Узорны маладзёжны тэатральны калектыў «Сонейка» адзначаны дыпломамі за яркую ігру і лепшую ролю другога плана

Лента новостей

Узорны маладзёжны тэатральны калектыў «Сонейка» філіяла па культурна-дасугавай дзейнасці аг. М. Бераставіца прыняў удзел у XII абласным фестывалі ўзорных дзіцячых тэатральных калектываў “Слонімскія цудадзействы”. Нашы юныя артысты прадставілі на суд журы спектакль  “Мішкіны шышкі ” па п’есе Яфіма Чапавецкага і па выніках конкурсу былі адзначаны Дыпломамі “За яркае выканальніцкае майстэрства ” і “За ролю другога плана” .

«Сонейка» – калектыў з даўнімі тэатральнымі традыцыямі, закладзенымі звыш пятнаццаці гадоў таму яго мастацкім кіраўніком Любоўю Валейка. У абласным конкурсе дзіцячых тэатральных калектываў “Слонімскія цудадзействы” юныя артысты з Малой Бераставіцы ўдзельнічаюць амаль кожны раз і паспяхова.

Галоўная мэта конкурсу — гэта ўмацаванне ролі і папулярызацыя ўзорных тэатраў вобласці, падтрымка, стымуляванне і развіццё дзіцячай тэатральнай творчасці і стварэнне новых калектываў. Рэпертуар, якія дэманструецца ў рамках конкурсных дзён,  складаюць творы беларускай і замежнай класікі, аўтарскія спектаклі. Сёлета на трох слонімскіх пляцоўках – малой і вялікай сцэнах Цэнтра культуры і адпачынку і сцэне драматычнага тэатра – былі паказаны 10 спектакляў аматарскіх дзіцячых тэатральных калектываў з розных куткоў Гродзеншчыны.

«Мішкіны шышкі» – простая павучальная гісторыя, цікавая як маленькім гледачам, так і дарослым. Казка распавядае пра тое, як медзведзяня Міша страціў усіх сяброў з-за сваёй прагнасці. Забаўны Вожык, мілая Вавёрка, вясёлыя Зайчаняты  – усім дасталася ад нявыхаванасці маленькага медзведзяня. І невядома, чым магла скончыцца гэтая гісторыя, калі б у яе не ўмяшаўся мудры Папа-мядзведзь, які змог навучыць някемлівага сына сапраўднай дружбе і ўзаемапавазе.

Рэжысёр пастаноўкі Любоў Паўлаўна ўдала адаптавала п’есу Яфіма Чапавецкага пад дзіцячыя ролі, з ёй артысты ўжо неаднарозова выступалі і падчас конкурсу выглядалі на сцэне арганічна і ўпэўнена, эмацыянальна і шчыра. Пацверджанне гэтаму – станоўчая ацэнка кампетэнтнага журы на чале з загадчыкам кафедры рэжысуры, дацэнтам тэатральнага факультэта Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў, старшынёй экспертнай камісіі спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па падтрымцы таленавітай моладзі Віталем Катавіцкім і ўзнагарода Дыпломамі “За яркае выканальніцкае майстэрства ” і “За ролю другога плана”. Лепшай выканальніцай ролі другога плана стала Алеся Самойла. Дзяўчынка за сваю выдатную тэатральную ігру атрымала не толькі дыплом, але і падарунак – скейтборд. Віншуем нашых артыстаў і іх кіраўніка з паспяховым пераадоленнем новай творчай прыступкі!

Святлана Ганчарова, фота філіяла па КДД аг. М.Бераставіца

 

 



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *