Праца іх жыццёва неабходная

Лента новостей

Так гаворыць пра дзейнасць свайго дружнага і зладжанага калектыву начальнік Бераставіцкага цэха прыроднага і звадкаванага газу Анатолій Давыдзік. І гэта сапраўды так. Уявіце: як можна без газу ў сучасных умовах згатаваць сняданак або ацяпліць зімой памяшканні? Праца людзей гэтай прафесіі не вельмі навідавоку, але дае нам зручнасць і камфорт. Яна патрабуе і вялікай адказнасці, таму выпадковы чалавек тут не затрымаецца.
Галоўная задача цэха прыроднага і звадкаванага газу – забеспячэнне спажыўцоў раёна блакітным палівам і безаварыйная работа. Абанентаў прыроднага газу ў раёне зараз 4400, звадкаванага – 4390. За 8 месяцаў гэтага года рэалізавана 8 мільёнаў 950 тысяч кубаметраў прыроднага газу і 191,1 тоны звадкаванага. Пабудавана 2,6 кіламетра газаправоду. У населеных пунктах Кватары, Алекшыцы, Вялікія Эйсманты, Канюхі за 8 месяцаў забяспечаны прыродным газам 33 кватэры. Па раёне пераведзена са звадкаванага газу на прыродны 26 кватэр. Устаноўлена 85 бытавых лічыльнікаў, у 1198 кватэрах праведзена поўнае тэхнічнае абслугоўванне. Аварыйная служба выканала 1196 рамонтных заявак. Там працуе 15 чалавек, а ўзначальвае яе намеснік начальніка Галіна Якавіцкая. 251 кіламетр падземнага газаправоду і збудаванняў на ім абслугоўвае служба, якой кіруе майстар Людміла Машко. З такой жа адказнасцю ставяцца да працы работнікі службы па абслугоўванні газарэгулятарнага пункта, а ўзначальвае яе майстар Уладзімір Халамай. У полі іх зроку вялікі аб’ём работы. Свой уклад ў зладжаны ланцужок агульнай справы ўносіць звяно па абслугоўванні унутрыдамавога газавага абсталявання на чале з майстрам Андрэем Канецкім. Мантажом унутрыдамавога газаправоду і вулічных, заменай абсталявання, устаноўкай лічыльнікаў і далучэннем да дзеючага газаправоду займаецца звяно майстра Валянціна Швабы. За дастаўку балонаў і іх стан, а таксама тэхнічнае абслугоўванне аўтаранспарту адказвае служба механіка Сяргея Клімко. Аператар Людміла Буро абслугоўвае аўтагазазаправачны пункт. Людзі добрасумленна выконваюць свае абавязкі.
— Без газу няма жыцця, — вобразна гаворыць пра свой занятак, выбраны па прызванні, Анатолій Фёдаравіч.
Я поўнасцю з гэтым згодна. Работа газавікоў не дазваляе страчваць час, яна заўсёды тэрміновая і неабходная.
З нагоды прафесійнага свята Анатолій Фёдаравіч шчыра віншуе ветэранаў працы і свой калектыў. Ён ганарыцца, што на Дошцы гонару вытворчага рэспубліканскага унітарнага прадпрыемства “Гроднааблгаз” ёсць здымак слесара Віталія Цярэшкі, а на дошцы вытворчага ўпраўлення “Ваўкавыскміжрайгаз” — здымкі слесараў Аляксандра Карпуця і Віктара Малахава, вадзіцеля Сяргея Маржэвіча. Цёплыя словы павагі і ўдзячнасці за нялёгкую і адказную працу знайшліся ў яго ў адрас кожнага работніка. У моцнай камандзе ім пад сілу важныя задачы. Няхай спадарожнічаюць людзям моцнае здароўе, дабрабыт, бадзёры настрой, шчасце, доўгія гады жыцця, радуюць новыя працоўныя дасягненні на карысць іх сем’яў!
На здымках: працаўнікі Бераставіцкага цэха прыроднага і звадкаванага газу — аператар Людміла Буро і слесары Аляксандр Вырва і Аляксандр Карпуць; вадзіцель Аляксандр Кавальчук; слесар Віталій Цярэшка і вадзіцель Сяргей Ігнацюк.
Ніна Наддэ,
фота аўтара



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *