Тыдзень устаноў дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі на Бераставіччыне быў насычаным

Лента новостей

З 3 па 10 верасня па ўсёй краіне прайшоў Тыдзень устаноў дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі – так з гэтага навучальнага года сталі называцца ўстановы пазашкольнага выхавання. Ён праводзіўся з мэтай фарміравання станоўчай грамадскай думкі аб ролі і значнасці ўстаноў такога тыпу ў нацыянальнай сістэме адукацыі.

У нашым раёне такой установай з’яўляецца Цэнтр творчасці дзяцей і моладзі, які дзейнічае ў г.п.В.Бераставіца.
На працягу тэматычнага Тыдня супрацоўнікі Цэнтра правялі шэраг мерапрыемстваў, каб пазнаёміць дзяцей і падлеткаў са сваёй установай і запрасіць іх да заняткаў у гуртках, якія працуюць на яе базе. А яны разнастайнай накіраванасці: дэкаратыўна — прыкладной і тэхнічнай творчасці, спартыўныя і турыстычна – краязнаўчыя, інтэлектуальнага развіцця, мастацкія і іншыя.
Пачаўся Тыдзень Днём адкрытых дзвярэй і выставай – прэзентацыяй творчых работ гурткоўцаў. Працавала таксама творчая майстэрня “Фантазія салёнага цеста” для вучняў Вялікабераставіцкай СШ, а 6 верасня супрацоўнікі Цэнтра правялі выязны дзень установы дадатковай адукацыі на базе Малабераставіцкай СШ, Паплаўскага дзіцячага сада – БШ і Вялікабераставіцкай СШ. Кіраўнікі гурткоў, якія ўжо не адзін год працуюць пры Цэнтры, А.А.Дручыніна, А.А.Сцефанкова і Т.М.Дудко ў вобразах усімі любімага Карлсана і двух вясёлых клоўнаў правялі шмат конкурсаў, віктарын, забаўляльных гульняў для школьнікаў, у цікавай форме прадставілі дзейнасць Цэнтра творчасці дзяцей і моладзі.
Дырэктар Цэнтра Л.В. Носка расказала аб гуртках, якія дзейнічаюць на яго базе, запрасіла да заняткаў у іх. Своеасаблівую рэкламу сваіх гурткоў правялі і іх кіраўнікі, якія прысутнічалі на гэтых сустрэчах.
У наступныя дні Тыдня прайшлі творча – гульнявая і святочна – гульнявая праграмы “Мы шукаем таленты” і “Мы – разам!”, круглы стол з удзелам кіраўнікоў гурткоў “Ініцыятыва. Інавацыя. Творчасць”.
Закончыўся Тыдзень устаноў дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі канцэртна – гульнявой праграмай “Музычная шкатулка”.
Ірына МІКЛАШ, фота аўтара



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *