Піянеры Бераставіччыны адзначылі дзень нараджэння БРПА

Лента новостей Общественные объединения

13 верасня 1990 года ў рэспубліканскім піянерскім лагеры “Зубраня” прайшоў X злёт піянераў Рэспублікі Беларусь, на якім былі прыняты Статут, Дэвіз і Законы беларускіх піянераў, а сама піянерская арганізацыя Беларусі заявіла аб самастойнай дзейнасці. Гэты дзень стаў днём нараджэння Беларускай рэспубліканскай піянерскай арганізацыі і сёлета ён адзначаўся ўжо 21 раз.

На працягу многіх гадоў БРПА ўтрымлівае лідэрскія пазіцыі буйнейшага дзіцячага аб’яднання рэспублікі, налічваючы сёння ў сваіх радах больш за 588 тысяч чалавек.

Дапамагчы кожнаму піянеру стаць грамадзянінам, сваімі справамі і ўчынкамі прыносіць карысць сабе, сям’і, Радзіме – над гэтай мэтай працуе кожная арганізацыйная структура Беларускай рэспубліканскай піянерскай арганізацыі.

Бераставіцкая раённая арганізацыя ГА “БРПА” аб’ядноўвае ў сваім складзе 12 піянерскіх дружын, якія дзейнічаюць ва ўсіх школах раёна. Як паведаміла старшыня раённай арганізацыі Т.М.Таберка, на 1 верасня яна налічвае 1403 члена БРПА, у тым ліку 545 акцябрат і 858 піянераў. Гэта практычна 100-працэнтны ахоп дзяцей ва ўзросце ад 7 да 14 гадоў.

Асноўныя накірункі дзейнасці раённай арганізацыі БРПА – грамадзянска — патрыятычнае выхаванне, развіццё лідэрскіх якасцяў у маладых людзей, маральнае выхаванне дзяцей і падлеткаў. Беларускія піянеры адрадзілі цімураўскі рух, працягваюць добрыя традыцыі і ў той жа час рэалізуюць новыя праекты.

З найбольш цікавых, якія былі праведзены ў гэтым годзе, Таццяна Мікалаеўна назвала акцыі “Чудеса на Рождество”, “Наша піянерская праца табе, Айчына!”, “Гісторыя гальштука ў маёй сям’і”, конкурс агітбрыгад “Зажги костер добра», гульню “Пароль – акцябронак”, конкурс інавацыйна-адукацыйных праектаў “Медыяфэст”. Дарэчы, вучаніца гімназіі п.Пагранічны Кацярына Аўхіменя перамагла ў абласным этапе гэтага конкурсу з лепшым праектам “Медыя-азбука”, а актыў гуртка “Лідар” Канюхоўскага дзіцячага сада – СШ быў ўзнагароджаны дыпломам.

Наступны, 2012 год, будзе юбілейным для піянерскай арганізацыі – будзе адзначацца 90-годдзе піянерскага руху. Ужо запланаваны шэраг мерапрыемстваў да гэтай даты. Сярод іх – гульня “Піянербол”, раённыя конкурсы “Акцябрацкая зорачка”, “Піянер года” і шмат іншых.

А пакуль піянеры Бераставіччыны на працягу гэтага тыдня праводзілі мерапрыемствы да дня нараджэння сваёй арганізацыі: урачыстыя лінейкі і піянерскія зборы, гульнявыя праграмы, працоўныя акцыі, ускладалі кветкі да помнікаў загінуўшым. І вядома, не абышлося без урачыстага прыёму ў рады Беларускай рэспубліканскай піянерскай арганізацыі.

Ірына МІКЛАШ



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *