Яблыкі “едуць” на перапрацоўку

Лента новостей

Лета і восень – самая пара нарыхтовак вітаміннай прадукцыі на зіму. Гаспадыні ў хатніх умовах спяшаюцца ставіць уласныя “закаткі”. А прадпрыемствы спажывецкай кааперацыі актыўна вядуць нарыхтоўку дароў лесу, прадукцыі саду і агарода з тым, каб усю зіму ў продажы былі бульба, агуркі, цыбуля, морква, буракі, капуста і яблыкі.
Пра гэта сёння наша гутарка з начальнікам аддзела нарыхтовак філіяла аблспажыўтаварыства Валянцінай Міхайлаўнай Кардаш.

— Сёння самая масавая нарыхтоўка – закуп яблыкаў?
— Так. Пры плане 450 тон мы закупілі ўжо 350. Год, вядома, не самы на іх ураджайны, але яблыкаў у садах усё ж нямала. Так што план мы, несумненна, выканаем.
— Дзе ў раёне самыя “яблычныя” мясціны?
— Па-ранейшаму найбольш яблыкаў здаюць жыхары вёсак Ярмолічы, Жукевічы, Сінькі, Даўбянкі, Канчаны, данілкі, Пархімаўцы, Старынцы, Сямёнаўка, Пачобуты. Па заяўках насель-ніцтва на закуп іх адпраўляюцца нарыхтоўшчыкі Ніна Каскевіч і Наташа Леваненя. Машыны прысылаюць Гродзенскі кансервавы завод, вінаробныя заводы Слоніма, Дзятлава, ёсць дамоўленасць і з такім жа Навагрудскім прадпрыемствам.
— Колькі сёння каштуе кілаграм яблыкаў?
— Восемсот рублёў. Людзі ахвотна здаюць лішкі ўраджаю. Бо гэта добрая прыбаўка да сямейнага бюджэту.
— Што яшчэ сёння нарыхтоўваецца ў насельніцтва?
— Напрыклад, ягады чарнаплоднай рабіны. І закуплена яе ўжо многа – 5 тон пры плане 6. Заўважу, першы год насельніцтва так актыўна здае плады гэтай культуры. Магчыма таму, што цана добрая – 2800 рублёў за кілаграм. І ягады чырвонай рабіны нарыхтоўваем па 1600 рублёў, алычу ж – па 900.
— А дароў лесу колькі закуплена?
— Выканалі даведзены план па нарыхтоўцы чарніц – 20 тон, яны замарожаны і адпраўляюцца на экспарт. За мяжой добрым попытам карыстаюцца грыбы, у прыватнасці, лісічкі. Іх цяпер замарозілі 2 тоны.
— Валянціна Міхайлаўна, ці можам мы, пакупнікі, разлічваць на тое, што ў магазінах зможам купіць зімой неабходную агародніну, яблыкі, грушы?
— Вядома. Усяго будзе закладзена столькі, колькі неабходна для патрэб раёна: 60 тон бульбы і 41 тона іншай агародніны: морквы, буракоў, цыбулі, капусты… Сёння актыўна здаецца цыбуля, пачала паступаць морква, на падыходзе сталовыя буракі. Назапасім 15 тон капусты, у тым ліку тону квашанай, столькі ж замочым і яблыкаў – антонавак.
Паступае ўжо бульба, але масавая яе нарыхтоўка наперадзе.
Напомню, што і грыбы, і прадукцыю з саду, агарода вяскоўцам можна здаць на месцы, у любой гандлёвай кропцы філіяла аблспажыўтаварыства.
Гутарыла Марыя Драпеза



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *