневіч, Яніна Рудая, сёстры Генрыка, Рэгіна і Таццяна Шмароўскія, Барбара Сарасек, Галіна Пацэнка, Алена Кажанеўская, Станіслава Матукевіч, Таццяна Курстак і Тэрэза Эйсмант. Некаторых выканаўцаў, актыўных удзельнікаў калектыву, ужо няма ў жывых. Да прыкладу, Галіны Зімнох, Ежы Сарасека, Гэлены Пачобут.
У якасці музычнага суправаджэння ансамбля выкарыстоўваўся баян (акампаніравала Вікторыя Антонаўна), потым два баяна (дапамагала настаўнік па класе баяна Таццяна Курстак), тамбурын і шумавыя інструменты.
У 2006 годзе калектыву прысвоена званне «народны». Пералічыць усе конкурсы і фестывалі, на якіх пабывалі макараўскія артысты, вельмі складана. Адзначу толькі, што ў скарбонцы іх узнагарод сярод іншых – дыпломы Саюза палякаў на Беларусі, Падзяка беларускага таварыства ў Польш­чы за развіццё сяброўскіх адносін паміж краінамі-суседзямі.
У сённяшнім складзе ансамбля «Сто­к­роткі» – Лілія Мароз, якая працуе кастэлянкай ў яслях-садзе, Ганна Губар – вы­хавальнік ясляў-сада, Крысціна Шока – медсястра амбулаторыі і мама шасцярых дзяцей, педагог-псіхолаг школы Ларыса Аўдзей, прадавец Ірына Раплевіч і бухгалтар, ужо пенсіянерка, Часлава Вансовіч, а таксама сын Вікторыі Антонаўны Антон Бажко, з прыходам якога, дарэчы, ансамбль набыў не толькі прыгожы мужчынскі голас, але і пэўны шарм. Цяпершні мастацкі кіраўнік калектыву – малады спецыяліст Марта Эйсмант, акампаніятар – Антаніна Ігнатовіч. Усіх узельнікаў «Стокротак» аб’ядноўвае любоў да вакальнай творчасці і народнай песні, і гэтую любоў яны з задавальненнем дораць сваім прыхільнікам.

Святлана Ганчарова, фота аўтара і з архіва філіяла па культурна-дасугавай дзейнасці
аг. Макараўцы



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *