Дыплом за ўдзел у “Казюках” атрымаў Бераставіцкі Дом рамёстваў

Культура Лента новостей

Калектыў Бераставіцкага Дома рамёстваў узнагарожданы дыпломам за актыўны ўдзел у міжнародным кірмашы “Казюкі-2019”, які сёлета стаў найбольш маштабным. 250 рамеснікаў з Беларусі, Польшчы, Літвы і Украіны дэманстравалі і прадавалі свае вырабы ў Гродна на Савецкай плошчы.
– Мы ўдзельнічаем у міжнародным кірмашы «Казюкі» практычна з часу яго стварэння, звыш 20 гадоў таму, – гаворыць загадчык аддзела рамёстваў і традыцыйнай культуры Бераставіцкага раённага цэнтра культуры і народнай творчасці Тамара Касьян. – Гэта стала для нас ужо свайго роду традыцыяй. Нашы вырабы і сувеніры – ад саломкі да керамікі – заўсёды запатрабаваныя ў аматараў ручнога рамяства, якія наведваюць гэтую папулярную выставу-кірмаш. Жыхары абласнога цэнтра ахвотна раскупляюць прапанаваную прадукцыю, удзельнічаюць у майстар-класах.
«Казюкі» даўно сталі неад’емнай часткай культурных традыцый Гродна. Арганізатары кірмашу – Гродзенскі гарвыканкам і Гродзенскі гарадскі аддзел Саюза палякаў на Беларусі. Падобныя кірмашы праводзяцца ў польскіх гарадах Беласток і Аўгустаў і літоўскім Вільнюсе.

Святлана Ганчарова



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *