«Гродзенскія традыцыі да свята Вялікадня»

Культура

Кірмаш пад такой назвай штогод праходзіць у Гродне напярэдадні велікодных святаў. У суботу, 13 красавіка, Савецкая плошча зноў сабрала рамеснікаў і майстроў з усёй вобласці. Бераставіцкі раён прад­стаўлялі работнікі аддзела рамёстваў і традыцыйнай культуры Тамара Касьян і Святлана Ляшкевіч з выставай велікодных дэкаратыўна-прыкладных твораў, а таксама ўдзельнікі праграмы “Дэфіле ў народных строях” Валянціна Капылец, Алег Зайцаў і метадыст па этнаграфіі і фальклору Леанід Панасевіч.

На абласным велікодным кірмашы традыцыйна можна было набыць усё неабходнае да святкавання Вялікадня, палюбавацца на сапраўдныя творы дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва, паўдзельнічаць у майстар-класах ад майстроў народнай творчасці.
Вырабы бераставіцкіх майс­троў карысталіся ў гасцей кірмаша нязменным попытам. Вербачкі, упрыгожаныя саломкай, пісанкі, вышыванкі ў выглядзе велікодных яек, тэматычныя выцінанкі, кошыкі і многае іншае ахвотна раскуплялі напярэдадні Вербніцы і Вялікадня.
У рамках кірмаша былі пад­ведзены вынікі абласной выс­тавы-конкурсу дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва “Ве­лі­кодны падарунак”, якая пра­водзілася Гродзенскім абласным метадычным цэнтрам народнай творчасці. Бераставіцкія майстры таксама ўдзельнічалі ў гэтым творчым спаборніцтве, прадставіўшы на суд журы велікодныя вербы (загадчык аддзела рамёстваў і традыцыйнай культуры Тамара Касьян), пано (майстар рамёстваў і промыслаў Анастасія Касьян) і паштоўкі (майстар рамёстваў і промыслаў Святлана Ляшкевіч). Тамара Мікалаеўна атрымала дыплом у намінацыі “За паспяховае эксперыментаванне з прыроднымі матэрыяламі”.
Упершыню на кірмашы адбыўся паказ традыцыйных касцюмаў з розных рэгіёнаў Гродзеншчыны “Дэфіле ў народных строях” і фальклорна-абрадавая праграма “Валачыліся валачобнікі” з дэманстрацыяй эпізода “Мода з куфра на Вялікдзень”.
На дэфіле быў прэзентаваны і бераставіцкі строй, работа па аднаўленні якога, як памятаюць нашы чытачы, была праведзена ў мінулым годзе. Бераставіцкія жаночы і мужчынскі касцюмы цяпер захоўваюцца ў Доме рамёстваў і даступныя шырокаму колу наведвальнікаў. А на паказе ў абласным цэнтры з яго адметнымі рысамі пазнаёміліся і жыхары Гродна. Апісанне асноўных элементаў бераставіцкага строю і дзейнасці па яго аднаўленні агучылі вядучыя са сцэны свята ў ліку іншых прэзентацый рэгіянальных народных касцюмаў.
Кірмаш у чарговы раз пра­дэманстраваў, якой спрыяльнай для творчасці з’яўляецца велікодная тэматыка – тэматыка самага любімага ў народзе свята Уваскрэсення Хрыстова.

Святлана Ганчарова, фота Леаніда Панасевіча



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *