Першая сесія раённага Савета дэпутатаў

Местная власть

У аўторак, 11 мая бягучага года, адбылася першая сесія раённага Савета дэпутатаў дваццаць шостага склікання.

Адкрыў сесію старшыня Бераставіцкай выбарчай камісіі па выбарах дэпутатаў раённага Савета дэпутатаў дваццаць шостага склікання С.Я.Чыкун. Ён паведаміў, што выбары ў раёне прайшлі арганізавана, актыўна. У іх прынялі ўдзел 90,7% выбаршчыкаў. Выбраны дэпутат Гродзенскага абласнога Савета дэпутатаў па Бераставіцкай выбарчай акрузе №18 і 29 дэпутатаў раённага Савета дэпутатаў па 29 выбарчых акругах, 98 дэпутатаў сельскіх Саветаў па 98 выбарчых акругах. Вынікі выбараў сведчаць аб даверы большасці насельніцтва раёна мясцовым Саветам дэпутатаў, мясцовым выканаўчым і распарадчым органам. Старшыня раённай выбарчай камісіі павіншаваў дэпутатаў з іх выбраннем і пажадаў поспехаў. Затым ён паведаміў, што на першай сесіі раённага Савета дэпутатаў прысутнічае 28 дэпутатаў, а таксама запрошаны члены раённага выканаўчага камітэта, начальнікі аддзелаў арганізацыйна-кадравай і ідэалагічнай работы райвыканкама, галоўны спецыяліст аддзела дакументацыйнага і прававога забеспячэння, работы з насельніцтвам упраўлення справамі райвыканкама, старшыні сельскіх Саветаў дэпутатаў. У рабоце сесіі прынялі ўдзел старшыня Гродзенскага абласнога Савета дэпутатаў А.М.Навумовіч і старшыня Бераставіцкага раённага выканаўчага камітэта М.М.Сіцько.

Па прапанове С.Я.Чыкуна выбіраецца пастаянная камісія раённага Савета дэпутатаў дваццаць шостага склікання па мандатах, законнасці, мясцоваму кіраванню і самакіраванню. У яе склад увайшлі 7 дэпутатаў. У адпаведнасці з арт.39 Выбарчага кодэкса Рэспублікі Беларусь раённая выбарчая камісія перадае камісіі па мандатах, законнасці, мясцоваму кіраванню і самакіраванню дакументацыю, неабходную для праверкі паўнамоцтваў дэпутатаў раённага Савета, выбраных на кожнай выбарчай акрузе.

Старшыня пастаяннай камісіі па мандатах, законнасці, мясцоваму кіраванню і самакіраванню, дэпутат ад Грыцавіцкай выбарчай акругі №11 В.А.Піўко паведаміў, што камісія прапануе прызнаць паўнамоцтвы ўсіх 29 дэпутатаў дваццаць шостага склікання. Раённы Савет дэпутатаў прадстаўляюць людзі розных узростаў і прафесій. 25 дэпутатаў маюць вышэйшую адукацыю 4 – сярэдне-спецыяльную. Сярод дэпутатаў 11 жанчын, у саставе райсавета 7 работнікаў дзяржаўных органаў, 5 педагогаў, 3 работнікі аховы здароўя, 1 работнік культуры, 9 работнікаў сельскай гаспадаркі, па 1 прадстаўніку ад аддзела па надзвычайных сітуацыях, раёна электрычных сетак, цэха прыроднага і звадкаванага газу, дарожнага рамонтна-будаўнічага ўпраўлення. 14 дэпутатаў не з’яўляюцца дэпутатамі райсавета мінулага склікання.

Затым выбіраюцца сакратарыят і падліковая камісія, і дэпутаты пераходзяць да галоўнага пытання парадку дня – выбараў старшыні раённага Савета дэпутатаў дваццаць шостага склікання.
Слова даецца старшыні Гро-дзенскага абласнога Савета дэпутатаў А.М.Навумовічу. Ён павіншаваў дэпутатаў з іх выбраннем і прапанаваў унесці ў бюлетэнь для тайнага галасавання па выбарах старшыні Бераставіцкага раённага Савета дэпутатаў кандыдатуру М.В.Пісарыка, дэпутата ад Масалянскай выбарчай акругі №16, які за час работы ў Саветах зарэкамендаваў сябе старанным, ініцыятыўным работнікам. У падтрымку М.В.Пісарыка выступіў В.А.Піўко, дэпутат ад Грыцавіцкай выбарчай акругі №11.

Стршыня падліковай камісіі, дэпутат ад Ленінскай выбарчай акругі №5 А.А.Ганчарык паведаміў аб выніку тайнага галасавання. З 28 дэпутатаў, якія прынялі ўдзел у галасаванні, 28 прагаласавалі за М.В.Пісарыка. І прымаецца рашэнне аб выбранні яго старшынёй раённага Савета дэпутатаў.

Затым паўнамоцтвы вядзення сесіі перадаюцца М.В.Пісарыку, які шчыра падзякаваў дэпутатам за аказаны высокі давер. Сесія прыступае да разгляду іншых пытанняў парадку дня. Намеснікам старшыні раённага Савета дэпутатаў адкрытым галасаваннем выбіраецца дэпут ад Ленінскай выбарчай акругі №5 А.А.Ганчарык, начальнік Бераставіцкага раёна электрычных сетак філіяла Гродзенскага рэспубліканскага унітарнага прадпрыемства электраэнергетыкі “Гроднаэнерга” – Гродзенскія электрычныя сеткі.

Дэпутаты ўтварылі пастаянныя камісіі раённага Савета дэпутатаў і выбралі іх склад. Старшынямі пастаянных камісій выбраны:

па мандатах, законнасці, мясцоваму кіраванню і самакіраванню – В.А.Піўко;

па бюджэту, сацыяльных пытаннях, транспарту і жыллёва-камунальнай гаспадарцы – С.З.Сарасек;

па аграрных пытаннях, прамысловасці, будаўніцтву і ахове навакольнага асяроддзя – В.Э.Паўлюкевіч.

Для арганізацыі работы Савета, папярэдняга разгляду і падрыхтоўкі пытанняў на сесію ўтвораны прэзідыум раённага Савета дэпутатаў у складзе старшыні Савета, яго намесніка, старшынь пастаянных камісій, дэпутатаў Бераставіцкага раённага Савета дэпутатаў А.М.Вярышкі і Н.Р.Мышко.
Падрыхтавала Зінаіда Самкова
***

Старшыня раённага Савета дэпутатаў Міхаіл Віктаравіч Пісарык нарадзіўся ў 1958 годзе ў вёсцы Праснакі Копыльскага раёна Мінскай вобласці.

Мае вышэйшую адукацыю, у 1986 годзе з адзнакай закончыў Беларускі інстытут механізацыі сельскай гаспадаркі па спецыяльнасці механізацыя сельскай гаспадаркі.

Працоўную дзейнасць пачаў у 1974 годзе слесарам калгаса «Радзіма» Копыльскага раёна. Пасля службы ў радах Савецкой Арміі і заканчэння Беларускага інстытута механізацыі сельскай гаспадаркі працаваў галоўным інжынерам калгаса імя Гагарына Добрушскага раёна Гомельскай вобласці, галоўным інжынерам калгаса імя Леніна Бераставіцкага раёна Гродзенскай вобласці. З 2002 года па 2008 год узначальваў раённае унітарнае сельскагаспадарчае прадпрыемства «Масаляны». З красавіка 2008 года і па цяперашні час узначальвае Бераставіцкі раённы Савет дэпутатаў.

Жанаты, мае дваіх дзяцей.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *