Могілкі – месца нашай памяці

Лента новостей

1 лістапада каталікі будуць адзначаць урачыстасць Усіх Святых, а 2 лістапада – Дзень памінання памерлых. Дзень памяці пра тых, хто адышоў у іншы свет, каго ўжо няма сярод нас. У гэтыя ды і ў наступныя дні мы наведаем могілкі – месцы вечнага спачынку нашых блізкіх, месцы нашай памяці пра іх. Мы прынясём лампадкі, свечкі, памолімся над магіламі памерлых.
Але перш чым прыйдуць гэтыя святочныя дні, калі мы будзем ушаноўваць памерлых, мы павінны ўспомніць аб хрысціянскім абавязку падтрымання ў парадку магіл памерлых. І не толькі напярэдадні свята (хоць гэта абавязкова патрэбна!), але і на працягу ўсяго года.
Бо сапраўды баліць сэрца, калі ідзеш па хрысціянскіх могілках, якія зараслі травой ці пустазеллем, або смецце на якіх выкідваецца не ў спецыяльна адведзеныя месцы, а проста за агароджу.
Хацеў бы таксама звярнуць вашу ўвагу на так званыя “забытыя” магілы, за якімі ніхто ўжо не сочыць. Магчыма, родныя гэтых памерлых выехалі недзе вельмі далёка, а можа ўжо і самі памерлі. Калі такая магіла знаходзіцца побач з месцам вечнага спачынку вашых блізкіх, не забывайце зрабіць парадак і там. Няхай ён сведчыць пра нашу хрысціянскую любоў і нармальную чалавечую культуру.
І яшчэ адно: калі вы прыйдзеце на могілкі са сваімі дзецьмі і ўнукамі, разам паклапоціцеся пра магілы блізкіх, гэта будзе сапраўдны ўрок выхавання. І ўжо ў свой час яны будуць памятаць аб вас.
Нагадаю, што Святая Імша 1 лістапада, ва ўрачыстасць Усіх Святых, адбудзецца ў касцёле ў Вялікай Бераставіцы ў 12.00, а пасля яе пройдзе працэсія на могілкі.
а.Анджэй Іадкоўскі, вікарый касцёла Перамянення
Гасподняга г.п.В.Бераставіцы



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *