Чым запомнілася Вам гэта лета?

Лента новостей

Доўгачаканае лета адлічвае свае апошнія дзянькі. Мінаюць канікулы ў школьнікаў і студэнтаў, вяртаюцца з адпачынку адпускнікі. І ўжо хутка аб іх нам будуць напамінаць толькі летнія фотаздымкі, прывезеныя сувеніры ды яркія ўражанні, атрыманыя гэтай парой.
А чым асаблівым запомнілася гэта лета Вам? – з такім пытаннем я звярнулася да маладых людзей.

Святлана Карпук, вучаніца Вялікабераставіцкай СШ:
— Для мяне лета было не толькі часам адпачынку, але і сур’ёзнай парой першых школьных экзаменаў. Але пасля напружанага і адказнага чэрвеня я ўжо магла спакойна адпачыць і зрабіла гэта ў дзіцячым аздараўленчым лагеры “Зорка”, што размяшчаецца непадалёк ад Гродна, ля возера Юбілейнага. Адпачынак там быў яркім і запамінальным: мы наведвалі аквацэнтр, каталіся на катамаранах, у лагер прыязджалі з выступленнем артысты Гродзенскай філармоніі.
Таццяна Жлабовіч, старшы майстар — тэхнолаг Бераставіцкага масласырзавода:
— Мне лета прынесла самыя прыемныя эмоцыі: мая сям’я атрымала кватэру ў новым доме. Мы вельмі доўга гэтага чакалі, а цяпер нашы мары сталі рэальнасцю. Ужо амаль месяц мы жывём у новай трохпакаёвай кватэры і ніяк не нарадуемся. І хоць часамі прыходзілася цяжкавата, і гэта лета было для мяне і маёй сям’і напоўнена клопатамі, звязанымі з атрыманнем уласнага жылля, пераездам, я лічу гэтыя клопаты вельмі прыемнымі.
Ганна Галавач, навучэнка Ваўкавыскага педагагічнага каледжа:
– У ліпені мне пашчасціла правесці два тыдні адпачынку на Чорным моры. Гэта 14 дзён незабыўных уражанняў ад цёплага мора, гарачага пяску на пляжы, халодных медуз і шэпту марскіх хваль.
А яшчэ асаблівае захапленне выклікала наведванне турыстычнага комплексу “Гарадзенскі маёнтак “Каробчыцы”. Для мяне, як будучага спецыяліста турыстычнай сферы, такія паездкі вельмі карысныя, яны выклікаюць не толькі прыемныя эмоцыі, але і прафесійны інтарэс.
Алег Садаўнічы, выпускнік Вялікабераставіцкай СШ:
— Маё лета ў гэтым годзе выдалася працоўным. Пасля заканчэння школы і здачы экзаменаў я часова ўладкаваўся на працу грузчыкам на Бераставіцкі масласырзавод. І хоць гэта прафесія не з лёгкіх, я з работай спраўляюся, ужо атрымаў дзве зарплаты і даволі нядрэнныя, маю ўласныя грошы на свае патрэбы. Так што можна сказаць, што лета дало мне магчымасць поўнасцю адчуць сябе дарослым.

Ірына МІКЛАШ



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *