Бераставіцкія заатэхнікі-селекцыянеры перамаглі ў абласным конкурсе па ўзнаўленні статка

Лента новостей

Абласны конкурс па ўзнаўленні статка прайшоў нядаўна на базе ААТ “Васілішкі” Шчучынскага раёна. Такія мерапрыемствы сталі добрай традыцыяй і даюць стымул работнікам жывёлагадоўлі для далейшых здабыткаў. Ад нас у конкурсе прыняў удзел дырэктар цэнтра генетыкі і селекцыі па Бераставіцкаму раёну Павел Буткевіч, а ў раённую групу ўвайшлі галоўны селекцыянер па буйной рагатай жывёле Іван Болбат і галоўны ветурач-гінеколаг цэнтра Леанід Пронін. Ад гаспадарак раёна было прадстаўленна звяно з СВК «Алекшыцы» на чале з Людмілай Заміроўскай. Яно ўжо перамагло ў раённым конкурсе, таму выйшла на абласны ўзровень. Удзельнічалі ў мерапрыемстве таксама заатэхнік-селекцыянер РУСП “Масаляны” Алена Анохіна, ветурач-гінеколаг СВП “АграМір” Сяргей Гутоўскі.
З усёй вобласці з’ехаліся паказаць сваё майстэрства лепшыя па прафесіі. Узнаўленне статка, раскрыццё генетычнага патэнцыялу буйной рагатай жывёлы – сур’ёзная задача для работнікаў жывёлагадоўлі. Іх уклад вельмі важны для развіцця сельскай гаспадаркі рэспублікі. У краіне павялічваецца экспарт малочнай прадукцыі, таму неабходна трымаць у полі зроку ўсё тое, што дапаможа аптымізаваць работу.
Камісія ў складзе вучоных Гродзенскага дзяржаўнага аграрнага ўніверсітэта, прадстаўнікоў РУСП “Гроднаплемпрадпрыемства” і іншых прымала да ўвагі паказчыкі за 2010 год і за гэты. Акрамя таго, веды і навыкі правяраліся на тэарэтычных і практычных экзаменах. Зразумела, што, нягледзячы на высокі прафесіяналізм і вопыт, людзі ўсё ж хваляваліся.
Пераможцам сярод дырэктараў цэнтраў стаў Павел Буткевіч. Сярод раённых груп па ўзнаўленні статка першае месца заваявала звяно нашага раёна. Сярод звенняў гаспадарак на першым месцы звяно СВК “Алекшыцы” (напрыклад, за 2010 год выхад цялят на 100 кароў там 95, за 9 месяцаў гэтага года – 70, што вышэй за сярэднеабласны ўзровень). А Алена Анохіна заняла першае месца сярод заатэхнікаў — селекцыянераў. Пераможцы ўзнагароджаны Ганаровымі дыпломамі, прызамі і грашовымі прэміямі.
Я пагутарыла з Людмілай Заміроўскай.
— Прымаўся да ўвагі таксама стаж работы, — адзначыла яна. — У мяне ён 13 гадоў, у нашага тэхніка-асеменатара Яна Эйсманта – 20, у ветурача-гінеколага Дзмітрыя Карпука – 7. Работа наша нялёгкая. Але перамаглі мы менавіта таму, што ў нас сапраўдная каманда. Шчыра дзякуем галоўнаму заатэхніку гаспадаркі Уладзіміру Карытцу, начальніку МТК Наталлі Трахімчык, яе памочніку Марыне Альшэўскай, загадчыкам МТФ Рэгіне Лашэвіч і Аляксандру Фартэлю. Калі я пачынала працаваць маладым спецыялістам пасля заканчэння ВНУ ў Зэльвенскім раёне, добрым надоем лічылася 4 тысячы кілаграмаў малака ад каровы. А зараз генетычны патэнцыял статка ў СВК “Алекшыцы” 8 тысяч 600. Пакуль надойваем 7 тысяч 600. Імкнемся яшчэ палепшыць паказчыкі, поў- насцю раскрыць генетычны патэнцыял. Для гэтага ў нас добрая кармавая база, жывёла правільна даглядаецца. Пасля конкурсу было цікава і пагаварыць з калегамі з іншых раёнаў вобласці. Добра наладжана селекцыйная работа таксама ў Гродзенскім, Мастоўскім раёнах.
Сардэчна віншуем нашых селекцыянераў з сапраўдным сузор’ем першых месцаў! Наперадзе рэспубліканскі конкурс у Віцебску. Моцнага ім здароўя, новых плённых здабыткаў і перамог!
На здымку: Павел Буткевіч; Людміла Заміроўская, Ян Эйсмант і Дзмітрый Карпук.

Ніна Наддэ



Теги:

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *