Скрыпка Пятра Яфіміка. Пра што расказваюць экспанаты музея Вавёркі ў Вялікай Бераставіцы

80 лет Великой Победы Лента новостей

Сярод экспанатаў музея Вавёркі, прысвечаных Вялікай Айчыннай вайне, прыцягвае ўвагу музычны інструмент – скрыпка. Каларытны інструмент карыстаецца ў наведвальнікаў нязменнай цікавасцю. А пачутая ад экскурсаводаў гісторыя яго з’яўлення ў музеі прымушае суперажываць лёсу нашага земляка, які паклаў сваё жыццё на алтар перамогі.
… Юнак вельмі любіў музыку. І планы ў хлопца былі вялікія. Думаў паступіць у музычную навучальную ўстанову. Гэта было напярэдадні Вялікай Айчыннай вайны. Бацька, які бачыў шчырае імкненне хлопца да музыкі, не палічыўся з выдаткамі і набыў для яго скрыпку. І той, самавукам да ўсяго дайшоўшы, умеў на ёй сёе-тое сыграць. Гэта атрымлівалася даволі няблага, вяскоўцы ва ўсякім разе заўсёды з ахвотай і ўвагай слухалі свайго музыку-самавуку, а калі – дык нават і ў скокі пускаліся пад яго пакуль не вельмі мудрагелістую музыку.
Пачынаючы скрыпач быў родам з вёскі Гарбычы, а зваўся ён Пятром па прозвішчы Яфімік. Актыўным і цікаўным да ўсяго новага быў юнак. Ён адным з першых у вёсцы ўступіў у камсамол, спадзяваўся на светлае будучае. Але гэтага не здарылася. Чысты і росны чэрвеньскі ранак 1941 года апаліла вогненным дыханнем вайна.
Наступілі змрочныя дні і гады фашысцкай акупацыі. Не часта браў цяпер у рукі сваю скрыпку Пётр. Не да музыкі было. А калі ў 1944 годзе раён вызвалілі, Пётр Яфімік добраахвотнікам пайшоў на фронт. У сваіх рэдкіх пісьмах дамоў хлопец пісаў бацькам аб франтавым жыцці-быцці, баявых таварышах, мясцінах, дзе праходзіла іх вайсковая часць, запэўніваў, што хутка вернецца на родны парог з перамогай. Не выпала вярнуцца, асірацела хлопцава скрыпка-пявуння. У адным з жорсткіх баёў з фашыстамі варожая куля абарвала жыццё нашага вясковага музыкі. Здарылася гэта 4 красавіка 1945 года на беразе нямецкай ракі Одэр. Да перамогі, з якой ён абяцаў бацькам вярнуцца на парог роднай хаты, заставалася крыху больш за адзін месяц.
Там, на беразе Одэра, і пахаваны наш зямляк. А дома засталася яго скрыпка. Ці трэба казаць, якая дарагая гэта была рэліквія для родных, блізкіх! Але, калі вучні Кватарскай школы прыйшлі некалі ў дом Яфімікаў, каб папрасіць для школьнага музея франтавыя пісьмы сына-салдата, бацькі, падумаўшы, аддалі ім і Пятрову скрыпку. Так інструмент трапіў на музейныя паліцы.
У музеі Вавёркі скрыпка Пятра Яфіміка выстаўлена побач з гармонікам, перададзеным франтавіком М.Тоўкачам.
Увогуле, музычныя інструменты і песні былі вернымі спадарожнікамі салдат на вайне. Яны згуртоўвалі людзей, дапамагалі лягчэй пераносіць нягоды баявога жыцця, падымалі баяздольнасць і фарміравалі патрыятычны настрой. У кожнай роце былі запявалы, гарманісты і гармонік. Музыка суцяшала, надавала сілы, клікала на бой, усяляла веру ў перамогу.
Святлана Ганчарова,
фота аўтара



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *