Першыя крокі ў прафесію маладога спецыяліста з Бераставіцкага раёна Таццяны Якімчык

Лента новостей

Зусім нямнога часу мінула з той пары, як маладыя спецыялісты змянілі студэнцкія аўдыторыі на свае першыя працоўныя месцы. І цяпер яны ўжо робяць самастойныя крокі ў прафесію, на практыцы рэалізуючы тое, чаму вучыліся ў вышэйшых і сярэдніх спецыяльных навучальных установах.
Як адчуваюць яны сябе ў новых умовах? Ці апраўдаліся іх чаканні? З якімі праблемамі сутыкнуліся? Гэтыя і іншыя пытанні мы абмяркоўваем з маладым спецыялістам Макараўскага дзіцячага сада — СШ Таццянай Якімчык.

— Таццяна Мікалаеўна, адкуль Вы прыехалі ў наш раён?
— Сама я родам з Мастоўскага раёна, закончыла Гродзенскі дзяржаўны ўніверсітэт імя Я.Купалы па спецыяльнасці “выкладчык нямецкай і англійскай мовы”, па размеркаванні накіравана ў школу ў Макараўцах, працую тут настаўніцай замежнай мовы ў 5 – 11 класах.
— Як Вас сустрэлі ў калектыве?
— Школай і калектывам я задаволена, сустрэлі мяне вельмі прыязна і добразычліва, адчуваецца падтрымка больш вопытных калег, якія гатовы заўсёды прыйсці на дапамогу, вырашыць узнікаючыя пытанні. У мяне ёсць нават свой “настаўнік”, які дапамагае асвойваць прафесію. Заўсёды можна звярнуцца за парадай да адміністрацыі школы, ды і з дзецьмі я знайшла агульную мову і разуменне. Сама школа таксама мне падабаецца – утульная, прыгожа адрамантаваная.
— Якая канкрэтная падтрымка аказваецца Вам як маладому спецыялісту?
— Дырэктар школы П.М.Панкевіч дапамог мне знайсці кватэру ў Макараўцах, мы здымаем пакой з яшчэ адным маладым спецыялістам, нам выплацілі пад’ёмныя, ажыццяўляецца штомесячная даплата як маладому спецыялісту. Адчуваецца, што мы не прадстаўлены самі сабе.
— Што самае цяжкае для Вас на першым часе ў прафесіі, а што прыносіць задавальненне?
— Самае цяжкае – гэта вялікая нагрузка на мяне як настаўніка замежнай мовы, працую амаль што на дзве стаўкі — 33 гадзіны замежнай мовы ў тыдзень. Таму трэба вельмі многа рыхтавацца да ўрокаў. Радуе тое, што веды ва ўніверсітэце нам далі трывалыя, і ў плане методыкі выкладання прадмета я не адчуваю асаблівых цяжкасцяў. Прыемна, калі бачыш, што вучні зразумелі матэрыял, засвоілі і будуць яго ведаць, гэта стымулюе настаўніка.
— А як праводзіце вольны час?
— Вольнага часу ў мяне практычна няма, падрыхтоўка да ўрокаў займае ўсе вечары. А калі і выдасца вольная хвілінка, люблю пачытаць кнігу ці проста пагляджу тэлевізар. Выйсці ў Макараўцах асабліва няма куды, на дыскатэкі тут хо-дзяць пераважна школьнікі. Таму ў выхадныя дні стараюся паехаць дамоў ці да сяброў у Гродна.
— Таццяна Мікалаеўна, як Вы лічыце, абавязковае размеркаванне дапамагае маладым спецыялістам ці наадварот?
— Адназначна і не скажаш. Вядома, калі ты сам знайшоў сабе месца працы, напрыклад, у горадзе, то ехаць у вёску не хочацца. Але з другога боку, без вопыту работы спецыялісты не вельмі патрэбны, і самастойна працаўладкавацца цяжка, а тут дзяржава гарантуе прадастаўленне першага працоўнага месца, дзе можна гэты вопыт набыць. Таму час абавязковага размеркавання трэба выкарыстаць па максімуму з карысцю. Я вырашыла атрымаць яшчэ адну вышэйшую адукацыю і ўжо паступіла ў гродзенскі філіял БДУ на спецыяльнасць “эканаміст з веданнем права”. Лічу, што ў жыцці ўсё спатрэбіцца, а чалавек з многа-профільнай адукацыяй больш запатрабаваны на рынку працы.
— Што б хацелі пажадаць другім маладым спецыялістам?
— Не баяцца вучыцца, звяртацца па парады да вопытных і кампетэнтных людзей, якія таксама калісьці пачыналі з першых крокаў і не заўсёды яны былі ўпэўненымі, а той хто хоча дабіцца сваёй мэты ў жыцці, павінен настойліва да яе ісці.

Ірына Міклаш



2 комментария по теме “Першыя крокі ў прафесію маладога спецыяліста з Бераставіцкага раёна Таццяны Якімчык

  1. А она пока не в курсе, что нельзя, молодой специалист ведь ))

  2. А как же джинсы в школе? Учителям можно?

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *