У тыле ворага кавалі Перамогу

Лента новостей

Гады бягуць, як тая вада ў крынічцы. Сёлета Беларусь адзначае 75-годдзе вызвалення ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Шкада, але ў нашым раёне ўжо няма ў жывых удзельнікаў тых падзей. А ў 1970-ыя гады, калі я працаваў у раённай газеце, мне часта даводзілася сустракацца з ветэранамі, запісваць іх успаміны, якія потым размяшчаліся ў раённай газеце, у кнізе “Памяць”. Многае ў свой час расказаў мне Мікалай Васільевіч Шышкін, былы камандзір роты партызанскага атрада “Звязда”, сакратар Крынкаўскага падпольнага райкама камсамола. І аб тым, як папаў у палон, і як удалося вырвацца з яго, і аб суровых партызанскіх буднях. Вось аб чым расказваў, у прыватнасці, Мікалай Васільевіч:

— Шмат запамінальных падзей было ў маёй партызанскай біяграфіі. Але часцей за ўсе мне ўспамінаецца лістапад 1943 года і наш рэйд па тэрыторыі, якая цяпер належыць Лідскаму, Шчучынскаму і Мастоўскаму раёнам.
10 лістапада партызанскае злучэнне генерала Ф. Ф. Капусты, у складзе якога тады знаходзіўся наш атрад, фарсіравала раку Нёман ля вёскі Стукалы. 13 лістапада партызаны ўжо арудавалі на чыгуначнай лініі Ліда — Гродна. Народныя мсціўцы ўзарвалі больш за дзвесце рэек, разграмілі фашысцкую ахову. Да таго ж партызаны знішчылі яшчэ восем кіламетраў тэлефонна-тэлеграфнай лініі і мост на шашы Ліда – Гродна.
З’яўленне вялікай групы партызан у дагэтуль адносна спакойным нямецкім тыле і дзёрзкія дзеянні народных мсціўцаў выклікалі ў гітлераўцаў вялікую трывогу. Акупанты спешна пачалі перакідваць у раён нашага перамяшчэння сілы з навакольных гарнізонаў. Па нашых дадзеных, фашысты, каб расправіцца з намі, сабралі ў навакольных вёсках каля шасці тысяч салдат і афіцэраў. За кожным нашым рухам пільна сачылі варожыя разведчыкі, і партызанам часта прыходзілася ўступаць з імі ва ўзброеныя сутычкі. Каб адарвацца ад праследавання праціўніка, наша камандаванне рашыла даць бой у раёне вёсак Зенякі, Алешкаўцы і Рыбакі былога Васілішкаўскага раёна.
Баявыя дзеянні пачаліся ў 10 гадзін раніцы 14 лістапада. Першымі на прыступ пайшлі фашысты і іх прыспешнікі — адурэлыя ад самагону паліцэйскія і ўласаўцы. Ворагі былі ўпэўнены ў сваёй перамозе і ўпарта пачыналі атаку за атакай. I ўсё безвынікова. Да вечара фашысты страцілі каля двухсот салдат і афіцэраў.
3 наступленнем цемры партызаны пайшлі на прарыў праз варожыя парадкі і ўтрымліваемую фашыстамі дарогу Новы Двор — Бершты. Наша злучэнне штурмам авалодала ўчасткам дарогі, знішчыўшы пры гэтым яшчэ каля чатырох дзясяткаў фашыстаў. Зрабіўшы такім чынам праход у абароне праціўніка, наша партызанскае злучэнне зрабіла шматкіламетровы марш, і да раніцы 15 лістапада мы ўжо былі ў раёне вёскі Зубрава ў Рускай пушчы. А ў абед над вёскай з’явілася 12 нямецкіх самалётаў. На працягу некалькіх гадзін ляцелі бомбы на хаты і лес. Але партызанам авіяцыя ўрону не зрабіла — нас хавалі шаты векавой Рускай пушчы.
Лінію абароны мы занялі паміж хутарам Івачы і вёскай Зубрава. Тут у хуткім часе зноў разгарэліся жорсткія баі. Фашысты, відаць, думалі, што пасля налёту авіяцыі ад партызанскага злучэння мала што засталося, і ішлі ў поўны рост у «псіхічную» атаку. Але захліснулася першая, другая, трэцяя… шостая спроба спіхнуць нас з нашай лініі абароны. Бачачы, што лабавыя атакі нічога не дадуць, фашысты рашылі акружыць партызан. Становішча злучэння станавілася крытычным. Да таго ж на дапамогу праціўніку прыйшлі новыя сілы.
Вось тады наша камандаванне і прыняло рашэнне: з баямі прарваць блакаду і ісці ў кірунку добра знаёмай нам Ліпічанскай пушчы. Прарыў удаўся. А каб даць магчымасць партызанам адарвацца ад праціўніка, маёй і Сахі Гібадуліна ротам было загадана застацца прыкрываць адход злучэння. Мы манеўравалі сярод балот і лесу, пакрыху адыходзячы да аблюбаванай намі яшчэ раней вышыні. Там у дзве гадзіны ночы байцы нашых рот і сустрэлі фашыстаў шквальным агнём з усіх відаў зброі. Гэта так ацвярэзіла фашыстаў, што яны, адкаціўшыся назад, надоўга заціхлі. Якраз у гэты час прыйшло данясенне, што нашы таварышы ўжо ў бяспечным месцы і наша місія выканана. Мы паціху зняліся са сваіх рубяжоў і рушылі ўглыб пушчы. А наступную атаку на тую вышыню, як мы даведаліся пазней, фашысты прадпрынялі толькі ўранку, калі добра развіднела.
Такіх аперацый, калі партызаны выходзілі непераможнымі з самых здавалася б складаных сітуацый, было шмат у гісторыі партызанскага злучэння генерала Ф. Капусты і нашага атрада «Звязда», які працяглы час дзейнічаў як самастойная баявая адзінка ў тыле ворага. Што дапамагала лясным салдатам? У першую чаргу, сапраўды ўсенародная падтрымка. Цёплы куток і кусок хлеба нам прапаноўвалі ў кожнай хаце, дзе жылі сумленныя савецкія людзі. Шмат мы атрымалі ад насельніцтва і зброі. Малады хлопец Лёня Жвалеўскі з вёскі Канюхі, напрыклад, перадаў у атрад шмат боепрыпасаў, аўтамат, вінтоўку ды яшчэ і ручны кулямёт, які аказаўся нам вельмі дарэчы. Перадавалі нам зброю А. Мілашэўскі, М. Жук, К. Матыль з вёскі Жорнаўка і многія іншыя жыхары раёна.
Нам, партызанам, дапамагалі цемень ночы і гушчыня беларускіх лясоў. Дапамагалі знаёмыя і незнаёмыя сумленныя савецкія людзі, якія давалі нам самую дакладную інфармацыю аб колькасці, размяшчэнні і перамяшчэннях войск праціўніка.
I яшчэ мы былі моцныя сапраўды інтэрнацыянальнай дружбай. У складзе нашага партызанскага атрада «Звязда» на беларускай зямлі змагаліся людзі амаль дзесяці нацыянальнасцей. Многія з іх загінулі тут, цаной свайго жыцця набліжаючы час перамогі.
Першым нашым камандзірам атрада быў М. А. Казакоў, рускі па нацыянальнасці. Загінуў ён на тэрыторыі нашага раёна. Замяніў Казакова пасля яго смерці беларус I. С. Пупко, бясстрашны воін, здольны партызанскі камандзір. Смелым, знаходлівым разведчыкам быў чуваш Я. I. Ігнацьеў. Камандзір роты Сахі Гібадулін быў па нацыянальнасці башкір. Добра ваяваў і умеў працаваць з моладдзю наш партызанскі камсамольскі работнік паляк Станіслаў Мігурскі. Трапіўшы ў акружэнне, застаўся на беларускай зямлі і стаў партызанам украінец А. В Лысенка. Яўрэем па нацыянальнасці быў наш камісар С. Я. Шварцман. В. 3. Ажырэдаў быў родам з Алтайскага краю, П. Г. Братушкін — з Падмаскоўя, Мухамедаў — з Татарыі, М. В. Сьянаў — з Варонежскай вобласці. Разам з лепшымі сынамі і дочкамі беларускага народа за перамогу над фашызмам змагаліся прадстаўнікі ўсёй шматнацыянальнай сям’і народаў СССР. I яны, народныя мсціўцы, набліжалі жаданы час Перамогі.
Запісаў Мікалай Пацэнка



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *